Былы агент ФСБ, які жыве ў Вялікай Брытаніі, паведаміў пра атрыманьне пагроз

Брытанскія паліцыянты. Ілюстрацыйнае фота

Былы агент ФСБ Барыс Карпічкоў, які жыве ў Вялікай Брытаніі, паведаміў аб атрыманьні пагроз. Паводле Карпічкова, ён пачаў атрымліваць іх пасьля таго, як брытанскія ўлады паведамілі аб яго месцы жыхарства Латвіі ў 2019 годзе.

Рыга дамагалася яго экстрадыцыі, бо там Карпічкову прад’яўлены некалькі абвінавачаньняў па крымінальных артыкулах.

Паводле сьцьвярджэньня 62-гадовага Карпічкова, апошні ліст з пагрозамі ён атрымаў 2 студзеня. У тэксьце было сказана: «здраднікам накшталт цябе няма месца на Зямлі. Сьмерць ужо ў дарозе. Ты ўжо амаль мёртвы», — цытуе таблёід The Daily Mirror. У папярэднім паведамленьні адпраўніком быў указаны апэратыўны псэўданім былога агента ў расейскай выведцы. Зваротным адрасам былі названыя мясцовыя могілкі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Карпарацыя кілераў. Замежныя апэрацыі маскоўскіх чэкістаў

Карпічкоў — былы афіцэр КДБ Латвійскай ССР. Пасьля развалу Саюзу ён працаваў у камэрцыйных структурах і быў арыштаваны паводле падазрэньня ў махлярстве, затым яму прад’явілі абвінавачаньні ў незаконным праслухоўваньні.

Ён расказаў латвійскім спэцслужбам, што быў завэрбаваны ФСБ, пагадзіўся супрацоўнічаць з контравыведкай і ўцёк у Расею з-пад хатняга арышту. Адтуль ён неўзабаве зьехаў у Вялікую Брытанію, якая адмаўляецца выдаваць яго латвійскім уладам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрапейскі суд у правах чалавека: Расея нясе адказнасьць за забойства Літвіненкі

Карпічкоў заяўляў, што перажыў замах, а ў 2018 годзе расказаў, што яго папярэдзілі, што ён знаходзіцца ў сьпісе на ліквідацыю расейскімі спэцслужбамі разам зь Сяргеем Скрыпалём. У тым жа годзе Латвія выдала эўрапейскі ордэр на ягоны арышт.

Суд у Лёндане экстрадаваць яго адмовіўся. На слуханьнях было заяўлена, што Латвія, дамагаючыся яго экстрадыцыі, можа дзейнічаць у інтарэсах Масквы, — піша The Daily Mirror. Судзьдзя палічыла, што жыцьцю Карпічкова ў Рызе пагражае небясьпека.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Брытанія абвінаваціла трэцяга расейца па справе аб атручваньні Скрыпалёў
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея выслала двух нямецкіх дыпляматаў