Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Эўрапейскі суд у правах чалавека: Расея нясе адказнасьць за забойства Літвіненкі


Аляксандар Літвіненка
Аляксандар Літвіненка

Эўрапейскі суд у правах чалавека (ЭСПЧ) прызнаў Расею адказнай за забойства былога афіцэра ФСБ Аляксандра Літвіненкі ў 2006 годзе.

Як гаворыцца ў рашэньні суду, апублікаваным у аўторак, Расея адказная за атручэньне Літвіненкі радыяактыўным палёніем на тэрыторыі Вялікай Брытаніі ў 2006 годзе. Суд прыйшоў да высновы, што Андрэй Лугавы і Дзьмітрый Коўтун, датычныя, як мяркуецца, да забойства Літвіненкі, дзейнічалі як агенты расейскіх уладаў.

Суд вынес рашэньне па скарзе ўдавы Аляксандра Літвіненкі Марыі Картэр-Літвіненкі, пададзенай яшчэ ў 2007 годзе. Прэс-рэліз аб рашэньні апублікаваны на сайц ЭСПЧ.

Суд спасылаецца на вынікі брытанскага расьсьледаваньня гібелі Літвіненкі, які выявіў датычнасьць Лугавога і Коўтун да атручэньня былога супрацоўніка спэцслужбаў і крытыка прэзыдэнта Ўладзіміра Пуціна. Датычнасьць расейскіх уладаў да забойства суд ахарактарызаваў як prima facie, гэта значыць «самавідавочную». ЭСПЧ адзначыў, што расейскія ўлады не далі якіх-небудзь пераканаўчых тлумачэньняў, якія зьняпраўдзілі б брытанскую вэрсію падзеяў, а таксама самі не расьсьледавалі забойства належным чынам.

ЭСПЧ пастанавіў, што Расея парушыла права Літвіненкі на жыцьцё, а таксама не забясьпечыла належнае расьсьледаваньне ягонай гібелі.

У той час як дачыненьне Лугавога і Коўтуна да атручэньня была ўстаноўлена ў ходзе брытанскага расьсьледаваньня, якое ЭСПЧ выкарыстаў у якасьці доказу, Эўрапейскі суд дасьледаваў пытаньне, ці можна лічыць, што гэтыя людзі дзейнічалі на ўказаньне расейскіх уладаў, і прыйшоў да высновы, што гэта магчыма. На думку суду, няма ніякіх доказаў таго, што яны асабіста адчувалі да Літвіненкі непрыязнасьць. Таксама, дзейнічаючы без падтрымкі ўладаў, яны наўрад ці маглі б атрымаць доступ да палёнію.

Адмова Расеі супрацоўнічаць у расьсьледаваньні забойства таксама была прынятая да ўвагі. Пры гэтым ЭСПЧ ня высьветліў, хто менавіта прымаў рашэньне аб забойстве Літвіненкі і даваў Лугавому і Коўтуну ўказаньні (гэта і не ўваходзіла ў задачу суду).

Суд пастанавіў, што Расея павінна выплаціць удаве Літвіненкі 100 тысяч эўра ў якасьці кампэнсацыі, а таксама аплаціць судовыя выдаткі. Ён, аднак, адхіліў патрабаваньне выплаціць пацярпелай штрафныя страты. Марына Літвіненка патрабавала выплаты 3,5 млн эўра ў выглядзе штрафных стратаў — кампэнсацыі ў сувязі з асабліва абуральнымі дзеяньнямі парушальніка, а таксама з мэтай утрымаць яго ад зьдзяйсьненьня дзеяньняў, аналягічных тым, якія ляглі ў аснову пазову.

Расея ня будзе выконваць рашэньне Эўрапейскага суду ў правах чалавека (ЭСПЧ)). Пра гэта заявіў прэс-сакратар прэзыдэнта Расеі Дзьмітрый Пяскоў, перадае РБК.

«Мы не гатовыя прыслухоўвацца да такіх рашэньняў», — заявіў Пяскоў. Ён таксама заявіў, што вынікаў расьсьледаваньня гібелі Літвіненкі нібыта да гэтага часу няма, ЭСПЧ наўрад ці «валодае паўнамоцтвамі або тэхналягічнымі магчымасьцямі валодаць інфармацыяй аб гэтым».

«Таму рабіць падобныя сьцьвярджэньні [пра датычнасьць Расеі да гібелі Літвіненка], як мінімум галаслоўна», — сказаў Пяскоў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG