Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Брытанія абвінаваціла трэцяга расейца па справе аб атручваньні Скрыпалёў


Дзяніс Сяргееў
Дзяніс Сяргееў

Сьледзтва ў Вялікабрытаніі вылучыла абвінавачваньні ў датычнасьці да атручваньня Сяргея і Юліі Скрыпалёў у Солсбэры супраць трэцяга грамадзяніна Расеі.

Па дадзеных Скотленд-Ярда, гэта меркаваны супрацоўнік ГРУ (Галоўнае ўпраўленьне Генштаба, ваенная выведка) Дзяніс Сяргееў, які выкарыстаў дакумэнты на імя Сяргей Фядотаў. Як паведамілі прадстаўнікі брытанскай паліцыі, ён разам з раней абвінавачанымі ў атручваньні Скрыпалёў Анатолем Чапігам і Аляксандрам Мішкіным (яны ж Руслан Башыраў і Аляксандар Пятроў) непасрэдна ўдзельнічаў у апэрацыі ў Солсбэры ў 2018 годзе. У яе выніку былы афіцэр ГРУ Скрыпаль і ягоная дачка былі шпіталізаваны з моцным атручваньнем баявой атрутай «Навічок», аднак выжылі. Загінула грамадзянка Вялікабрытаніі, якая атруцілася «Навічком» праз некалькі месяцаў пасьля атручваньня Скрыпалёў, верагодна, выпадкова.

Пра Сяргея Фядотава, ён жа Дзяніс Сяргееў, першым паведамілі больш за два гады таму сьледчыя з групы Bellingсat. Яны ж першымі раскрылі меркаваныя рэальныя імёны Пятрова і Башырава. Двое людзей, якія прадставіліся Пятровым і Башыравым, тады зьявіліся ў эфіры RT і заявілі, што не труцілі Скрыпалёў, а прыяжджалі ў Солсбэры паглядзець на знакаміты сабор зь яго шпілем. З тых часоў яны не зьяўляліся на публіцы.

ВВС пазьней высьветліла, што Дзяніс Сяргееў носіць званьне генерал-маёра і служыць у ГРУ. Сьцьвярджаецца, што Сяргееў мог кіраваць дзеяньнямі падазраваных у атручваньні Скрыпаля.

Ён прыляцеў у Брытанію ў сакавіку 2018-га ў той жа дзень, што і «Пятроў» з «Башыравым». Сам ён у Солсбэры ня езьдзіў, а знаходзіўся ў момант атручваньня ў Лёндане. Паліцыя сьцьвярджае, што мае доказы таго, што ўсе трое расейцаў некалькі разоў сустракаліся ў Лёндане падчас іх кароткай паездкі. Раней пра гэта пісаў Bellingcat, спасылаючыся на дадзеныя білінгу мабільнага тэлефона Сяргеева. «Цяпер у нас ёсьць доказы, якія злучаюць іх з ГРУ», — заявілі ў брытанскай паліцыі. Як паведамляе ВВС, Сяргееву, як раней Чапігу і Мішкіну, завочна прад’яўлены шэраг абвінавачваньняў, у тым ліку ў змове з мэтай забойства.

Вядома таксама, што Сяргееў пад імем «Фядотава» некалькі разоў быў у Баўгарыі. Адзін зь візытаў супаў па часе з атручваньнем «Навічком» баўгарскага бізнэсоўца Емяльяна Гебрава. Ён бываў і ў Чэхіі разам з «Пятровым» і «Башыравым» — гэтых дваіх у краіне абвінавачваюць у дачыненьні да выбуху склада боепрыпасаў у 2014 годзе.

Прадстаўнік брытанскай паліцыі пацьвердзіў, што сьледзтва расьсьледуе і магчымае дачыненьне групы супрацоўнікаў ГРУ да злачынстваў за межамі Брытаніі.

  • 4 сакавіка 2018 году палкоўнік ГРУ Сяргей Скрыпаль, асуджаны ў Расеі за шпіянаж на карысьць Брытаніі, і ягоная дачка Юлія былі атручаныя нэрвова-паралітычным рэчывам «Навічок». Паводле вэрсіі Лёндана, да атручваньня датычная Расея, паколькі «Навічок» распрацоўвалі менавіта расейскія навукоўцы. Масква абвінавачваньні ў свой адрас адмаўляе.
  • Атручваньне Скрыпалёў і абвінавачваньні ў адрас супрацоўнікаў ГРУ прывялі да сурʼёзнага крызісу ў адносінах паміж Лёнданам і Масквой. Расія катэгарычна адмаўляе датычнасьць да атручваньня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG