Павал Сапелка лічыць, што папраўкі патрэбны толькі дзеля далейшага ўзмацненьня ціску на грамадзтва і парушэньня правоў.
«Што такое артыкул 193-1 КК у цяперашніх умовах? Гэта яшчэ адзін інструмэнт у руках дзяржавы для парушэньня правоў і свабод. Няхай там не такое жорсткае пакараньне, як па некаторых „пратэставых“ складах, але і самога факту крыміналізацыі правамерных дзеяньняў дастаткова, каб зьявілася яшчэ адна нагода адвольна затрымліваць, абшукваць і дапытваць сяброў і валянтэраў зьліквідаваных ці незарэгістраваных асацыяцый».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі ўхвалілі законапраект пра крымінальную адказнасьць за дзейнасьць у незарэгістраваных і зьліквідаваных арганізацыяхТакім чынам, як адзначае юрыст, выключаны з КК артыкул 193-1 вяртаецца праз два гады — у разгар рэпрэсій супраць грамадзянскай супольнасьці, ліквідацыі грамадзкіх аб’яднаньняў і іншых НДА.
«Гэта робіць дзейнасьць незарэгістраваных аб’яднаньняў, па сутнасьці, немагчымай і такім чынам абмяжоўвае права на свабоду асацыяцый. Увядзеньне крымінальнай адказнасьці паводле палажэньняў артыкулу 193-1 Крымінальнага кодэксу за законную сацыяльную мабілізацыю ў мэтах свабоды асацыяцый і сацыяльнага пратэсту або крытыку палітычнай улады ў выглядзе штрафу ці зьняволеньня несумяшчальнае з дэмакратычным грамадзтвам, у якім людзі маюць права выказваць сваю думку як індывідуальна, так і супольна зь іншымі».
Па словах юрыста, практыка паказвае, што арт. 193-1 хоць і адносіцца да злачынстваў, якія не нясуць вялікай грамадзкай небясьпекі, пакараньнем па ім часта было менавіта пазбаўленьне волі, прычым у справе «Партнэрства» ў 2006 годзе — аж да максымальнага тэрміну.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі зьбіраюцца завочна асуджаць апазыцыянэраў, якія выехалі з краіны ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Улады ліквідавалі яшчэ адну няўрадавую арганізацыю — Фонд разьвіцьця Берасцейскай крэпасьціЛіквідацыя недзяржаўных арганізацый у Беларусі
У красавіку 2021 міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой рахунак, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.
Зь сярэдзіны ліпеня адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў па ўсёй краіне. Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Па стане на канец 2021 году ўлады ліквідавалі як найменей 275 НДА, яшчэ шэраг — у працэсе ліквідацыі ці пад яе пагрозай.
Праз год пасьля пачатку масавага ціску, у ліпені 2022 году, стала вядома, што ўлады ліквідавалі або давялі да самаліквідацыі 857 недзяржаўных арганізацый. А маніторынг Lawtrend на канец 2022 году паказаў, што за два гады грамадзкі сэктар Беларусі пазбавіўся ня менш як 1102 некамэрцыйных арганізацый.
Адной з галоўных падзей стала ліквідацыя незалежных прафсаюзаў у краіне. Лідэрам арганізацый прысудзілі вялікія турэмныя тэрміны.
Сярод ліквідаваных арганізацый
- • Human Constanta
- • Беларуская асацыяцыя журналістаў
- • Беларускі Хэльсынскі камітэт
- • Гродна Лайф Медыя
- • Згуртаваньне беларусаў сьвету «Бацькаўшчына»
- • Зьвяно
- • Имена
- • Мова нанова
- • Офіс па правах людзей з інваліднасьцю
- • ПЭН-цэнтар
- • Прававая ініцыятыва
- • Саюз беларускіх пісьменьнікаў
- • Тэрыторыя правоў
- • Цэнтар прававой трансфармацыі
- • Экадом
- Таварыства беларускай мовы
- Дзіцячыя госьпісы ў Горадні і Віцебску
- Беларускі прафсаюз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасьці (РЭП)
- Свабодны прафсаюз Беларускі (СПБ)
- Беларускі незалежны прафсаюз (БНП)
- Беларускі кангрэс дэмакратычных прафсаюзаў (БКДП)