Пуцін: патрабаваньні РФ — не ўльтыматум, але Захад павінен даць на іх адказ

Уладзімір Пуцін на беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2021»

Прэзыдэнт Расеі Уладзімір Пуцін выступіў у аўторак у Маскве на пашыранай калегіі Міністэрства абароны. Гэта яго першы выступ пасьля публікацыі МЗС РФ патрабаваньняў так званых гарантыяў бясьпекі, адрасаваных ЗША і NATO

Як заявіў Пуцін, Расеі патрэбныя не вусныя, а пісьмовыя гарантыі.

Віну за цяперашні рост напружанасьці ў Эўропе ён усклаў на Захад. Пры гэтым Пуцін зьвярнуўся да гісторыі, абвінаваціўшы ЗША і іх саюзьнікаў, у прыватнасьці, у тым, што ў 1990-я гады яны нібыта падтрымлівалі сэпаратыстаў на Паўночным Каўказе і тэрарыстаў. Пуцін таксама заявіў, што NATO разгортвае ваенную інфраструктуру каля расейскіх межаў. «У выпадку працягу відавочна агрэсіўнай лініі заходніх калегаў мы будзем прымаць адэкватныя ваенна-тэхнічныя меры», — сказаў Пуцін, не прывёўшы падрабязнасьцяў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея ў праектах пагадненьняў з ЗША і NATO вымагае абавязаньня не прымаць Украіну ў альянс

Пры гэтым прэзыдэнт Расеі сказаў, што расейскае патрабаваньне гарантыяў не зьяўляецца ўльтыматумам, але краіны Захаду павінныя ў хуткім часе даць на іх «ясны адказ». «Узброеныя канфлікты — гэта ня наш выбар, мы хочам вырашаць пытаньні палітыка-дыпляматычнымі сродкамі», — сказаў Пуцін. Што зробіць Расея, калі Захад не прыме расейскія прапановы ці не адрэагуе на іх дастаткова хутка, ён не ўдакладніў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей: Беларусь гатовая разьмясьціць у сябе ядзерную зброю пры пагрозе з боку NATO

Міністар абароны Расеі Сяргей Шайгу ў сваім выступе на пасяджэньні калегіі міністэрства заявіў, што вайсковае супрацоўніцтва Ўкраіны і краінаў NATO зьяўляецца пагрозай для Расеі. Ён заявіў, што ў зоне канфлікту ў Данбасе нібыта знаходзяцца 130 байцоў нейкай амэрыканскай прыватнай вайсковай кампаніі, якія, паводле Шайгу, рыхтуюць правакацыю «зь хімічнымі кампанэнтамі».

Паводле міністра, у 2021 годзе баявыя магчымасьці расейскага войска «узрасьлі на 12,8%». Ён заявіў, што ў 2021 годзе першы ракетны полк у Расеі быў пераўзброены комплексамі «Авангард» з гіпэргукавымі крылатымі блёкамі. Таксама створаны асобны авіяцыйны полк са зьнішчальнікамі МіГ-31К, узброенымі гіпэргукавой ракетай «Кінжал».