«Сарваў тэрміны паставак — штраф». Ва Ўкраіне судзяцца за кампэнсацыі кантрактаў, сарваных з прычыны «палітычнай сытуацыі» у Беларусі

Ілюстрацыйная выява

Украінскія прадпрымальнікі і прадпрыемствы, якія не змаглі своечасова атрымаць зь Беларусі прадукцыю пасьля пачатку ў 2020 годзе масавых акцыяў пратэсту, цяпер праз суды спрабуюць давесьці сваю невінаватасьць у зрыве тэрмінаў паставак ці невыкананьні кантрактаў, каб пазьбегнуць вялікіх штрафных санкцый.

У Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны сьцьвярджаюць, што масавых зваротаў украінскіх прадпрымальнікаў па сэртыфікат аб форс-мажоры, які дазваляе пазьбегнуць штрафаў, не было. «Гэта такая юрыдычная калізія. Мы зьвярталіся да беларускага боку, але нам казалі, што там усе працуюць, няма локдаўну, таму няма і форс-мажору», — сказаў Свабодзе першы віцэ-прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны Міхайла Няпран.

Зрыў кантрактаў, вялікіх і малых

Як стала вядома Свабодзе, ва ўкраінскіх судах разглядаюць некалькі справаў аб спагнаньні штрафаў за зрыў тэрмінаў паставак ва Ўкраіну як аўтамабільнай тэхнікі і запчастак, так і харчоў.

Сярод апошніх выпадкаў — зрыў паставак рыбнай прадукцыі прыватнай прадпрымальніцай Людмілай Выпушчанка для адной з вайсковых частак Нацыянальнай гвардыі Ўкраіны. Суд пастанавіў спагнаць зь яе больш як 73,5 тысячы грыўняў (амаль 3 тысячы даляраў у эквіваленце) кампэнсацыі за зрыў тэрмінаў паставак і судовы збор.

Людміла Выпушчанка тлумачыла суду, што не змагла своечасова паставіць прадукцыю «ў сувязі з палітычнай сытуацыяй у Беларусі» — пастаўкі якраз мусілі адбыцца да 19 жніўня 2020 году. Але суд не прызнаў гэта форс-мажорнымі абставінамі, тым больш што яна ня мела і неабходнага ў такіх выпадках сэртыфікату Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны. Цяпер яна абскарджвае рашэньне суду.

Сёлета ў ліпені, таксама праз зрыў тэрмінаў беларускіх паставак, украінскі суд аштрафаваў больш як на 180 тысяч даляраў прыватную кампанію «Техімпекс», якая спэцыялізуецца на мадэрнізацыі і рамонце вайсковай тэхнікі для Ўзброеных сілаў і спэцыяльных падразьдзяленьняў для зоны баявых дзеяньняў на ўсходзе краіны і аховы дзяржаўнай мяжы. Кампанія не змагла своечасова атрымаць зь Беларусі дызэльныя рухавікі для выкананьня дзяржаўнай абароннай замовы.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінская кампанія ня выканала дзяржаўную абарончую замову праз спыненьне паставак зь Беларусі

Летась «Белкамунмаш» зьвярнуўся да гарадзкіх уладаў Краменчука, каб падоўжылі тэрміны пастаўкі тралейбусаў. Мусілі паставіць 8 адзінак, але праз «палітычную сытуацыю» тэрміны былі сарваныя. Што праўда, кантракт быў выкананы да канца 2020 году, хаця і са спазьненьнем.

Яшчэ адным рэхам палітычных падзеяў у Беларусі для крамянчуцкіх уладаў стала нявыплата Міністэрствам фінансаў Беларусі кампэнсацыі камісіі за крэдыт, атрыманы на закуп 10 аўтобусаў МАЗ у 2019 годзе.

Праблемы са своечасовымі пастаўкамі тралейбусаў «Белкамунмаш» былі і ў Жытоміры.

«У кантрактах мусяць быць запасныя варыянты»

Першы віцэ-прэзыдэнт Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны Міхайла Няпран кажа, што іхная арганізацыя найперш працуе з украінскімі пастаўшчыкамі прадукцыі ў Беларусь, а не зь Беларусі.

«Калі пачалося напружаньне ў эканамічных дачыненьнях між Беларусьсю і Ўкраінай, мы папярэдзілі ўкраінскі бізнэс, які вядзе справы зь Беларусьсю, каб яны былі гатовыя да магчымых ускладненьняў. Мы спрацавалі наперад і прапанавалі не падпісваць новыя ўгоды, а калі ўжо і падпісваць, то ў іх варта прадугледжваць магчымыя захады на той выпадак, калі могуць увесьці нейкія абмежаваньні», — кажа Міхайла Няпран.

Апроч таго, Гандлёва-прамысловая палата таксама рэкамэндавала ўкраінскаму бізнэсу абавязкова прадугледжваць магчымыя дзеяньні на выпадак увядзеньня санкцый ці то Ўкраінай у дачыненьні да беларускай прадукцыі, ці то Беларусьсю ў дачыненьні ўкраінскай прадукцыі.

Міхайла Няпран. Фота прэсавай службы Гандлёва-прамысловай палаты Ўкраіны

«Мы ўжо тады папярэджвалі, заклікалі і прапанавалі ўкраінскаму бізнэсу падрыхтавацца, каб гэта ня сталася раптоўна, і па магчымасьці перагледзець кантрактныя ўмовы, каб падоўжыць выкананьне (кантрактаў) і пазьбегнуць штрафных санкцый або прадугледзець нейкія запасныя варыянты», — дадаў Міхайла Няпран.

Паводле яго, па сэртыфікат у Гандлёва-прамысловую палату Ўкраіны зьвярталіся адзінкі прадпрымальнікаў. І найперш — экспартэры ў Беларусь, а не імпартэры беларускай прадукцыі ва Ўкраіну.

«У нас было літаральна два ці тры звароты па сэртыфікат (аб форс-мажоры). Асноўная частка бізнэсу цывільна вырашыла гэтыя пытаньні паміж сабой. Ведаю, што некалькі прадпрыемстваў зьвярталіся ў сувязі з тым, што з МАЗу нясвоечасова пастаўлялі шасі для вытворчасьці пажарнай тэхнікі. Праблема была ў тым, што, з аднаго боку, не было адгрузкі зь Беларусі, а з другога, не было нейкага афіцыйнага тлумачэньня прычын, чаму не было адгрузак. І форс-мажору афіцыйна не прызнавалі. Але былі пэўныя перабоі якраз тады, калі ў Беларусі былі „хваляваньні“, як тады гэта кваліфікавалі ў Беларусі», — патлумачыў Міхайла Няпран.

Ці скарачаецца гандаль гатовай прадукцыяй?

У Гандлёва-прамысловай палаце Ўкраіны сьцьвярджаюць, што дзелавая актыўнасьць паміж Беларусьсю і Ўкраінай скарачаецца. «Скажам, завод „Абалонь“, які быў адным з найбуйнейшых экспартэраў піва ў Беларусь, скараціў пастаўкі на 40%, і іх, па сутнасьці, выціскаюць зь беларускага рынку. І таксама па іншых пазыцыях», — кажа першы віцэ-прэзыдэнт Міхайла Няпран.

Паводле афіцыйнай статыстыкі Ўкраіны, прынамсі ў беларускіх пастаўках павялічылася частка сыравіннай прадукцыі, а гатовай — зьнізілася. У прыватнасьці, за дзевяць месяцаў 2021 году з 3,1 мільярда даляраў паставак зь Беларусі больш як 1,5 мільярда складаюць пастаўкі нафты або нафтапрадуктаў, атрыманых зь бітумінозных парод.

У Дзяржаўнай службе статыстыкі Ўкраіны адзначаюць, што ўзаемны абмен паслугамі між краінамі скараціўся, а ў гандлі таварамі Беларусь павялічыла пастаўкі ва Ўкраіну на 58,8%, а Ўкраіна ў Беларусь — на 12,9% у параўнаньні са студзенем—верасьнем 2020 году.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ЭЗ пачне працу над шостым пакетам санкцый супраць афіцыйнага Менску. Пяты ўхвалілі сёньня