Амбасадары Эўразьвязу толькі што далі зялёнае сьвятло пятаму пакету санкцый ЭЗ у дачыненьні да Беларусі, паведамляе эўрапейскі карэспандэнт Радыё Свабода Рыкард Юзьвяк.
2 сьнежня пакет будзе апублікаваны ў афіцыйным часопісе Эўразьвязу. Праца над шостым пакетам таксама ўжо пачалася, чакаецца, што ён можа быць гатовы ў студзені-лютым.
Напярэдадні ў распараджэньне Радыё Свабода патрапіў сьпіс тых, хто падпадаюць пад санкцыі.
Ігар Кручкоў, начальнік асобнай службы актыўных мерапрыемстваў спэцназу Дзяржаўнага памежнага камітэту;
Анатоль Лапо, генэрал-лейтэнант, кіраўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Рэспублікі Беларусь;
Канстанцін Моластаў, начальнік Горадзенскай памежнай групы;
Павал Харчанка, начальнік Полацкай памежнай групы;
Ігар Гутнік, начальнік Берасьцейскай групы аховы;
Аляксандар Давідзюк, кіраўнік Лідзкага памежнага атраду;
Максім Бутранец, кіраўнік Смаргонскага памежнага атраду;
Анатоль Глаз, прэс-сакратар МЗС Беларусі;
Сяргей Епіхаў, судзьдзя Менскага раённага суду;
Ігар Любавіцкі, судзьдзя Вярхоўнага суду Рэспублікі Беларусь;
Сяргей Гіргель, старшы пракурор Генэральнай пракуратуры;
Валянціна Кулік, судзьдзя Вярхоўнага суду;
Андрэй Пракапук, выканаўчы дырэктар у фінансавых расьсьледаваньнях Дзяржкантролю;
Ігар Маршалаў, дырэктар Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Дзяржкантролю;
Ганна Сакалоўская, судзьдзя Калегіі Вярхоўнага суду ў грамадзянскіх справах;
Марат Маркаў, кіраўнік тэлеканала АНТ;
Дзьмітры Карсюк, судзьдзя Цэнтральнага раённага суду Беларусі.
Кампаніі і арганізацыі, якія апынуцца пад санкцыямі:
авіякампанія «Белавія»;
турыстычная фірма «Цэнтаркурорт»;
турыстычнае агенцтва «Оскартур»;
гатэль «Мінск»;
гатэль «Плянэта»;
Асобная служба актыўных мерапрыемстваў (АСАМ);
авіякампанія Cham Wings Airlines (Сырыя);
пашпартна-візавы цэнтар VIP Grub (Турэччына);
«Гродна Азот» і ягоная філія «Гродна Хімвалакно»;
«Беларусьнафта»;
«Белшына».
Раней міністры замежных спраў краін Эўрапейскага Зьвязу зацьвердзілі крытэрыі новых санкцый, якія ўводзяцца ў адносінах да асоб і арганізацый, зьвязаных са стварэньнем міграцыйнага крызісу на межах Беларусі з ЭЗ.
Эўразьвяз абвінавачвае беларускія ўлады ў тым, што яны падахвочваюць тысячы мігрантаў прыяжджаць у Беларусь, а затым падштурхоўваюць іх перасячы мяжу Польшчы і іншых суседніх дзяржаў ЭЗ у адказ на санкцыі, уведзеныя супраць афіцыйнага Менску.