Лідэры ФРГ і Польшчы выказаліся за новыя санкцыі супраць Беларусі і Расеі

Матэвуш Маравецкі i Ангела Мэркель
Матэвуш Маравецкі i Ангела Мэркель

Ангела Мэркель, якая завяршае паўнамоцтвы на пасадзе канцлера ФРГ, лічыць, што Эўразьвяз павінен быць гатовы ўзмацніць санкцыі супраць Расеі ў выпадку пагаршэньня сытуацыі як на ўкраінскай, так і на беларуска-польскай мяжы.

З новымі заявамі Ангела Мэркель выступіла ў чацьвер на сустрэчы ў Бэрліне з прэм’ер-міністрам Польшчы Матэвушам Маравецкім. Яны абмяркоўвалі вострую сытуацыю на мяжы Польшчы зь Беларусьсю, зьвязаную са спробамі груп мігрантаў з краін Блізкага Ўсходу, у тым ліку з Іраку і Сырыі, прарвацца праз загараджальныя барʼеры, каб трапіць у ЭЗ.

  • Кіраўнікі ЭЗ і ЗША абвінавачваюць Маскву ў падтрымцы «гібрыднай кампаніі» Аляксандра Лукашэнкі, які, як мяркуюць на Захадзе, наўмысна распальвае міграцыйны крызіс на мяжы зь дзяржавамі ЭЗ, каб тым самым адпомсьціць за санкцыі. Таксама заходнія палітыкі занепакоеныя інфармацыяй аб расейскім вайсковым узмацненьні паблізу Ўкраіны, дзе ўжо восем гадоў працягваецца супрацьстаяньне ўрадавых сіл з прарасейскімі сэпаратыстамі, якія ваююць на Данбасе.
  • Раней паведамлялася, што лягеры на беларуска-польскай мяжы разьбілі тысячы мігрантаў і што структуры, якія падпарадкоўваюцца Лукашэнку, наўмысна звозяць людзей у прымежныя раёны. Афіцыйны Менск гэта катэгарычна адмаўляе, хоць дапускае, што хтосьці са «славянаў, якія маюць сэрца», проста дапамагае мігрантам з уласнай ініцыятывы.

У гэтых умовах, паводле слоў германскага канцлера, Польшча робіць усё магчымае. Мэркель, якую неўзабаве зьменіць на пасадзе Олаф Шольц, выказала «поўную салідарнасьць» з Варшавай у яе дзеяньнях, зьвязаных з крызісам на мяжы.

Маравецкі, у сваю чаргу, заявіў, што Польшча не паддасца «на палітычны шантаж», і адзначыў неабходнасьць для ЭЗ быць гатовымі да новых санкцый супраць атачэньня Лукашэнкі, у тым ліку ў гандлёвай сфэры. Як падкрэсьліў Маравецкі, Польшча абароніць Нямеччыну і іншых партнэраў па ЭЗ ад наплыву мігрантаў.

Раней Ангела Мэркель двойчы абмяркоўвала з Лукашэнкам праз тэлефон цяперашні міграцыйны крызіс, за што яе скрытыкавалі як у Нямеччыне, так і ў іншых краінах ЭЗ. Прадстаўнік ураду ФРГ Штэфан Зайбэрт у сувязі з гэтым казаў, што мэта перамоваў заключалася ў тым, каб палепшыць цяжкую гуманітарную абстаноўку на месцы, але тэлефонныя званкі не былі «актам легітымацыі» Лукашэнкі.

Наконт зьвестак пра расейскае вайсковае ўзмацненьне паблізу Ўкраіны Мэркель у чацьвер падкрэсьліла, што дээскаляцыя заўсёды лепшая за любое іншае разьвіцьцё падзей, і дадала, што «далейшая агрэсія і нападкі на сувэрэнітэт Украіны будуць мець высокую цану».

​
XS
SM
MD
LG