Financial Times: «На фармаваньне канчатковага сьпісу санкцый неабходна яшчэ некалькі тыдняў»

На беларуска-польскай мяжы

Брытанскае выданьне Financial Times піша 15 лістапада пра спрэчкі ў Эўразьвязе што да ўвядзеньня санкцый супраць аэрапорту Менску.

Эўразвяз разглядае магчымасьць прыняцьця санкцый супраць Нацыянальнага аэрапорту Менск з прычыны міграцыйнага крызісу на беларуска-польскай мяжы, піша Financial Times са спасылкай на свае крыніцы.

Паводле выданьня, абмежаваньні могуць увесьці таксама супраць 20 беларускіх службоўцаў, гатэлю «Менск» і сырыйскай авіякампаніі Cham Wings Airlines. Пляны па ўвядзеньні санкцый супраць гатэлю «Менск» зьвязаны з тым, што там разьмяшчаюць мігрантаў, сьцьвярджае Financial Times.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бурэль заявіў, што ЭЗ заўтра пашырыць санкцыі да Беларусі, і паразмаўляў з Макеем

Краіны ЭЗ на гэты момант не прыйшлі да адной думкі наконт таго, ці трэба ўводзіць абмежаваньні супраць аэрапорту Менску. Гэта зьвязана зь юрыдычнымі цяжкасьцямі.

Крыніцы FT адзначылі, што на фармаваньне канчатковага сьпісу санкцый неабходна яшчэ некалькі тыдняў, у гэты час ЭЗ будзе ўзгадняць свае дзеяньні з саюзьнікамі.

13 лістапада DW пісала, што пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ня будзе прыняты на пасяджэньні міністраў замежных спраў краін ЭЗ 15 лістапада. Замест гэтага яны ў гэты дзень зацьвердзяць юрыдычныя межы, неабходныя для ўвядзеньня санкцый за арганізацыю міграцыі праз тэрыторыю Беларусі ў ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

DW: Эўразьвяз не ўвядзе пяты пакет санкцый супраць рэжыму ў Беларусі 15 лістапада

Раней пра абмежаваньні з прычыны міграцыйнага крызісу на мяжы Польшчы і Беларусі расказваў Bloomberg. Паводле крыніц выданьня, улады Эўразьвязу абмяркоўваюць магчымасьць увядзеньня санкцый супраць расейскага авіяперавозчыка «Аэрофлот», а таксама авіякампаніі Turkish Airlines.

У «Аэрофлоте» заявілі, што інфармацыя аб удзеле або садзейнічаньні кампаніі ў арганізацыі масавай перавозкі мігрантаў у Беларусі «не адпавядае рэчаіснасьці». На афіцыйным сайце Turkish Airlines зьявілася заява аб тым, што абвінавачаньні ў адрас авіякампаніі «беспадстаўныя» і што яна ня мае дачыненьня да нелегальнага перамяшчэньня уцекачоў, у тым ліку празь Беларусь.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Белавія» заявіла, што спыняе перавозку грамадзян Іраку, Сырыі і Емэну на рэйсах з Дубаю ў Беларусь

Агенцтва Reuters раней пісала, што ЭЗ можа ўвесьці санкцыі супраць 30 фізычных і юрыдычных асобаў, у тым ліку супраць «Белавія», беларускіх чыноўнікаў, якія, як лічаць у Эўразьвязе, адказныя за прыбыцьцё мігрантаў да мяжы краін ЭЗ.

Сытуацыя на беларуска-польскай мяжы рэзка абвастрылася 8 лістапада. Тады да мяжы зь беларускага боку падышлі некалькі тысяч мігрантаў, якія жадаюць перабрацца ў Эўразьвяз. Памежнікам і вайскоўцам удалося іх спыніць, тыя разьбілі лягер у раёне населенага пункту Кузьніца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Экс-дарадца ўраду Расеі Андэрс Осьлюнд: Мэта санкцыяў — каб Лукашэнка сышоў, а не палепшыў свае паводзіны

Улады Польшчы, Латвіі і Літвы, якія сутыкнуліся зь міграцыйным крызісам летам гэтага году, увялі ў раёнах уздоўж мяжы зь Беларусьсю надзвычайнае становішча, таксама было прынята рашэньне аб будаўніцтве капітальнай загароды на мяжы. Аднак гэтыя захады не дапамагаюць. Сотні выхадцаў з Сырыі, Іраку ды іншых краін Блізкага Ўсходу працягваюць спробы перасячы мяжу.

Улады ЭЗ заяўляюць, што да перакідваньня мігрантаў маюць дачыненьне беларускія сілавікі і сваякі Лукашэнкі, і лічаць тое, што адбываецца, часткай «гібрыднай вайны», якую Беларусь вядзе з ЭЗ. Мігрантаў дастаўляюць у Менск пры дапамозе дзяржаўнай турыстычнай кампаніі, а на мяжу прывозяць у суправаджэньні сілавікоў. У сувязі з гэтым ЭЗ зьбіраецца прыняць пяты пакет санкцый супраць Беларусі.