DW: Эўразьвяз не ўвядзе пяты пакет санкцый супраць рэжыму ў Беларусі 15 лістапада

На беларуска-польскай мяжы
На беларуска-польскай мяжы

Рада Эўразьвязу 15 лістапада разгледзіць пытаньне санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі за арганізацыю міграцыі ў ЭЗ. Аднак сам пяты пакет санкцый будзе прыняты пазьней.

Пра гэта а спасылкай на карэспандэнта DW у Брусэлі паведамляе партал DELFI.

Пяты пакет санкцыяў супраць рэжыму Аляксандра Лукашэнкі ў Беларусі ня будзе прыняты на пасяджэньні міністраў замежных спраў краін ЭЗ 15 лістапада. Замест гэтага яны ў гэты дзень зацьвердзяць юрыдычныя межы, неабходныя для ўвядзеньня санкцый за арганізацыю міграцыі праз тэрыторыю Беларусі ў ЭЗ. Аб гэтым карэспандэнту DW заявіў высокапастаўлены чыноўнік ЭЗ.

У панядзелак Рада Эўразьвязу «прыме новыя крытэры для ўнясеньня фізычных або юрыдычных асоб у сьпіс санкцый у дачыненьні да Беларусі», адзначыў чыноўнік ЭЗ. Паводле яго слоў, падрыхтоўка гэтага рашэньня ўжо завершаная, хаця ён і ня выключыў, што да 15 лістапада ў дакумэнце нешта можа зьмяніцца.

«Новыя крытэры закрануць тых фізычных або юрыдычных асоб, якія садзейнічаюць трапляньню трэціх асоб у ЭЗ», — растлумачыў чыноўнік і дадаў: «Прапановы аб магчымых сьпісах ад дзяржаў ЭЗ ёсьць, але па іх у панядзелак, відавочна, рашэньня ня будзе».

Справа ў тым, што для ўвядзеньня санкцый Эўразьвяз спачатку павінен зацьвердзіць юрыдычныя рамкі. Цяперашнія ж прававыя дакумэнты прадугледжваюць, што абмежаваньні ўводзяцца за сур’ёзныя парушэньні правоў чалавека ў Беларусі, рэпрэсіі ў дачыненьні да грамадзянскай супольнасьці і дэмакратычнай апазыцыі, падрыў вяршэнства права або за падтрымку рэжыму Лукашэнкі.

У панядзелак гэтыя крытэры плянуюць пашырыць на тых, хто арганізуе незаконную перавозку або кантрабанду мігрантаў праз тэрыторыю Беларусі з мэтай іх перапраўкі ў ЭЗ. Толькі пасьля гэтага ў санкцыйныя сьпісы можна будзе ўносіць канкрэтных асоб і кампаній.

Паводле словаў крыніцы DW, пасьля пашырэньня крытэрыяў ён чакае хуткага прыняцьця саміх санкцый.

Для больш эфэктыўнага ўзьдзеяньня ЭЗ будзе каардынаваць новыя абмежавальныя меры зь іншымі краінамі, у прыватнасьці ЗША Вялікабрытаніяй, Канадай, дадаў чыноўнік.

​
XS
SM
MD
LG