Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Трэба біць па самых балючых месцах рэжыму». Сьвятлана Ціханоўская пра санкцыі, Расею і лёс чыноўнікаў пасьля Лукашэнкі


Сьвятлана Ціханоўская ў Бэрліне
Сьвятлана Ціханоўская ў Бэрліне

Сьвятлана Ціханоўская падчас свайго візыту ў Нямеччыну дала інтэрвію DW. Выбралі адтуль асноўнае сьцісла.

Нашыя любімыя там, у турмах, і нам здаецца, што нашмат больш можна было б зрабіць — уводзіць больш рашучыя санкцыі, прымаць больш рашучыя рэзалюцыі, больш гаварыць пра Беларусь на розных імпрэзах, часьцей запрашаць прадстаўнікоў дэмакратычнай Беларусі, напрыклад на сустрэчы G7 ці G20.

Беларусы працягваюць змагацца — цяпер хутчэй падпольна. Зразумела, што кошт удзелу ў мітынгах занадта высокі. Таму ўсярэдзіне краіны ствараюцца падпольныя арганізацыі, набірае сілу рабочы рух. Рэжым вельмі гэтага баіцца.

Ніякая новая канстытуцыя ва ўмовах такога беззаконьня нічога ня зьменіць. Але пад рэфэрэндум можна мабілізаваць людзей, заахвоціць іх да нейкага простага дзеяньня. І ад гэтага рэжыму страшна.

Хай зьехалі 200, 300, 400 тысяч. Дакладных зьвестак няма. А насельніцтва ў нас — дзевяць мільёнаў. Нават калі ўзяць толькі палову, то носьбіты пратэсту, вядома, ёсьць.

Людзі ў атачэньні дыктатара — людзі бізнэсу, чыноўнікі — таксама працуюць у жахлівых умовах. Працаваць насуперак, выконваць варʼяцкія загады — табе гэта не падабаецца. Ты таксама хацеў бы ўсё зьмяніць, але ня можаш, бо табе таксама страшнага — за сямʼю, за сябе. І гэтая незадаволенасьць расьце. І ў нейкі момант незадаволенасьць пераважыць.

Наша задача — калі дапусьціць, што Лукашэнкі няма — правесьці новыя сумленныя і справядлівыя выбары. Гэта транзытны пэрыяд, у які галоўнае — стабілізацыя сытуацыі ў краіне.

Усе чыноўнікі застаюцца на сваіх месцах. Нічога радыкальна не мяняецца. Мы рыхтуем новыя выбары, вылучаюцца кандыдаты. А потым, калі прыходзіць да ўлады новы прэзыдэнт, тады пачынаецца праца, рэформы, перастаноўкі.

І калі той амапавец, які не рабіў цяжкіх ці асабліва цяжкіх злачынстваў, то ён таксама трапляе пад стратэгію прымірэньня. Але тыя, хто нявечыў людзей, забіваў, катаваў у турмах, мусяць адказаць за свае ўчынкі перад сумленным справядлівым судом.

Цяпер абмяркоўваецца пяты пакет санкцый. Мы ня ведаем, што ў ім будзе. Мы лічым, што на рэжым могуць паўплываць толькі эканамічныя санкцыі. А індывідуальныя санкцыі носяць хутчэй толькі маральны характар. Трэба біць па самых балючых месцах рэжыму. Вось 9 сьнежня набудуць моц вельмі моцныя амэрыканскія санкцыі з другасным дзеяньнем.

Мне здаецца, што акурат таму цяпер адбываецца эскаляцыя зь мігрантамі — каб прымусіць Захад пачаць дыялёг з рэжымам.

Цяпер актыўнасьць расейскіх выказваньняў у падтрымку Лукашэнкі прыкметна зьнізілася. Зразумела, што ёсьць залежнасьць дыктатуры Лукашэнкі ад Крамля, занадта доўга два чалавекі ідуць поруч, узаемадзейнічаюць і супрацоўнічаюць. Але я думаю, што ў Крамлі разумеюць, якія перавагі і якія страты зьвязаныя з падтрымкай Лукашэнкі.

Мой сын ведае, што адбываецца і чаму мы выехалі. Для дачкі ўсё яшчэ працуе казка пра тое, што тата захрас у Беларусі праз каранавірус, перадае яму падарункі, піша лісты. Пакуль гэтага дастаткова. Яшчэ ня час для сурʼёзных размоў. Мы глядзім відэа з татам, успамінаем пра яго, плачам, думаем… Пакуль так.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG