Пяскоў: Лукашэнка не ўзгадняў з Крамлём заявы аб магчымым перакрыцьці транзыту газу ў Эўразьвяз

Дзьмітрый Пяскоў

Заявы Аляксандра Лукашэнкі аб магчымасьці перакрыць транзыт газу ў Эўропу не ўзгадняліся з Крамлём, заявіў журналістам у пятніцу прэсавы сакратар прэзыдэнта РФ Дзьмітрый Пяскоў.

Пра гэта інфармуе ТАСС.

«Не, яны ніяк ня ўзгодненыя», — адказаў Пяскоў на адпаведнае пытаньне.

«У дадзеным выпадку так, гэта наш саюзьнік, але гэта сувэрэнная дзяржава», — падкрэсьліў Пяскоў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

У Радзе Бясьпекі ААН рэжым Лукашэнкі назвалі пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці

Расея застаецца надзейным пастаўшчыком энэргарэсурсаў у Эўропу, незалежна ад дзеяньняў Беларусі, заявіў Пяскоў.

«Як бы каму гэта не падабалася, Расея заўсёды была, ёсьць і патэнцыйна будзе заставацца краінай – гарантам энэргетычнай бясьпекі эўрапейскага кантынэнту», — падкрэсьліў прадстаўнік Крамля.

«Безумоўна», — адказаў ён на ўдакладняльнае пытаньне, ці будзе РФ гарантам энэргетычнай бясьпекі ў Эўропе, незалежна ад дзеяньняў беларускага боку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Лукашэнка прыгразіў ЭЗ перакрыць трубаправод Ямал — Эўропа і загадаў падкінуць дроў мігрантам на мяжы

Напярэдадні Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам прыгразіў перакрыць у выпадку закрыцьця межаў зь Беларусьсю газаправод Ямал — Эўропа, матываваўшы гэта тым, што ня спыніцца ні перад чым дзеля «абароны сувэрэнітэту».

«Мы абаграваем Эўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамэндаваў думаць перш, чым гаварыць», — сказаў Лукашэнка.