У заяве, апублікаванай на сайце прадстаўніцтва ЗША ў ААН, рэжым Лукашэнкі названы пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці.
«Мы заклікаем беларускія ўлады спыніць гэтыя бесчалавечныя дзеяньні і не рызыкаваць жыцьцём людзей. Неабходна даць міжнародным арганізацыям неадкладны і бесьперашкодны доступ да людзей, якія знаходзяцца там, для дастаўкі гуманітарнай дапамогі», — гаворыцца ў заяве.
Прычынай разьвязваньня гібрыднай агрэсіі чальцы Рады Бясьпекі ААН лічаць жаданьне рэжыму Лукашэнкі адцягнуць увагу «ад яе ўласных парушэньняў правоў чалавека, якія ўзмацняюцца», і заклікаюць прыцягнуць Беларусь да адказнасьці.
«Гэта дэманструе, як рэжым Лукашэнкі стаў пагрозай рэгіянальнай стабільнасьці», — адзначаецца ў заяве.
Прадстаўнікі краін, якія падпісалі заяву, салідарныя з Польшчай і Літвой, а таксама заклікаюць да супрацоўніцтва «краіны паходжаньня і транзыту, каб перасьцерагчы сваіх грамадзян ад трапляньня ў пастку, зробленую беларускімі ўладамі».
Ад рэжыму ў Беларусі сябры Рады Бясьпекі ААН патрабуюць забясьпечыць і спрыяць адэкватнай абароне і сыходу мігрантаў.
«Мы падкрэсьліваем важнасьць прадухіленьня гуманітарнага крызісу і забесьпячэньня таго, каб мігранты, у якіх няма законнай падставы для пражываньня, маглі быць бясьпечна вернутыя ў краіну паходжаньня», — гаворыцца ў заяве.