Лукашэнка прыгразіў ЭЗ перакрыць трубаправод Ямал — Эўропа і загадаў падкінуць дроў мігрантам на мяжы

абноўлена
Від са спадарожніка на пункт пропуску «Кузьніца — Брузгі» на польска-беларускай мяжы. 10 лістапада.
Від са спадарожніка на пункт пропуску «Кузьніца — Брузгі» на польска-беларускай мяжы. 10 лістапада.

Аляксандар Лукашэнка на нарадзе з урадам даў новыя загады ў сувязі зь міграцыйным крызісам на беларуска-польскай мяжы.

Лукашэнка даручыў Міністэрству абароны, КДБ і Памежнаму камітэту кантраляваць перамяшчэньне войскаў NATO і Польшчы ля межаў Беларусі.

«Міністэрству абароны, КДБ, памежным войскам забясьпечыць кантроль за перамяшчэньнем войскаў NATO і Польшчы. Вы бачыце, што 15 тысяч ужо вайскоўцаў, танкі, бранятэхніка, верталёты паляцелі з самалётамі. Яны падцягнулі да нашай мяжы, прытым нахабна, не папярэдзіўшы нікога», — цытуе Лукашэнку БелТА.

  • Сытуацыя на мяжы Беларусі і Польшчы ўскладнілася ў панядзелак, 8 лістапада, калі да польскай мяжы зь беларускага боку прыйшлі тысячы мігрантаў. Урад Польшчы заявіў, што прыводзіць свае войскі ў поўную баявую гатоўнасьць.
  • 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца», непадалёк ад якога сабраліся мігранты.
  • Уначы з 9 на 10 лістапада дзьве групы мігрантаў прарваліся ў Польшчу.
  • Літва з 10 лістапада ўвяла рэжым надзвычайнага становішча ўздоўж мяжы зь Беларусьсю.
  • Выканаўца абавязкаў канцлера Нямеччыны Ангела Мэркель 10 лістапада правяла тэлефонную размову з прэзыдэнтам РФ Уладзімірам Пуціным, папрасіўшы яго паўплываць на Менск у сувязі з сытуацыяй зь мігрантамі на мяжы Польшчы і Беларусі.

Новыя санкцыі супраць Беларусі зьбіраюцца ўвесьці на пачатку наступнага тыдня.

Пра гэта заявіла кіраўніца Эўракамісіі Ўрсуля фон дэр Ляен пасьля сустрэчы з прэзыдэнтам ЗША Джо Байдэнам.

«Мы разгледзім магчымасьць прымяненьня санкцый да тых авіякампаній, якія садзейнічаюць гандлю людзьмі (human trafficking) у кірунку Менску і мяжы паміж ЭЗ і Беларусьсю», — дадала яна.

Лукашэнка пагражае закрыцьцём трубаправоду Ямал — Эўропа

Лукашэнка ў адказ на намер Эўразьвязу і ЗША пашырыць санкцыі заявіў, што заходнім палітыкам трэба «думаць перад гэтым», піша Інтэрфакс-Захад. Таксама ён прыгразіў перакрыць у выпадку закрыцьця межаў зь Беларусьсю газаправод Ямал — Эўропа, матываваўшы гэта тым, што ня спыніцца ні перад чым дзеля «абароны сувэрэнітэту».

«Мы абаграваем Эўропу, яны нам яшчэ пагражаюць, што закрыюць мяжу. А калі мы перакрыем прыродны газ туды? Таму я б кіраўніцтву Польшчы, літоўцам і іншым безгаловым парэкамэндаваў думаць перш, чым гаварыць».

Аднак апошнім часам сама Расея зьмяншае пастаўкі ў Эўропу па гэтым трубаправодзе, паколькі зьявіўся іншы — «Паўночны паток – 2», які ідзе ў абыход Беларусі.

У чым Польшча вінаваціць Лукашэнку?

Польшча абвінавачвае ўлады Беларусі ў наўмыснай арганізацыі каналу для перапраўкі мігрантаў у Эўразьвяз. Прэзыдэнт Польшчы Анджэй Дуда выступіў з прапановай забараніць палёты ў небе краінаў ЭЗ для авіякампаній, якія дастаўляюць мігрантаў у Беларусь.

Прэсавы прадстаўнік польскага ўраду Пётар Мюлер адзначыў, што беларускія сілавікі могуць узброіць асобных мігрантаў, каб гарантаваць працяг правакацый на мяжы і затым гаварыць, што ўлады ў Менску ня маюць да гэтага дачыненьня.

У сувязі з гэтым польскі бок разглядае магчымасьць поўнай блякады беларускай мяжы, сказаў Мюлер. Урад праводзіць дыскусію, ці падаваць прэзыдэнту Анджэю Дуду на зацьвярджэньне хадайніцтва аб новым надзвычайным становішчы. Папярэдняе скончыцца 1 сьнежня, і пакуль няма перадумоваў сьцьвярджаць, што крызіс скончыцца ў тры наступныя тыдні.

Ад 9-й гадзіны 9 лістапада Польшча закрыла памежны пераход «Кузьніца» на мяжы зь Беларусьсю.

Рэакцыя ЗША

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў у сераду, што Злучаныя Штаты «рашуча пярэчаць» «ідэі выкарыстаньня Беларусьсю міграцыі ў якасьці зброі» супраць суседніх дзяржаваў.

Ён падкрэсьліў, што ЗША будзе ціснуць на рэжым Лукашэнкі, пакуль ён «адмаўляецца выконваць свае міжнародныя абавязаньні ці абяцаньні, падрывае сваімі дзеяньнямі мір і бясьпеку ў Эўропе і працягвае рэпрэсіі і парушэньні грамадзянскіх правоў».

Паводле яго слоў, у лягер мігрантаў нібыта спрабуюць перакінуць зброю і боепрыпасы, каб справакаваць канфлікт. Ён даручыў міністэрству замежных спраў «жорстка ўздымаць адпаведныя пытаньні» ў ААН і іншых міжнародных структурах.

Таксама Лукашэнка даручыў дадаткова зьвярнуць увагу на дапамогу мігрантам на мяжы, у прыватнасьці забясьпечыць іх дровамі.

​
XS
SM
MD
LG