Лукашэнка падпісаў інтэграцыйны дэкрэт, Пуцін назіраў па відэасувязі з Севастопаля

Інтэграцыю зь Беларусьсю Ўладзімір Пуцін ухваліў зь Севастопаля

Аляксандар Лукашэнка падчас пасяджэньня вышэйшага дзяржаўнага савету так званай «саюзнай дзяржавы» падпісаў дэкрэт «Аб асноўных напрамках рэалізацыі палажэньняў дамовы аб стварэньні саюзнай дзяржавы на 2021–2023 гады».

Паводле афіцыйных СМІ, мерапрыемства праводзілася ў рэжыме відэаканфэрэнцыі, дакумэнт папярэдне «завізаваў» прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 20 гадоў размоваў пра інтэграцыю Расеі і Беларусі. Што адбываецца

Удакладняецца, што ў аснову палажэньняў дамовы пакладзены пакет з 28 саюзных праграмаў, якія стануць «трамплінам для паглыбленьня інтэграцыі».

Паводле ацэнак беларускага боку, прамы эфэкт ад рэалізацыі інтэграцыйнага пакету для Беларусі прагназуецца ў росце ВУП прыкладна на 1 млрд даляраў, ня лічачы дадатковых магчымасьцяў на расейскім рынку.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Дарожныя мапы інтэграцыі — гэта пра эканоміку, а не пра палітыку». Меркаваньне экспэрта

Адпачатку анансавалася, што дзеля гістарычнай дзеі расейскі лідэр прыбудзе ў Менск. Але замест гэтага ён выправіўся ў анэксаваны Крым — у Севастопалі адбываліся імпрэзы ў рамках Дня народнага адзінства.

Лукашэнка, як перадае ягоная прэс-служба, папрасіў расейскага калегу «перадаць крымчанам самыя цёплыя віншаваньні ад беларусаў і пажаданьні мужнасьці ў гэты няпросты час».

«Яны павінны разумець, што не адны. Усе мы побач і будзем трымацца адзін за аднаго і дапамагаць у гэтыя няпростыя часы», — запэўніў ён.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўнік беларускай грамады Крыму: «Цудоўна было б, калі б Лукашэнка сюды прыехаў»

Акрамя таго, Пуцін і Лукашэнка зацьвердзілі ваенную дактрыну саюзнай дзяржавы, а таксама абмеркавалі прапанову аб агульнай сымболіцы.

Што было раней

  • У траўні амбасадар Беларусі ў Расеі Ўладзімер Сямашка расказаў, што маецца на ўвазе пад «дарожнымі мапамі» (першапачаткова іх фігуравала 31): «Гэта плян дзеяньняў, кірункаў — адзіная прамысловая і аграрная палітыка, адзіны рынак нафты, газу, электраэнэргіі і г. д. Пад усё трэба падвесьці заканадаўчую базу — і ў Беларусі, і ў Расеі».
  • 9 жніўня Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Беларусь і Расея з ініцыятывы Ўладзіміра Пуціна адмовіліся ад некаторых «дарожных мапаў», дзе вялася гаворка аб палітычнай інтэграцыі. Засталіся 28 агульных пунктаў.
  • Пазьней прэм'ер-міністар Раман Галоўчанка ўдакладніў, што некаторыя «дарожныя мапы» маюць на ўвазе падпісаньне не аднаго міжурадавага пагадненьня, а цэлага пакету дакумэнтаў. Самая складаная задача — уніфікацыя падатковага і мытнага заканадаўстваў, на што можа спатрэбіцца 2–2,5 года.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Апублікавалі сьпіс праграм «саюзнай дзяржавы», якія плянуюць падпісаць 4 лістапада. Што ў іх?