Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Апублікавалі сьпіс праграм «саюзнай дзяржавы», якія плянуюць падпісаць 4 лістапада. Што ў іх?

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі з Уладзімірам Пуціным
Аляксандар Лукашэнка падчас прэсавай канфэрэнцыі з Уладзімірам Пуціным

Сёньня ў Менску іх ухваліў Савет міністраў «саюзнай дзяржавы».

«Дзесьці, па-мойму, 4 лістапада, у Дзень народнага адзінства Расеі, мы правядзём гэтае мерапрыемства — Вышэйшы дзяржсавет», — сказаў Лукашэнка на сустрэчы з старшынём Сьледчага камітэту Расеі Аляксандрам Бастрыкіным.

На пасяджэньні плянуецца зацьвердзіць праграмы «саюзнай дзяржавы», узгодненыя 9 верасьня на сустрэчы з Пуціным. Да гэтай даты іх дашліфуюць і прымуць урады абедзьвюх краін, адзначыў Лукашэнка.

«У гэтым кірунку ўжо пачатая сурʼёзная праца. Трэба перавярнуць цэлы пласт унутранага заканадаўства, каб прыстасаваць да гэтых дамоўленасьцяў. І асабліва нашыя міждзяржаўныя дамовы — яны таксама павінны адпавядаць нашым дамоўленасьцям», — сказаў Лукашэнка.

10 верасьня ў Менску Савет міністраў «саюзнай дзяржавы» ўхваліў 28 саюзных праграм і асноўныя кірункі стварэньня «саюзнай дзяржавы» да 2023 году, паведаміў сайт расейскага ўраду.

Якія кірункі інтэграцыі ўхвалілі

Банкі і грошы

1. Збліжэньне макраэканамічнай палітыкі.

2. Гарманізацыя грашова-крэдытнай палітыкі і рэгуляваньня фінансавых рызыкаў

3. Гарманізацыя валютнага рэгуляваньня і валютнага кантролю

4. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне інфармацыйнай бясьпекі ў фінансавай сфэры

5. Гарманізацыя нормаў рэгуляваньня крэдытных і некрэдытных фінансавых арганізацый, а таксама фінансавага рынку ў цэлым, уключна з забесьпячэньнем стварэньня адзіных прынцыпаў страхаваньня ўкладаў

6. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне супрацьдзеяньня легалізацыі (адмываньню) грашовых сродкаў і фінансавага тэрарызму (супрацьдзеяньня адмываньню даходаў і фінансаваньню тэрарызму) для фінансавага сэктару

7. Інтэграцыя плацёжных сыстэмаў у галінах

  • нацыянальных сыстэмаў плацёжных картаў,
  • сыстэмаў перадачы фінансавых паведамленьняў і разьлікаў,
  • укараненьня міжнароднага стандарту фінансавых паведамленьняў ISO 20022,
  • сыстэмы хуткіх плацяжоў,
  • разьвіцьця фінансавых тэхналёгій,
  • гарманізаваных падыходаў у галіне нагляду і назіраньня за плацёжнымі сыстэмамі

Гандаль і кантроль за таварамі

8. Гарманізацыя патрабаваньняў у галіне абароны правоў спажыўцоў фінансавых паслуг і інвэстараў, а таксама прадухіленьня нядобрасумленных практык на фінансавым рынку

9. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў што да адсочвальнасьці тавараў

10. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў маркіроўкі тавараў

11. Гарманізацыя падатковага і мытнага заканадаўства і супрацоўніцтва ў мытнай сфэры. Будзе створаны Камітэт саюзнай дзяржавы ў падатковых пытаньнях

12. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў дзяржаўных кантрольных органаў у частцы вэтэрынарнага і фітасанітарнага кантролю

Транспарт

13. Інтэграцыя інфармацыйных сыстэмаў транспартнага кантролю дзяржаўных кантрольных органаў

14. Уніфікацыя рэгуляваньня транспартнага рынку

Нафта, газ, электраэнэргія

15. Фармаваньне абʼяднанага рынку газу. (З тэрмінамі плянуюць вызначацца да 1 сьнежня 2023 году)

16. Фармаваньне абʼяднаных рынкаў нафты і нафтапрадуктаў

17. Фармаваньне абʼяднанага рынку электрычнай энэргіі

18. Разьвіцьцё атамнай энэргетыкі

Гаспадарка і дзяржзакупкі

19. Фармаваньне адзінай аграрнай палітыкі

20. Фармаваньне адзінай прамысловай палітыкі

21. Увядзеньне адзіных правілаў доступу да дзяржаўнай замовы і дзяржаўных закупак

Правы спажыўцоў і канкурэнцыя

22. Адзіныя правілы ў галіне абароны правоў спажыўцоў плянуюць прыняць да канца 2022 году

23. Адзіныя правілы канкурэнцыі

24. Уніфікацыя патрабаваньняў да арганізацыі і ажыцьцяўленьня гандлёвай дзейнасьці

Сувязь, турызм, справаздачнасьць, занятасьць

25. Фармаваньне адзіных прынцыпаў функцыянаваньня адзінага рынку сувязі і інфарматызацыі

26. Уніфікацыя рэгуляваньня бухгальтарскага ўліку і складаньня бухгальтарскай (фінансавай) справаздачнасьці

27. Уніфікацыя заканадаўства ў сфэры турысцкай дзейнасьці

28. Правядзеньне ўзгодненай палітыкі ў сацыяльна-працоўнай сфэры

Урады Беларусі і Расеі «адзначылі цьвёрды намер не спыняцца на дасягнутым».

Што было раней

Пятая за 2021 год сустрэча двух палітыкаў прайшла 9 верасьня ў Маскве. Яна доўжылася 3,5 гадзіны. Пасьля сустрэчы Ўладзімір Пуцін і Аляксандар Лукашэнка выступілі на прэс-канфэрэнцыі.

Пуцін паведаміў, што на перамовах з Лукашэнкам былі ўзгодненыя 28 праграм па далейшым паглыбленьні інтэграцыйных працэсаў паміж дзьвюма краінамі.

«Гаворка ідзе пра 28 так званых саюзных праграм, якія накіраваныя на ўніфікацыю заканадаўства Расеі і Беларусі ў розных галінах эканомікі, на выраўноўваньне ўмоў дзейнасьці гаспадарчых суб’ектаў дзьвюх краін, пабудову адзіных фінансавых і энэргетычных рынкаў, транспартнай прасторы, фармаваньне і рэалізацыю агульнай прамысловай і сельскагаспадарчай палітыкі», — растлумачыў Пуцін.

Пра што канкрэтна дамовіліся Пуцін і Лукашэнка:

  • цана на расейскі газ для Беларусі на 2022 год захаваецца на ўзроўні 2021 году;
  • да 1 сьнежня 2023 году будзе падпісана дамова аб абʼяднаньні рынку газу;
  • Пуцін і Лукашэнка дапусьцілі магчымасьць стварэньня адзінай абароннай прасторы;
  • заплянавалі стварэньне адзінага рынку нафты і нафтапрадуктаў, а таксама падпісаньне дамовы аб адзіным рынку электраэнэргіі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG