Як паведамляе «Наша Ніва», скаргі на ўмовы ўтрыманьня на Акрэсьціна былі накіраваныя адразу ў некалькі інстанцый: у Генэральную пракуратуру, Менскую гарадзкую пракуратуру, у дэпартамэнт фінансаў і тылу МУС РБ, у Рэспубліканскі цэнтар гігіены і эпідэміялёгіі і ў ГУУС Менгарвыканкаму.
У дэпартамэнце фінансаў і тылу МУС адказалі ляканічна: «Факты не знайшлі пацьверджаньня». Такі ж кароткі і адказ з Цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі: «Факты, указаныя ў звароце, не знайшлі свайго пацьверджаньня».
«Падчас праверкі парушэньняў законнасьці ў дзеяньнях супрацоўнікаў ІЧУ ГУУС Менгарвыканкаму і правілаў унутранага распарадку ня выяўлена», — такі адказ журналістка атрымала ад намесьніка начальніка ГУУС Менгарвыканкаму Басава.
Падобныя адпіскі атрымлівалі і іншыя грамадзяне, якія спрабавалі абскардзіць парушэньні правілаў утрыманьня ў беларускіх турмах.
Правілы ўтрыманьня асуджаных па адміністрацыйных справах зафіксаваныя ў Працэсуальна-выканаўчым кодэксе Рэспублікі Беларусь і Правілах унутранага распарадку месцаў адбываньня адміністрацыйнага арышту, якія зацьверджаныя пастановай Савету міністраў № 313.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Месяцамі бяз душу, матрацаў, як паддосьледныя. Зьняволеная апісала цяперашнія ўмовы на АкрэсьцінаНапрыканцы верасьня Кацярына Карпіцкая апісала ў сваім фэйсбуку ўмовы, зь якімі сутыкнулася на Акрэсьціна і якія з поўным правам можна ацаніць як катаваньні.
«30 сутак там у сёньняшніх умовах мне хапіла, каб выйсьці з букетам новых хвароб — ад фарынгатрахеіту да цыстыту і кароны (дарэчы, менавіта прышчэпка дапамагла перанесьці апошняе досыць лёгка ў параўнаньні з маімі сукамэрніцамі). А людзі сядзяць там па 60 сутак і больш, у залежнасьці ад таго, колькі пратаколаў ім захочуць накінуць.
Сядзяць у антысанітарыі — іх ніколі ня водзяць у душ і не выдаюць нават шчотак з асабістых рэчаў. Туалетную паперу часам прыходзілася выбіваць па сантымэтры.
Сядзяць месяцамі бяз шпацыраў (паветра ў камэру № 15 магло паступаць да нас толькі з калідора праз «кармушку», але яе спэцыяльна ўвесь час зачынялі).
Сядзяць без матрацаў (падушкай нам служыў сплесьнелы хлеб, а на голай падлозе ці шконцы спаць было б яшчэ магчыма, але ночы даўно дзіка халодныя — нават абдымаючы адна адну і заціскаючы паміж ног бутэльку з гарачай вадой, мы не маглі супакоіць дрыжыкі. Ночы ператвараліся ў цыкль фізычных практыкаваньняў — прысядаць, паадціскацца, пастаяць у планцы — неяк пагрэцца і заснуць)».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Для расьсьледаваньня, якое можа быць праведзена пазьней». Праваабаронцы зьбіраюць сьведчаньні аб катаваньняхГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
«Маўчаньне распускае злу рукі». Кацярына Карпіцкая пра затрыманьне за кветку для Тарайкоўскага, катаваньні за кратамі і сямейную трагедыюГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:
Палітвязьні царскіх турмаў жахнуліся б, пабачыўшы турму на Акрэсьціна