Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маўчаньне распускае злу рукі». Кацярына Карпіцкая пра затрыманьне за кветку для Тарайкоўскага, катаваньні за кратамі і сямейную трагедыю


Кацярына Карпіцкая
Кацярына Карпіцкая

Журналістка «Нашай нівы» Кацярына Карпіцкая правяла месяц у зьняволеньні ў турме на Акрэсьціна і расказала на сваёй старонцы ў Фэйсбуку пра жахлівыя ўмовы для палітычных вязьняў.

Ад фармату відэаінтэрвію давялося адмовіцца, бо Кацярына дагэтуль не акрыяла пасьля хваробы, выкліканай нечалавечымі ўмовамі, і зь цяжкасьцю можа гаварыць.

У размове са Свабодай Кацярына расказвае пра абставіны затрыманьня, падае болей дэталяў пра зьдзекі за кратамі, расказвае пра бацьку і брата, якія падтрымліваюць Лукашэнку і лічаць яе саму вінаватай у затрыманьні, а таксама пра тое, чаму палітвязьні перадаюць на свабоду пазытыўныя мэсыджы.

Сьцісла

  • Для мяне было пытаньнем, ці варта расказваць усё. Але пра гэта мяне прасілі жанчыны, дзяўчаты, якія засталіся там. Гэта іх просьба: быць іх голасам, не маўчаць.
  • Аднойчы адзін з супрацоўнікаў прагаварыўся: вам нічога не паложана, таму што вы «бчб». То бок яны наўмысна вылучаюць тых, хто з артыкуламі 24.24, 24.3, 19.11, у асобную катэгорыю.
  • А каб легчы спаць на падлогу, мы ўвогуле праяўлялі звышздольнасьці: гэта нагадвала нейкі чалавечы тэтрыс — тут падабраць ногі, там скурчыцца, там залезьці пад шконку так, каб ногі сукамэрніцы леглі каля тваёй галавы.
  • Бацька — былы начальнік крымінальнага вышуку, падтрымлівае Лукашэнку па сёньня, малодшы брат служыў ва ўнутраных войсках. Для іх я жыву няправільна, ганебна і сама вінаватая ў тым, што апынулася за кратамі.

«Я купіла белую хрызантэму ў пераходзе, але нават не пасьпела зь ёю выйсьці, як мяне затрымалі»

Ваш пост у Фэйсбуку прачытала вельмі шмат людзей, сотні чалавек падзяліліся ім. Для многіх гэта было сапраўдным шокам. Раскажыце, як вы трапілі на Акрэсьціна і з чым там сутыкнуліся?

— Мяне затрымалі зранку 14 жніўня. Гэтым разам можна сказаць, што я падставілася сама. Хоць гэта, канечне, груба. Увесь тыдзень напярэдадні я рабіла гутаркі, матэрыялы да гадавіны падзеяў пасьлявыбарчага жніўня-2020. Асабліва моцнае ўражаньне на мяне зрабіла гісторыя параненага 10 жніўня кіроўцы Паўла Сібілёва, які працаваў у той вечар, а ў сьпіну яму прыляцелі гранаты і кулі. Я наведвала Паўла ў вайсковым шпіталі яшчэ ў жніўні 20-га. Тады яму было цяжка, у сьпіне — дзірка, на якую перасаджвалі скуру з нагі, ён ня мог рухацца. Але ён выглядаў досыць бадзёра, і верылася, што ён хутка адновіцца. Аднак праз год сустрэчы зь ім я ўбачыла сівога мужчыну з кійком у руцэ, рука паралізаваная, ногі і сьпіна баляць. Да наступстваў раны дадалася анкалягічная хвароба. А ў яго малодшы сын ідзе ў першую клясу...

Я неяк прызвычаілася да такіх гісторый па-журналісцку ставіцца цьвяроза, як да працы, бо інакш немагчыма пісаць пра гэты чалавечы боль штодзённа. Але тут на мяне накаціла, мяне ванітавала ўсе дні. Было цяжка. Я пачала дапамагаць усім гэтым сем’ям, чым магла. І зранку 14 жніўня, праяжджаючы міма Пушкінскай, згадала, што ўдава Тарайкоўскага аднойчы казала, што ёй прыемна бачыць на Пушкінскай кветкі: такім чынам яна ведае, што людзі памятаюць.

Я купіла белую хрызантэму ў пераходзе, але нават не пасьпела зь ёй выйсьці, як мяне затрымалі. АМАП дзяжурыў там суткамі, як я пасьля даведалася (мяне дагэтуль бамбіць ад таго, на што ідуць нашы падаткі — на адлоў людзей з кветкамі ў руках на Пушкінскай, і гэта толькі адзін ганебны факт). Ня выключана, што працягвае дзяжурыць і цяпер. У судзе ілжэсьведка сказаў, што я правяла пікет супраць дзейнай улады.

Суд над Кацярынай Карпіцкай праз скайп
Суд над Кацярынай Карпіцкай праз скайп

Мне далі 30 сутак, таму што раней на працягу году мяне ўжо затрымлівалі, і я адбывала суткі за працу журналісткай на жаночым дэмаршы: у мяне была трэцяя частка артыкула 24.23 КаАП.

Толькі за пару сутак у ІЧУ я пасьпела «зарабіць» сабе цыстыт: было вельмі холадна. Але там хаця б драўляныя ложкі. У ЦІП умовы былі яшчэ горшыя: спачатку халодная перанаселеная камэра, дзе вы вымушаныя спаць на падлозе ў тонкім адзеньні. Каб сагрэцца, мы абдымаліся, прачыналіся ноччу і рабілі фізычныя практыкаваньні. Набіралі ў плястыкавыя бутэлькі гарачую ваду і клалі яе паміж ног, каб неяк грэцца.

А 2 і 4 гадзіне ночы нас пастаянна падымалі на пераклічку. Трэба было падняцца і назваць сваё прозьвішча, імя, імя па бацьку. Пераклічкі былі таксама два разы на дзень — падчас іх нас выводзілі на калідор, абмацвалі, усе рэчы ў камэры «ператрахвалі» — раскідвалі па падлозе рэшткі хлеба, напрыклад (ноччу ён, сплесьнелы, служыў некаторым дзяўчатам падушкай). У адзін з такіх шмонаў у нас забралі частку плястыкавых бутэлек, таму што яны стаялі на падлозе, а ня ў тумбачцы (хоць у тумбачку яны банальна ня лезьлі, бо камэра разьлічаная на 2 чалавек, а там было ад 8 да 20 у пікавы момант). Бутэлькі ж там на вагу золата: зь іх і п’еш гэтую ваду з-пад крана, і мыесься пасьля над дзіркай у падлозе — прыбіральняй. Ну, і ноччу абдымаеш яе, каб грэцца.

У камэры суткамі гарэла яркае штучнае асьвятленьне, якое моцна рэжа вочы.

Калі нас перавялі ў камэру № 15 на трэцім паверсе з забітым наглуха акном, там ужо была страшэнная задуха ўдзень. Пры гэтым нам імкнуліся зачыніць «кармушку», празь якую ў камэру мог паступаць хоць нейкі кісларод. У такіх умовах, у перанаселенай камэры, усе хутка пачыналі хварэць. Я нажыла фарынгатрахеіт, які лячу і сёньня. Усе выйшлі адтуль з каранавірусам. Многія пераносілі яго складана ў засьценках — але дактары лечаць гэта там, у асноўным, парацэтамолам. Пра нейкую ізаляцыю хворых і гаворкі ня можа быць. Наадварот, да нас спэцыяльна падсаджвалі людзей бязь месца жыхарства, у якіх былі выразныя іншыя хваробы — пэдыкулёз, грыбок, нейкія язвы на скуры.

Кацярына паліць свае рэчы, у якіх была ў турме
Кацярына паліць свае рэчы, у якіх была ў турме

Ні разу за месяц нас не звадзілі ў душ ці на шпацыр. Не перадалі ніводнай перадачы, хоць усё гэта павінна быць паводле правілаў утрыманьня адміністрацыйна асуджаных. Калі я прасіла дзяжурных прынесьці дзяўчатам хаця б цёплыя рэчы (некаторых затрымлівалі ў тонкіх майках пасьля басэйну, нехта быў зь лецішча, нехта — з працы, у адной спадніцы і блюзцы) — чула, што гэта «не положено». Кім? На гэта я таксама не пачула адказу. Што і казаць, калі мы суткамі выбівалі з асабістых рэчаў хаця б батарэйку для дзяўчыны са слыхавым апаратам. Толькі адзін дзяжурны зьлітаваўся над ёю на чацьвёртыя суткі нашых просьбаў.

Варта адзначыць і якасьць харчаваньня. Вядома, я старалася есьці ўсё, каб выжыць і зусім ня зьлегчы. Нават хлеб, які ўжо прыносілі зь цьвільлю. Але калі ўлічваць, што суткі харчаваньня каштуюць 14.50 (за месяц — гэта больш як 400 рублёў на чалавека), а табе на сьняданак і абед прыносяць палову кубка гарбаты, а суп часам — гэта проста вадзічка і некалькі макаронін-бульбін, то ўзьнікае шмат пытаньняў. Чаму за такія грошы нельга забясьпечыць людзей хаця б дастатковай колькасьцю гарачых напояў? На жаль, вада з-пад крана на Акрэсьціна настолькі хляраваная, што ў многіх адразу пачыналася пякотка. Я ўжо маўчу, што з харчаваньнем на сьлізкіх кашах і дрэнным хлебе і без магчымасьці рухацца хаця б па камэры людзі тыднямі не маглі схадзіць у прыбіральню па-вялікаму, ва ўсіх у прамым сэнсе пухлі страўнікі.

«У некаторыя зьмены трапляліся адэкватныя супрацоўнікі, якія будзілі ня так агрэсіўна ноччу»

— Кібэрпартызаны нядаўна распаўсюдзілі аўдыёзапіс адной з размоваў міліцэйскіх начальнікаў, зь якой вынікае, што загады стварыць нечалавечыя ўмовы — пачынаючы ад таго, каб спэцыяльна прыбраць матрацы, і да колькасьці людзей у камэрах — паступаюць ад самага вышэйшага кіраўніцтва. На ваша ўражаньне, ці дэманстратыўна за кратамі ствараюцца нечалавечыя ўмовы? Ці паведамляюць пра гэта вязьням наўпрост, каб ведалі, за што і чаму?

— Калі нас перакідалі з камэры ў камэру, мы бачылі, што ў ЦІП хапае свабодных камэр, але нас наўмысна вялікай групай трымалі ў двухмеснай. Яна была 3 на 4 мэтры прыблізна, і там нельга было ня тое што хадзіць, расьсесьціся было складана. А каб легчы спаць на падлогу, мы ўвогуле праяўлялі звышздольнасьці: гэта нагадвала нейкі чалавечы тэтрыс — тут падабраць ногі, там скурчыцца, там залезьці пад шконку так, каб ногі сукамэрніцы леглі каля тваёй галавы.

Аднойчы адзін з супрацоўнікаў прагаварыўся: вам нічога не паложана, таму што вы «бчб». То бок яны наўмысна вылучаюць тых, хто з артыкуламі 24.24, 24.3, 19.11, у асобную катэгорыю. Гэта відавочна. Гэта падкрэсьлівалася, і калі да нас падсялялі тых жа жанчын з вуліцы — дзяжурны мог сказаць гучна: «Вам можна ўсё, Ала Ільінічна, і ляжаць днём нават, а гэтым — не».

У камэры насупраць сядзелі мужчыны за бойкі і дробныя крадзяжы, але іх вадзілі і ў душ, і на шпацыры (нават пакурыць). У іх былі ў камэрах шашкі, кніжкі, перадачы. То бок зразумела, што вось людзей з так званай «палітычнай» групы наўмысна душаць, ствараюць складаныя ўмовы выжываньня, пазбаўляюць іх здароўя. І гэта злачынства. Прычым у мяне ня ўкладваецца тое ў галаве: асуджаныя настаўнікі, аўтары кніжак, музыкі, дактары, праграмісты. Віна іх толькі ў тым, што нехта даслаў рэпост з навінавага сайта (які цяпер прызналі экстрэмісцкім) мужу, нехта быў на вуліцы ў чырвонай сукенцы зь белай накідкай. Што, праўда людзі за такое заслугоўваюць, каб іх пазбаўлялі здароўя?

Мне расказвалі гісторыю пра тое, як у ЦІП утрымлівалася выкладчыца Акадэміі кіраваньня пры прэзыдэнце. І вось яна выходзіць на шмон, у калідор, і сустракаецца вачыма са сваім былым студэнтам. Ён апускае вочы. Мяне моцна ўразіла гэтая гісторыя, нікому не пажадаеш. Выкладчыца, дарэчы, сядзела за нейкі стары рэпост у фэйсбуку з так званага экстрэмісцкага канала. І, вядома, за такое яе хацелі прыбраць з акадэміі — няважна, што яна супэрспэцыяліст і прафэсіянал.

Варта, канечне, адзначыць, што ў некаторыя зьмены трапляліся адэкватныя супрацоўнікі, якія будзілі ня так агрэсіўна ноччу. Маглі пакінуць на дзень кармушку адкрытай. На дзень гораду затрыманым пэнсіянэркам увогуле прынесьлі пару зубных шчотак з асабістых рэчаў. То бок і ў той сыстэме ёсьць больш чалавечныя элемэнты. Часам гэта маладыя хлопцы, учорашнія выпускнікі. І мне вельмі страшна, што і яны хутка перастрояцца і стануць такім ж жорсткімі, гатовымі зьдзекавацца, як іх старэйшыя калегі. Што яны навучацца злу.

Дарэчы, супрацоўнікаў РУУС і ЦІП праца «кібэрпартызанаў» і факт існаваньня «Чорнай кнігі» вельмі злуе. Пра гэта яны пастаянна згадвалі.

«Мяне дакладна не адпускае, як да маіх затрыманьняў ставяцца бацька і малодшы брат»

— Як вы сябе адчуваеце фізычна і маральна пасьля выхаду з турмы, умовы ў якой па ўсіх міжнародных стандартах можна называць катаваньнямі?

Кацярына Карпіцкая выходзіць з турмы на Акрэсьціна
Кацярына Карпіцкая выходзіць з турмы на Акрэсьціна

— Мне здаецца, маральны нейкі ўплыў я яшчэ адчую. Пакуль я разьбіраю працоўныя і побытавыя пытаньні, якія наваліліся за месяц, і аднаўляю фізычнае здароўе, таму банальна не было часу спыніцца і падумаць: а што ж са мной унутры? Я вымушаная цяпер далечвацца па гінэкалягічнай лініі, у мяне фарынгатрахеіт і адсутнасьць нармальнага сну. Пасьля кароны — проста моцная слабасьць і моцны боль у суставах. Пасыпаліся валасы. Спачатку я разрулю дэфіцыты ў арганізьме, а пасьля падумаю, ці патрэбная мне ўжо будзе псыхалягічная дапамога. Усё ж ранейшыя затрыманьні, праца журналістам, дый сытуацыя ў Беларусі цягам апошняга году моцна загартавалі — я гэта выразна адчуваю. Тое, што раней падавалася праблемай, цяпер — нішто і лёгка вырашальна.

Мяне дакладна не адпускае ўжо гадавая сытуацыя таго, як да маіх затрыманьняў ставяцца бацька і малодшы брат. Першы — былы начальнік крымінальнага вышуку, падтрымлівае Лукашэнку па сёньня, другі служыў ва ўнутраных войсках. Для іх я жыву няправільна, ганебна і сама вінаватая ў тым, што апынулася за кратамі. І працую ня там, дзе варта было б. Мы не камунікуем амаль год, зусім, і гэта, канечне, балюча. Я ведаю шмат такіх сямейных трагедый — вельмі горка, што палітычныя погляды могуць уплываць на сямейныя стасункі.

«Маўчаньне распускае злу рукі. Гэта маё асабістае перакананьне і досьвед, атрыманы за гады працы»

— Мы чуем ад адвакатаў палітвязьняў, зь лістоў палітвязьняў, што яны трымаюцца, захоўваюць бадзёрасьць, сілу духа, нават гумар часам. Натуральна, гэта дапамагае ім выжыць, і гэтыя пасланьні яны робяць для тых, хто на свабодзе. Тое, што напісалі вы, шакавала многіх, бо палітвязьні, магчыма, ня хочуць у сваіх пасланьнях палохаць блізкіх, ня хочуць скардзіцца, дый цэнзары такое не прапусьцяць. Як вы лічыце, чаму варта ўголас расказваць пра ўсе жахі цяперашняй турмы? Ці ня варта? Ці гэта можа дэмаралізаваць, напалохаць людзей?

— Варта ўсё ж адрозьніваць умовы палітвязьняў і адміністрацыйна асуджаных — гэта крыху розныя рэчы. Першыя сядзяць даўжэй, але маюць хоць нейкую сувязь са сьветам, адваката, перадачы. У другіх тэрмін можа працягвацца некалькі месяцаў, у залежнасьці ад колькасьці пратаколаў, якія захочуць накінуць. Але ў нас там была поўная інфармацыйная ізаляцыя і ніякіх сыгналаў з «таго» сьвету, нават у выглядзе цукеркі.

Вядома, мы таксама стараліся захоўваць бадзёры настрой, толькі так можна выжыць. Гулялі ў гульні, у якія можна гуляць бяз рухаў і рэчаў — тыпу «Мафіі» ці «Адгадай мэлёдыю», «Ёсьць кантакт», «Гарады», расказвалі вершы на памяць. І калі нехта выходзіў на волю, мы прасілі таго чалавека завучыць на памяць тэлефон сваяка і перадаць, што ўсё гуд. Каб тыя, хто на волі, не перажывалі. Мэсыдж таксама быў пазытыўны, бо родным на волі яшчэ цяжэй, чым затрыманым, менавіта маральна. І ў лістах, калі б у нас быў да іх доступ, мы б таксама наўрад ці моцна пужалі.

Для мяне было пытаньнем, ці варта расказваць усё. Але, па-першае, пра гэта мяне прасілі жанчыны, дзяўчаты, якія засталіся там. Гэта іх просьба: быць іх голасам, не маўчаць, бо самі яны могуць не наважыцца напісаць нават скаргу. Многія сапраўды баяцца волі і невядомасьці, таго, што да іх прыйдуць наноў. Па-другое, як журналіст я заўсёды за праўду (калі хочаце, лічыце маю адседку складаным журналісцкім жанрам — выпрабавана на сабе, рэпартажам зь першых вуснаў), і як чалавек — за тое, каб ніколі не замоўчваць праблемы, бо інакш яны будуць толькі пладзіцца. Маўчаньне распускае злу рукі. Гэта маё асабістае перакананьне і досьвед, атрыманы за гады працы.

Я цяпер бачу, што нават мой кароткі пост напалохаў кагосьці зь сяброў, знаёмых. Мне хацелася гэтага менш за ўсё. На жаль, людзі з сыстэмы менавіта гэтага і хочуць — каб мы баяліся, каб маўчалі. Але мы ня можам даць ім такі падарунак, трэба фіксаваць усе факты злачынстваў і парушэньняў хаця б для будучыні. Хай сёньня на маю скаргу ў органы, тую ж пракуратуру не адрэагуюць — дадуць адпіску, але скарга будзе задакумэнтаваная, мне будзе чым апэраваць у будучыні, калі законы будуць працаваць. І чыноўнікі адкажуць у тым ліку за службовую халатнасьць, бязьдзейнасьць.

— Ці ў бясьпецы вы? Якая дапамога вам патрэбная?

Кацярына Карпіцкая
Кацярына Карпіцкая

— Буду верыць, што так, што ў бясьпецы. Галоўная дапамога, пра якую я магу прасіць усіх сёньня, — гэта не баяцца, не паддавацца параноі і працягваць рабіць добрыя малыя рэчы штодзень. Паведамляць, хай і ананімна, журналістам факты злачынстваў з боку сілавікоў і чыноўнікаў. Пісаць лісты палітвязьням, дасылаць ім невялікія грашовыя пераводы і пасылкі да суду. Дапамагаць суседзям у бядзе. Не пераходзіць на бок зла.

«Месяц у зьняволеньні пераканаў мяне, што я на правільным баку, што мы за дабро»

— Вязень сталінскіх лягераў Варлам Шаламаў, які шмат гадоў правёў у жахлівых умовах у лягеры на Калыме і выжыў, пісаў пазьней, што «ніводзін чалавек не становіцца ні лепшы, ні мацнейшы пасьля лягеру, што лягер — адмоўны вопыт, адмоўная школа, разбэшчваньне для ўсіх — для начальнікаў і зьняволеных, канваіраў і гледачоў, мінакоў і чытачоў бэлетрыстыкі». Ці згодныя вы? Ці вынесьлі вы як журналістка, як жанчына, як грамадзянка Беларусі нешта станоўчае ці нейкую важную жыцьцёвую выснову з гэтага месяца за кратамі?

— Вядома, што лягер, СІЗА і нават ізалятар нікому не прыносяць карысьці. Тым больш калі з законапаслухмяным чалавекам абыходзяцца, як са скацінай, — гэта, як ні круці, падрывае веру ў справядлівасьць, у людзей. Падрывае тое ж здароўе.

Але я ўсё ўспрымаю як досьвед. І гэты месяц у зьняволеньні як мінімум пераканаў мяне ў тым, што я на правільным баку, што мы за дабро. Што пакутуюць невінаватыя, найлепшыя людзі, і так не павінна быць. Гэта толькі дае сілы не апускаць рукі і рабіць хоць нешта, каб катаваньні беларусаў у турмах і на Акрэсьціна скончыліся і больш ніколі не паўтарыліся.

А яшчэ зноў пацьвердзіўся факт неймавернасьці нашых жанчын. Калі мяне затрымлівалі, адбіць мяне ад амапаўца спрабавалі менавіта жанчыны — маладыя і старыя. Яны атачылі чалавека бяз формы, і мы дамагліся, каб ён прадставіўся і паказаў дакумэнты.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG