«Прававую ініцыятыву» ўлады афіцыйна закрылі 5 кастрычніка.
У аўторак 5 кастрычніка Вярхоўны суд закрыў аб'яднаньне «Прававая ініцыятыва», апошнюю зарэгістраваную праваабарончую арганізацыю.
Па выніках пасяджэньня 5 кастрычніка суд падтрымаў пазоў Мін'юста і ліквідаваў арганізацыю, пра гэта Свабодзе паведаміла старшыня аб’яднаньня Вікторыя Фёдарава.
Прадстаўнік Міністэрства юстыцыі Дзьмітры Курылік у судзе заявіў, што «Прававая ініцыятыва» цалкам ігнаравала пісьмовае папярэджаньне і рашэньне суду аб прыпыненьні дзейнасьці. Гэта і стала афіцыйнай прычынай ліквідацыі.
«Прававая ініцыятыва» — некамэрцыйная недзяржаўная арганізацыя, якая займаецца абаронай правоў чалавека. Створана ў 1996 годзе. 16 ліпеня па месцы рэгістрацыі старшыні аб’яднаньня Вікторыі Фёдаравай адбыўся ператрус у рамках крымінальнай справы аб масавых беспарадках. Сама кіраўніца ад сёлетняга сакавіка вымушана знаходзіцца за межамі Беларусі.
Зь сярэдзіны ліпеня ў Беларусі адбываецца масавая ліквідацыя недзяржаўных арганізацыяў. Геаграфія зьліквідаваных уладамі ўстановаў ахапіла практычна ўсю Беларусь.
Пад пагрозай існаваньне дзясяткаў асьветніцкіх, праваабарончых, дабрачынных, спажывецкіх, дасьледчых і іншых арганізацыяў. Прадстаўнікоў установаў затрымліваюць, праводзяць у іх дома і ў офісах ператрусы, арыштоўваюць рахункі.
Усяго на верасень, згодна са зьвесткамі Праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі ад ліпеня 2021 году зьліквідавалі ўжо 135 недзяржаўных арганізацый.
У красавіку міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей заявіў, што ў адказ на заходнія санкцыі ў Беларусі можа быць зьнішчана грамадзянская супольнасьць.
«Любое далейшае ўзмацненьне жорсткасьці санкцый прывядзе да таго, што грамадзянская супольнасьць, пра якую яны клапоцяцца, перастане існаваць. І гэта будзе, я лічу, абсалютна абгрунтавана ў дадзенай сытуацыі», — сказаў Макей.
22 ліпеня Аляксандар Лукашэнка заявіў пра зачыстку недзяржаўных арганізацый.
«Так і ўрад, і МЗС пабеглі за „дэмакратыяй“ і пастваралі ў нас (хай Макей ізноў ня прыме на свой кошт, гэта і да яго яшчэ было, яму гэта ў спадчыну дасталася, трэба цяпер разграбаць), і мы атрымалі пад 2 тысячы на невялікую краіну НДА, НКА, бандытаў і замежных агентаў. Ну і што, дэмакратыю атрымалі?»
«Ідзе зачыстка. Вы думаеце, гэта проста? Там ужо тысячы людзей працуюць, нашых людзей, і ў асноўным з павернутымі, прамытымі за чужыя грошы мазгамі», — сказаў Лукашэнка.
30 ліпеня Лукашэнка заявіў, што «пад выглядам дабрачыннасьці некамэрцыйныя арганізацыі адпрацоўваюць чужую палітычную замову». Ён сказаў, што розных недзяржаўных фондаў, прыватных установаў, праваабарончых арганізацый у Беларусі было паўтары тысячы.
«У выніку праведзеных мерапрыемстваў выдзелена 185 дэструкцыйных структураў, якія нясуць патэнцыйную пагрозу нацыянальнай бясьпецы, у тым ліку прадстаўніцтва замежнай некамэрцыйнай арганізацыі, 71 рэспубліканскае і мясцовае грамадзкае аб’яднаньне, 113 установаў», — сказаў Лукашэнка на нарадзе з чыноўнікамі.