Макей патлумачыў, чаму МЗС Беларусі адмовіла ў акрэдытацыі карэспандэнтам расейскага агенцтва ТАСС

Уладзімер Макей і Сяргей Лаўроў. Масква, 18 чэрвеня 2021 году.

Цяпер у Беларусі працуе адзін акрэдытаваны журналіст агенцтва. Многія замежныя СМІ, у тым ліку Радыё Свабода, былі пазбаўленыя акрэдытацыі МЗС Беларусі ў кастрычніку 2020 году, у разгар палітычнага крызісу ў краіне.

Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімер Макей паведаміў, чаму МЗС адмовіўся даць акрэдытацыі журналістам ТАСС у Менску, якія раней доўгі час працавалі ў краіне. Выступаючы ў пятніцу ў Маскве на сумеснай прэс-канфэрэнцыі па выніках перамоў з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым, ён патлумачыў гэта тым, што яны не адпавядаюць патрабаваньням, якія прад’яўляюць у Беларусі да замежных журналістам. Макея цытуе ТАСС.

У кастрычніку 2020 году МЗС Беларусі правёў перарэгістрацыю ўсіх замежных СМІ ў краіне. ТАСС была выдадзена толькі адна з трох акрэдытацый, якія яны мелі раней.

«Сапраўды, у кастрычніку мінулага года было прынята новае палажэньне аб акрэдытацыі замежных журналістаў, у якім зьмяшчаецца шэраг навацый, скажам так, у тым ліку мы прынялі рашэньне акрэдытоўваць у Беларусі як правіла, грамадзян тых дзяржаў, дзе гэтыя СМІ зарэгістраваныя», — заявіў Макей.


«Напрыклад, Deutsche Welle мы прапануем, каб прыяжджаў прадстаўнік Нямеччыны і працаваў на тэрыторыі Беларусі ў якасьці журналіста, акрэдытаванага ад гэтага СМІ. Чаму? Таму што, буду шчыры, у папярэдні час на практыцы аказваўся так, што шэраг СМІ, у першую чаргу Захаду, акрэдытоўваюць у Беларусі ў якасьці сваіх журналістаў апанэнтаў улады», — растлумачыў Макей. «Зразумела, што ў гэтай сытуацыі гэта не было, скажам, чыста абʼектыўна журналісцкай падачай інфармацыі, як таго патрабуе ў маім разуменьні закон аб журналістыцы, а, скажам, ідэалягічна зараджаны. Атрымліваўся ў выніку ідэалягічна зараджаны прапагандысцкі матэрыял, што не зьяўляецца, як мне здаецца, задачай журналістыкі. Таму менавіта такое рашэньне і было прынята».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Макей расказаў Лаўрову пра сытуацыю вакол Соф'і Сапегі. У Маскве спадзяюцца на «хуткае вырашэньне»

Паводле Макея, цяпер у Беларусі акрэдытавана больш за 150 журналістаў, зь іх палова — гэта расейскія.

«Што тычыцца інфармацыйнага агенцтва ТАСС, то мы акрэдытавалі аднаго прадстаўніка. Калі вы накіруеце ў найбліжэйшы час расейскіх грамадзян у Беларусь, яны будуць акрэдытаваныя літаральна з кароткі час, літаральна на працягу некалькіх гадзін».

«Што тычыцца тых пэрсон, якія вы прапануеце, то, на жаль, на наш погляд, яны, зноў-такі буду шчыры, не цалкам адпавядаюць тым крытэрам, якім павінны адпавядаць журналісты. Таму трэба садзіцца і думаць. І потым, у апошні час ТАСС, у нашым разуменьні, часам у дачыненьні да Беларусі дапускае такія кідкія загалоўкі, якія па сваёй эмацыйнай афарбоўцы пераўзыходзяць нават Радыё Свабода/Свабодная Эўропа», — сказаў Макей.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Затрыманага ў Менску каля Палаца Незалежнасьці карэспандэнта ТАСС вызвалілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Кіраўніца РСЭ/РС пра пагрозы журналістам: «Гэта відавочная помста і абуральнае парушэньне нормаў і законаў»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На плошчы Незалежнасьці журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры. ВІДЭА
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Лысы, на калені!» Журналіст ТАСС пасьля заявы Лукашэнкі пра пастановачныя фота апублікаваў сваю гісторыю зьбіцьця ў міліцыі