Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Макей расказаў Лаўрову пра сытуацыю вакол Соф'і Сапегі. У Маскве спадзяюцца на «хуткае вырашэньне»


Сяргей Лаўроў і Ўладзімер Макей, архіўнае фота

Падчас візыту ў Маскву Ўладзімер Макей сустрэўся з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым. Сярод іншага яны абмеркавалі арышт у Беларусі расейскай грамадзянкі Соф'і Сапегі.

Як паведамляе ТАСС, кіраўнік МЗС Беларусі праінфармаваў Лаўрова аб сытуацыі вакол грамадзянкі Расеі Соф'і Сапегі. Яе разам з журналістам Раманам Пратасевічам затрымалі 23 траўня падчас прымусовай пасадкі ў Менску самалёту кампаніі Ryanair. У Маскве разьлічваюць, што лёс усіх затрыманых у Беларусі расейцаў неўзабаве вырашыцца.

«Уладзімер Макей праінфармаваў аб сытуацыі з затрыманымі ў Беларусі расейскімі грамадзянамі, маю на ўвазе Сафію Сапегу, Ягора Дуднікава. Пасольства Расіі ў Менску трымае гэтае пытаньне на асаблівым кантролі», – сказаў ён.
Расея спадзяецца, што сітуацыя будзе ў хуткім часе вырашаная, заявіў міністар Лаўроў.

«Будзем спадзявацца, што гэтая сытуацыя будзе ў хуткім часе вырашана», – дадаў ён.

Софʼя Сапега — студэнтка пятага курсу ЭГУ, вучылася на праграме «Міжнароднае права і права ЭЗ».

Яна грамадзянка Расеі, але большасьць свайго жыцьця пражыла ў Беларусі, скончыла школу ў Лідзе.

Сапезе выставілі падазрэньне ў распальваньні варожасьці (ч. 3 арт. 130 КК). Ёй пагражае да 12 гадоў турмы.

Што казалі пра «інтэграцыю»

Масква і Менск маюць агульнае бачаньне таго, як прасоўвацца па ўсіх напрамках супрацоўніцтва. Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Расеі Сяргей Лаўроў падчас перамоваў з кіраўніком МЗС Беларусі Ўладзімерам Макеем.

«У нас ёсьць агульнае бачаньне, як прасоўвацца па ўсіх кірунках, уключна з інтэграцыйнымі пытаньнямі і замежнапалітычнай каардынацыяй у становішчы, якое ў сёньняшнім сьвеце вельмі няпростае», — цытуе Лаўрова агенцтва ТАСС.

Паводле расейскага міністра, напарядэдні ў Маскве адбылася сустрэча амбасадараў краін СНД, дзе сярод іншага прагучалі ацэнкі саміту, які адбыўся 16 чэрвеня ў Жэнэве паміж прэзыдэнтамі Расеі і ЗША Уладзімірам Пуціным і Джо Байдэнам. Гэтае абмеркаваньне працягнецца ў вузкім складзе зь ягоным беларускім калегам.

Па выніках сустрэчы амэрыканскага і расейскага лідэраў было заяўлена, што бакі не дасягнулі адзінства пазыцый у беларускім пытаньні.

У сваю чаргу Ўладзімер Макей адзначыў «высокую інтэнсіўнасьць беларуска-расейскіх кантактаў. Ён нагадаў, што сёлета ўжо адбыліся тры сустрэчы кіраўнікоў Беларусі і Расеі, некалькі нарадаў правялі старшыні ўрадаў, заплянаваныя іныя кантакты на розных узроўнях.

«Таму нам у гэтым пляне таксама вельмі важна зьверыць, што называецца, гадзіньнік. Тым больш што на парадку дня перамоваў вельмі важныя пытаньні, у тым ліку зьвязаныя з падрыхтоўкай агульнай праграмы ўзгодненых дзеяньняў у галіне замежнай палітыкі на наступны двухгадовы пэрыяд», — заявіў Уладзімер Макей.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG