Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На плошчы Незалежнасьці журналістаў Радыё Свабода затрымалі ў жывым эфіры. ВІДЭА


Карэспандэнты Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Рабчык незадоўга да затрыманьня
Карэспандэнты Радыё Свабода Алег Грузьдзіловіч і Андрэй Рабчык незадоўга да затрыманьня

UPD. Па стане на 01.29 усіх чатырох затрыманых журналістаў Свабоды адпусьцілі з Кастрычніцкага РУУС Менска.

  • У нашага фотакарэспандэнта Ўладзя Грыдзіна канфіскавалі фатаапарат, смартфон, ноўтбук. Таксама ў адносінах да журналіста распачалі адміністрацыйны працэс у сувязі з працай без акрэдытацыі, хоць у Грыдзіна была пры сабе дзейная акрэдытацыя Міністэрства замежных спраў Беларусі.
  • Алесь Дашчынскі, які правёў у РУУС больш за 3 гадзіны, расказаў, што супрацоўнікі міліцыі прагледзелі фотагалерэю на яго смартфоне і выдалілі некалькі фота, на якіх, сярод іншых, фігуравалі супрацоўнікі АМАП.
  • Падчас асьвятленьня мірнай акцыі пратэсту ў Менску міліцыя затрымала больш за 30 беларускіх і замежных журналістаў (у тым ліку чатырох карэспандэнтаў Радыё Свабода) на плошчы Свабоды і плошчы Незалежнасьці, паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў.

На плошчы Незалежнасьці ў Менску затрымалі журналістаў Радыё Свабода Алега Грузьдзіловіча і Андрэя Рабчыка, якія вялі жывую трансьляцыю зь мірнай акцыі пратэсту супраць насільля сілавікоў і фальсыфікацыі выбараў.

Спачатку затрымалі Алега Грузьдзіловіча. Журналіст не супраціўляўся, а спрабаваў патлумачыць сілавікам, што вядзе рэпартаж. Грузьдзіловіч паказаў сілавікам пасьведчаньне аб акрэдытацыі Міністэрства замежных спраў Беларусі.

Празь некалькі хвілін затрымалі і апэратара Андрэя Рабчыка. Яму загадалі спыніць жывую трансьляцыю.

Сьледам за ім затрымалі і карэспандэнта Радыё Свабода Алеся Дашчынскага. Агулам на плошчы Незалежнасьці затрымалі больш за 10 журналістаў. Паводле слоў міліцыянтаў — для праверкі дакумэнтаў.

Раней на плошчы Свабоды затрымалі некалькі дзясяткаў журналістаў, якія асьвятлялі акцыю пратэсту. Сярод іх быў фатограф Свабоды Ўладзь Грыдзін.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG