Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лысы, на калені!» Журналіст ТАСС пасьля заявы Лукашэнкі пра пастановачныя фота апублікаваў сваю гісторыю зьбіцьця ў міліцыі


Журналіст агенцтва ТАСС Юры Шамшур
Журналіст агенцтва ТАСС Юры Шамшур

Акрэдытаваны ў Беларусі журналіст расейскага агенцтва ТАСС Юры Шамшур расказаў, што падчас разгону акцый пратэстоўцаў сілавікі мэтанакіравана палявалі на супрацоўнікаў мэдыя.

Ён апісаў у «Фэйсбуку» гісторыю свайго затрыманьня АМАПам, зьдзекаў і зьбіваньня ў ноч 11 жніўня, калі ён ад удараў стрaціў прытомнасьць.

Юры Шамшур пацьвердзіў Свабодзе, што гэта ягоны допіс. Допіс зьявіўся праз 12 дзён пасьля падзеяў, пасьля таго як Лукашэнка заявіў на мітынгу ў Горадні пра пастановачны характар фота сьлядоў зьбіваньня АМАПам удзельнікаў дэманстрацыяў.

Рука журналіста, пашкоджаная сілавікамі
Рука журналіста, пашкоджаная сілавікамі

Шамшур быў сьведкам і апісаў, як у адзін зь першых дзён акцый пратэсту ўнутраныя войскі прасоўваліся па вуліцы Прытыцкага ў раёне мэтро «Кунцаўшчына», не атрымліваючы аніякага супраціву. Некалькі чалавек стаялі ля пад’езда, прыкладна за 60 мэтраў ад праезнай часткі. Зь імі — Юры Шамшур, акрэдытаваны МЗС Беларусі, пазначаны надпісамі PRESS і карткай на грудзях.

«Не чапай прэсу!» — крычыць адзін зь пяці «абаронцаў канстытуцыйнага ладу».

«Мне по..й! С...ка, што тут робіш?» — крычаць яго калегі, абрушваючы шквал удараў дубінкамі па галаве і іншых частках цела.

Празь некалькі хвілін зьбіты журналіст ачуўся, зразумеўшы, што яго пад рукі вядуць двое. Папрасіў зьвярнуць увагу на акрэдытацыю МЗС, патэлефанаваць прэс-сакратару МУС.

«Ня тузайся, а то прастрэлім яй...ы!» — чуваць рогат.

Яго закідваюць у аўтазак, там прымае прапаршчык, перакідаючы з адной рукі ў другую стрэльбу.

«Сардэчна запрашаем на наш авіяляйнэр, — сьмяецца адзін. — Лысы, на калені! Тварам у падлогу!» — запатрабаваў ён, зьняўшы акуляры і выключыўшы тэлефон журналіста.

Побач, уткнуўшыся ў падлогу, на каленях стаялі двое мужчын. У аднаго з галавы капала кроў. Другі спрабаваў растлумачыць, што трапіў «пад раздачу», дабіраючыся з тралейбуснага парку пасьля сваёй зьмены.

Неўзабаве канвэер хапуну запрацаваў хутчэй. У аўтазак сталі закідваць і біць мужчын. Дзьвюх дзяўчат не чапалі, але на калені паставілі і іх.

«Сволачы, якіх пераменаў вы патрабуеце? Чым, с...кі, вам не падабаецца наш прэзыдэнт? Мы не дамо вам, піда..сы, разарваць краіну. Чаму мы павінны ночы ня спаць, зьбіраючы вас па вуліцах?» — крычаў на ўсё горла амапавец.

«Лысы, што ў цябе целяпаецца на шыі?» — запытаў прапаршчык у карэспандэнта.

«Акрэдытацыя МЗС», — адказаў Юры Шамшур.

«А што такое МЗС?», — спрабаваў высьветліць той.

Хвілін праз 40 пачалася перагрузка ў амапаўскі аўтазак. Затрыманых па чарзе падводзілі да дзьвярэй машыны.

«Дзякуй, што скарысталіся нашымі авіялініямі. Надвор’е за бортам ху...е», — выправаджвалі затрыманых дубінкамі бравыя салдаты.

З амапаўскага аўтазака даносіліся ўдары і крыкі.

«Стой побач, пагрузім гэтых свалачэй, потым пойдзеш ты», — сказаў амапавец, зьвяртаючыся да карэспандэнта.

У гэты момант падышлі двое амапаўцаў зь іншай брыгады.

«Прэса, якога х... ты тут робіш?» — спыталі яны.

Празь некалькі хвілінаў работніка пяра прытуліў адзін зь цёмных двароў Каменнай Горкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG