«У абарону дабра голас вернікаў мусіць быць гучнейшы за ўсіх». Павал Севярынец сустрэўся ў турме са сваёй сястрой Ганнай

Павал Севярынец падчас суду ў Магілёве.

28 траўня ў магілёўскай турме № 4 з палітвязьнем, палітыкам Паўлам Севярынцам пабачылася ягоная сястра Ганна Севярынец. Сустрэча доўжылася амаль 2 гадзіны.

Паміж сястрой і братам Севярынцамі было шкло, размаўлялі яны праз тэлефон. Вось як Ганна Севярынец расказала пра ўражаньне ад таго, як выглядае яе брат пасьля амаль году ў няволі.

Ганна Севярынец

«Не скажу, што надта бадзёры, колер твару ўсё ж шэры, бачна, што доўга ў турме, без паветра і рухаў, але нармальны выгляд. І бачна, што ідзе ўнутраная праца ў чалавеку, ён сканцэнтраваны, увесь час думае», — кажа Ганна Севярынец.

Паводле Ганны, яе брат ведае пра апошнія падзеі, якія адбыліся ў краіне, у тым ліку пра інцыдэнт з самалётам.

«Але мы асабліва не аналізавалі падзеі. Павал спытаў пра іншых палітвязьняў, яшчэ яго зацікавіла рэакцыя царквы на ягоны прысуд. Але рэакцыі ж пакуль ніякай, я так і сказала. Тады мы засяродзіліся на сямейных навінах. Расказвала пра сына Францішка, як ён песьні сьпявае ды іншае. Мне Павал расказаў некалькі судовых гісторый, якія былі падчас ягонага працэсу», — паведаміла Ганна.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ад 4 да 7 гадоў турмы. Як у Магілёве асудзілі Севярынца, актывістаў «Эўрапейскай Беларусі» і блогераў. ФОТА і ВІДЭА

Адну з гісторый Ганна пераказала.

«Гэта было 20 мая. Ён казаў, што той дзень быў пахмурны, ішоў дождж. У судовай залі асьвятленьне было адпаведнае. І вось перад пачаткам паседжаньня Павал прапанаваў памаліцца. А там жа хлопцы не такія ўжо шчырыя вернікі, як ён. Тады ён сказаў, што сам пачне маліцца, а хто захоча, хай далучаецца. І раптам, як пачаў маліцца, выглянула з-за хмар сонца і заліло сьвятлом усю іхную клетку. Прычым пакуль ён маліўся, было сонца, а як закончыў, сонца схавалася за хмары. І хлопцы ў клетцы гэтым вельмі ўразіліся, распытвалі яго, як ён гэта зрабіў? А ён адказаў, што гэта ня ён», — расказала Ганна Севярынец.

25 траўня Павал Севярынец быў асуджаны на 7 гадоў пазбаўленьня волі, іншыя фігуранты справы атрымалі ад 7 да 4 гадоў зьняволеньня. Пасьля абвяшчэньня прысуду Павал Севярынец выгукнуў: «Беларусь будзе вольнай», і ўсе разам асуджаныя пачалі скандаваць: «Верым, можам, пераможам».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля турэмнага прысуду Павал Севярынец правёў дзень у «адстойніку»

Як адрэагавалі турэмшчыкі, якія прывозілі абвінавачаных у суд, на гэтыя воклічы?

«Ведаю толькі, што Паўла потым да канца дня трымалі недзе на нагах. Ці то ў «бэтонным стакане», ці ў нейкім «адстойніку». Пра іншых нічога ня ведаю. Як і пра тое, ці пакаралі каго на наступны дзень. Увогуле Павал казаў, што стаўленьне да яго ў магілёўскай турме цяпер карэктнае. Ён мяркуе, што гэта зьвязана з тым, што адбылося зь Вітольдам Ашуркам.

«Турэмшчыкі, пэўна, думаюць пра Ашурка, трымаюць яго ў галовах», — мяркуе Ганна Севярынец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Палітвязьні робяць цяпер самую галоўную справу», — Вольга і Ганна Севярынец пра шчасьлівых за кратамі

Куды накіруюць Паўла Севярынца для адбыцьця пакараньня, калі Вярхоўны суд не адменіць вынесены яму прысуд, палітыку невядома. Паводле Ганны, яе брат з ранейшага досьведу ведае, што этап запатрабуе шмат сілаў і трываньня.

«Бо рукі закуюць кайданкамі, а гэтак трымаць у дарозе торбы з рэчамі вельмі цяжка», — кажа Ганна Севярынец.

«Таму прасіў нічога не перадаваць, усё ёсьць. А людзям на волю перадаў словы падзякі за падтрымку і салідарнасьць. Сказаў, што на ўсе атрыманыя лісты адказвае, але ня ўсе лісты да яго даходзяць. То бок, калі не прыходзіць адказ на ліст, значыць, Павал яго не атрымаў. Яшчэ асобна зьвярнуўся да вернікаў і падкрэсьліў, што ў абарону дабра голас вернікаў павінен быць гучнейшы за ўсіх», — перадала словы Паўла Севярынца ягоная сястра Ганна.

Паводле Ганны Севярынец, наступнай на сустрэчу з Паўлам паедзе ягоная маці Тацяна Севярынец.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Вольга Севярынец: «На працэсе Павал маўчыць»
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яны спрабуюць умацаваць нас», Марына Адамовіч, Дар’я Лосік і Вольга Севярынец — пра тое, як палітвязьні дапамагаюць тым, хто на волі