Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Палітвязьні робяць цяпер самую галоўную справу», — Вольга і Ганна Севярынец пра шчасьлівых за кратамі


Палітвязень Павал Севярынец
Палітвязень Павал Севярынец

Жонка і сястра палітвязьня Паўла Севярынца Вольга і Ганна Севярынец — пра свабодных людзей за кратамі, пра тое, што трэба глядзець у вочы роднаму чалавеку, а не на лічбы судзьдзяў, а таксама пра тое, чаму палітвязьні ня будуць сядзець прызначаныя ім тэрміны.

25 траўня агучылі прысуды Максіму Вінярскаму, Дзьмітрыю Казлову, Андрэю Войнічу, Паўлу Севярынцу, Паўлу Юхневічу, Яўгену Афнагелю і Ірыне Шчаснай. Ад 4 да 7 гадоў турмы. Павал Севярынец заявіў, «што ніякага суду не было, а Беларусь будзе вольнай». Зь відэа з залі суду былі відаць не зламаныя, моцныя і прыгожыя людзі. Пасьля суду мы пагутарылі з Вольгай і Ганнай Севярынец.

Прапануем фрагмэнты размовы.


«Павал змог трыма словамі натхніць усю Беларусь


Вольга Севярынец: Галоўнае — мы пабачылі Паўла, іншыя родныя пабачылі сваіх родных. Прысуд мы не абмяркоўваем, ён ня будзе сядзець гэтыя гады. Увесь год, што яго не было, за дзесяць хвілін у судзе забыўся пасьля гэтага зрокавага кантакту. Я ўжо мільён разоў паглядзела гэтае відэа, дзе ён кажа, што Беларусь будзе вольнай. Я вельмі рада, што Павал змог трыма словамі натхніць усю Беларусь. Усё, што мы маглі ад гэтага дня, мы атрымалі — радасьць, натхненьне людзей, а пра прысуды ня будзем разважаць.

Ганна Севярынец: Я ўвесь час імкнулася не перашкаджаць, каб ён пабачыўся з Волечкай, але Павал памятае пра ўсіх, і я бачыла, што ён адрасуецца маме, мне, для кожнай у яго знаходзіўся свой жэст, выраз твару, я разумела, на каго ён цяпер глядзіць — на Волечку, на маму ці на мяне. Гэта быў наш Павал, як мы яго ведаем, вельмі моцны, вельмі ўважлівы. Ён памятаў пра ўсіх — і хто стаіць у залі, і хто стаіць побач зь ім. І гэтыя словы ён адрасаваў ня толькі нам, ня толькі людзям, якія былі зь ім побач, але і тым, хто зможа паглядзець гэтае відэа. Гэта Пашава ўласьцівасьць падумаць пра кожнага і кожнага падтрымаць. Я ім ганаруся, ён ніводнага разу, ніводнай хвіліны ня даў нам засмуціцца альбо заперажываць.

«Павал са сваім крыжам спраўляецца цудоўна, значыць, я павінна несьці свой крыж»

Вольга Севярынец у судзе
Вольга Севярынец у судзе

Вольга Севярынец: Я б ставілася да гэтых лічбаў спакойна. З аднаго боку, ёсьць адчуваньне, што ня будуць яны столькі сядзець. Мы бачым кожны дзень, што адбываецца ў Беларусі, і я ня веру, што гэты рэжым яшчэ сем год пратрымаецца. З другога боку, калі нават гіпатэтычна яны адседзяць гэтыя гады, гэта нашы родныя, мы будзем іх чакаць у любым выпадку. Там ім галоўнае — сябе берагчы, а нам рабіць трэба ўсё, каб ім там было прасьцей. Мы ўсё ж на волі, у нас больш магчымасьцяў, чым у іх. Мы ня можам узяць крыж іншага чалавека на сябе. Сёньня я пабачыла, што Павал са сваім крыжам спраўляецца цудоўна. Значыць, я павінна несьці свой крыж, і як Хрысту дапамагалі, я павінна старацца яму дапамагчы ягоны шлях прайсьці.


«Гэта ня ў Паўла адбіраюць сем год жыцьця, гэта ў іх адбіраюцца гэтыя гады жыцьця»

Ганна Севярынец
Ганна Севярынец

Ганна Севярынец: Нягледзячы на тое, што цяпер навокал вялікая колькасьць пакутаў, што вельмі цяжка ўтрымацца ўнутры сябе ад нянавісьці, злосьці, праклёнаў, калі я рэфлексую, разважаю, то непазьбежна прыходжу да шкадаваньня. Мне вельмі шкада людзей, якім даецца жыцьцё, і яны марнуюць яго на страх, на ўчынкі, за якія ў сьне будзе сорамна, у старасьці будзе сорамна. Ніхто зь іх ня зможа сказаць: мы будзем расказваць сваім унукам, што мы рабілі 25 траўня 2021 году. Для нашых дзяцей і ўнукаў гэта будуць легендарныя расповеды. А ніхто зь іх ня зможа сказаць: я, унучак, 25 траўня 2021 году выносіла прысуд Севярынцу.

Гэта ня ў Паўла адбіраюць сем год жыцьця, гэта ў іх адбіраюцца гэтыя гады жыцьця. Што б там ні было, мы пройдзем гэты шлях, адпакутуем, адперажываем, але калі ты застаесься ўнутры чалавекам, гэта такая ступень свабоды, якая сама па сабе дае задавальненьне ад жыцьця і дае адчуваньне шчасьця. А калі ты прыходзіш дадому, здымаеш гэтую форму, гэтыя берцы, гэтую мантыю здымаеш і думаеш: Госпадзе, як я закалябаўся. Мне ў гэтай залі не было шкада Паўла і хлопцаў. Яны былі такія сьветлыя, такія файныя. А гэтых мне было шкада. Яны павярнуліся сьпінай і рухаюцца, каб у Паўла і Волечкі позіркі перакрыць. Ці гэта можа рабіць шчасьлівы чалавек? Волечка шчасьлівая, Павал шчасьлівы, а ён — не. І гэта шкадаваньне, што так марнуецца чалавечае жыцьцё. Іх нішто не ўратуе, і мне іх шкада.

Ганна Севярынец: Цяпер такі час, калі кожны чалавек робіць сваю справу. Палітвязьні робяць цяпер самую галоўную справу. Яны знаходзяцца на працы. Гэта самая цяжкая, самая пакутная і небясьпечная для жыцьця праца дзеля будучай свабоды. Тое, што яны ёсьць, што яны пакутуюць, мужна прымаюць свае прысуды (усе гэта заўважаюць), — гэта і нам дае сілы. Гэта доказ таго, што існы рэжым — бесчалавечны. У родных палітвязьняў цяпер таксама праца. Яны на працы, яны — родныя палітвязьняў. Ня трэба разьдзірацца, адчуваць віну, ня трэба гробіць сябе нейкімі жудаснымі эмоцыямі. Палітвязьням гэта ня трэба. Мы іх падтрымка, апора, іх надзея, таму трэба рабіць усё на сваім месцы.

Ты — сястра палітвязьня, маці палітвязьня, жонка палітвязьня, значыцца, у твайго чалавека павінны быць перадачы, лісты, падтрымка, нейкая абарона і магчымасьць думаць, што на волі ўсё добра, што яго чакаюць, што калі ён вернецца, у яго будзе дом, тыл і любоў, што яна і цяпер у яго ёсьць. Трэба адпачываць, сачыць за сабой, за сваім здароўем. Нікому з тых людзей, якія цяпер за кратамі, не патрэбныя мы змучаныя, чорныя, сплаканыя, з інфарктамі і інсультамі. Ім трэба, каб мы былі моцныя, здаровыя, бадзёрыя і спакойныя. Таму ня трэба ўскладаць на сябе шмат, ня трэба думаць, што ты адзін можаш нешта перавярнуць. У цябе ёсьць сваё месца, свая праца, свая справа. Рабі яе і пільнуй здароўе.

Пажаданьне родным палітвязьняў


Вольга Севярынец: Мне адна сяброўка напісала такія словы падтрымкі: Глядзі на Пашу, а не на лічбы. Як я сябе ратую ад эмоцый? Я прапісала каля 30 пунктаў, як я магу Пашу падтрымаць, што зрабіць для яго — пачынаючы ад перадачаў і лістоў, заканчваючы нейкімі справамі, якімі ён займаўся і якія яму было б прыемна, каб хтосьці працягваў рабіць. І я бачу, што калі мяне пачынаюць накрываць эмоцыі і я пачынаю жахацца ад таго, што можа быць у будучыні, я проста ўстаю і іду нешта рабіць па гэтым сьпісе, і адганяю гэта. Самабічаваньне, перажываньні не дапамогуць. Іх можна крыху сабе ў сэрца пусьціць, але на гэтым нельга зацыклівацца. Мы тут павінны свае пачуцьці і эмоцыі закрываць справамі. І тады гэта будзе мець сэнс.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG