Васкрасенскі заплянаваў устаноўчы зьезд партыі «Новыя людзі»

Уваход у выбарчы штаб Віктара Бабарыкі ўлетку 2020 году

Стварэньне арганізацыйнага камітэту анансаваў у сваім тэлеграме экс-удзельнік каманды Бабарыкі Юры Васкрасенскі. Да праекту стварэньня партыі «Разам» пад кіраўніцтвам самога Бабарыкі праект «Новыя людзі» ня мае дачыненьня.

У Менску абвясьцілі пра стварэньне аргкамітэту партыі «Новыя людзі». Былы ўдзельнік перадвыбарчага штабу Віктара Бабарыкі на прэзыдэнцкіх выбарах 2020 году Юры Васкрасенскі ў сваім тэлеграм-канале напісаў, што яе ствараюць «былыя прыхільнікі Бабарыкі». Аргкамітэт правёў прэс-канфэрэнцыю ў офісе «Круглага стала дэмакратычных сілаў», дзе перад выбарамі быў штаб Віктара Бабарыкі.

Паводле Васкрасенскага, «лідэрам аргкамітэту новай партыі стаў Васіль Галькін, падчас прэзыдэнцкай кампаніі — найлепшы зборшчык подпісаў і ўдзельнік групы Віктара Бабарыкі». Сам Галькін сказаў, што яму давялося начаваць у офісе Бабарыкі ў ноч з 9 на 10 жніўня мінулага году.

«Выхад зь сёньняшняй сытуацыі мы бачым у канстытуцыйным працэсе, дэмакратызацыі і гуманізацыі дзейнага заканадаўства, удзеле ў маючых адбыцца выбарчых кампаніях», — цытуе Галькіна «Эўрарадыё».

Прадстаўнік аргкамітэту і «спэцыяліст у прамысловасьці» Іван Сушко адзначыў, што «прыярытэт у праграме будзе аддадзены рэальнаму сэктару эканомікі». Яны мяркуюць, што новая партыя зойме «левы цэнтар». Устаноўчы зьезд заплянаваны на канец лета.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

«Не ўчыняў крыміналу і ня шкодзіў дзяржаўным інтарэсам». Былы магілёўскі чыноўнік і паплечнік Бабарыкі кажа ў судзе пра «непаразуменьне»

Віктар Бабарыка — палітвязень, які знаходзіцца за кратамі з чэрвеня 2020 году, над ім праходзіць суд. Раней Бабарыка абвясьціў аб стварэньні партыі «Разам». Да партыі «Новыя людзі» яна ня мае ніякага дачыненьня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся раней

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА:

Ці расколваюць партыі пратэст