Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бабарыка хоча стварыць партыю «Разам». Чым такія спробы канчаліся раней


Ілюстрацыйнае фота. Будынак, дзе месьціўся штаб Віктара Бабарыкі перад прэзыдэнцкімі выбарамі 2020 году

29 сакавіка палітзьняволены Віктар Бабарыка нагадаў аб плянах стварыць партыю. Глядзім, як у Беларусі раней рэгістравалі партыі і чым гэта сканчалася.

22 гады — столькі часу ў Беларусі не рэгістравалі новых палітычных партый. Цяпер, паводле Міністэрства юстыцыі, у Беларусі 15 палітычных партый. Пры гэтым спробы зарэгістраваць новыя партыі былі. Прыгадваем самыя гучныя.

Беларуская хрысьціянская дэмакратыя

У 2004 годзе ў Беларусі пачаў актыўную працу арганізацыйны камітэт партыі. У 2007 годзе аргкамітэт БХД пачаў спробы зарэгістраваць сацыяльнае грамадзкае аб’яднаньне «БХД», дакумэнты на рэгістрацыю падалі ў Міністэрства юстыцыі.

Напрыканцы 2007 году Мінʼюст знайшоў парушэньні ў дакумэнтах, якія падаваліся на рэгістрацыю. Грамадзкае аб’яднаньне не зарэгістравалі.

У сакавіку 2009 году аргкамітэт БХД зрабіў спробу зарэгістраваць ужо не аб’яднаньне, а партыю. Прадстаўнікі аргкамітэту падалі дакумэнты на рэгістрацыю ў Мінʼюст. Празь месяц Мінʼюст адмовіў партыі ў рэгістрацыі праз «парушэньні ў працэдуры ўстаноўчага зьезду».

Улетку 2009 году аргкамітэт спрабаваў аспрэчыць гэтае рашэньне ў Вярхоўным судзе, але партыю так і не зарэгістравалі. Агулам аргкамітэт спрабаваў зарэгістраваць партыю 7 разоў. Ва ўсіх выпадках атрымалі адмову.

Беларуская партыя працоўных

Працэс стварэньня партыі пачаўся ў 2004 годзе, адразу пасьля ліквідацыі Мінʼюстам Беларускай партыі працы. У ліпені 2009 году адбыўся ўстаноўчы зьезд, а ў кастрычніку гэтага ж году Мінʼюст адмовіў партыі ў рэгістрацыі, бо «фактычная колькасьць заснавальнікаў меншая за дапушчальную».

Партыя свабоды і прагрэсу

Партыя лібэральнага кірунку ствараецца з 2003 году. Устаноўчыя зьезды праходзілі чатыры разы: у 2003, 2004, 2005 і 2009 гадах. Ва ўсіх чатырох выпадках партыі адмовілі ў рэгістрацыі. Стваральнікі спрабавалі аспрэчыць рашэньне празь Вярхоўны суд і ўсё ж атрымаць рэгістрацыю, але Вярхоўны суд адхіліў скаргу.

Беларуская партыя жанчын «Надзея»

Партыя ўтварылася ў 1994 годзе, і ў тым жа годзе яе зарэгістравалі. У 2000-м партыя далучылася да Каардынацыйнай рады дэмакратычных сілаў. У лістападзе 2006 году падпісала дэклярацыю аб стварэньні Саюзу левых партый.

У 2007 годзе Вярхоўны суд пазбавіў «Надзею» рэгістрацыі, і партыя была ліквідаваная.

Хто яшчэ хоча партыю?

Напярэдадні прэзыдэнцкіх выбараў і пасьля іх аб рэгістрацыі новых партый заявілі як мінімум 5 розных ініцыятыў.

Рух «Белая Русь», які існуе ўжо 13 гадоў, заявіў, што зьбіраецца нарэшце стаць партыяй.

Прарасейская ініцыятыва «Саюз», якую ўзначальвае Сяргей Лушч, таксама захацела аформіцца ў партыю.

Пра партыю нацыянал-дэмакратычнага кірунку заяўляла таксама экс-кандыдат у прэзыдэнты Ганна Канапацкая.

Заяўляў пра магчымасьць стварэньня партыі і Валер Цапкала.

То бок ініцыятыва Віктара Бабарыкі — ужо пятая па ліку за апошні час.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG