Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міністэрства юстыцыі прыпыніла сёмую спробу дзяржаўнай рэгістрацыі Партыі БХД


Ілюстрацыйнае фота. Трэці ўстаноўчы зьезд БХД, 12 верасьня 2010 году

Міністэрства юстыцыі Беларусі на адзін месяц прыпыніла працэс рэгістрацыі партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» (БХД). Гэта вынікае з адказу Мінюсту, паведамляе сайт партыі.

У адказе заяву аб рэгістрацыі БХД, пададзеную 22 студзеня 2018 году, за подпісам намесьніка міністра Ігара Тушынскага паведамляецца: у сувязі з тым, што Мінюсту патрэбныя дадатковыя дакумэнты для прыняцьця рашэньня, Міністэрства «прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю БХД на 1 месяц».

Чыноўнік спаслаўся на недахоп дакумэнтаў, патрэбных для рэгістрацыі. «Кіруючыся часткай 1 артыкула 17 Закону Рэспублікі Беларусь „Аб палітычных партыях“, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь прыпыняе дзяржаўную рэгістрацыю партыі БХД на тэрмін 1 месяц», — паведамляецца ў лісьце.

Партыя «Беларуская Хрысьціянская Дэмакратыя» заявіла, што лічыць зацягваньне часу і «прыпыненьне рэгістрацыі» незаконнымі, паколькі «паводле закону Мінюст абавязаны выносіць сваё рашэньне на працягу месяца пасьля падачы дакумэнтаў аб рэгістрацыі палітычнай партыі. Ніякіх законных прычынаў, каб адкладваць або „прыпыняць“ рэгістрацыю БХД няма».

З 2009 году гэта сёмая спроба БХД зарэгістравацца. Тры гады таму Мін’юст гэтаксама прыпыняў рэгістрацыю на месяц, але потым усё роўна адмовіў, кажа сакратар БХД Дзяніс Садоўскі. Паводле Дзяніса Садоўскага, цяперашнія прычыны прыпыненьня рэгістрацыі зноў надуманыя.

«Гэтым разам запатрабавалі пратаколы рэгіянальных сходаў, паседжаньняў мандатнай камісіі ды іншыя паперы. Мы, канечне, разгледзім іх патрабаваньні, але ўжо можна сказаць, што яны незаконныя. Бо ўсе дакумэнты, якія пералічаныя ў законе адносна рэгістрацыі палітычных партый, мы ў Мін’юст перадалі», — кажа Дзяніс Садоўскі. Дакумэнты на рэгістрацыю БХД былі пададзеныя ў Мін’юст 22 студзеня.

Адрэагавалі пасьля выбараў

Чаму чыноўнікам не хапіла месяца, каб прыняць рашэньне? У Дзяніса Садоўскага наступная вэрсія.

«Звычайна пасьля падачы дакумэнтаў мы фіксуем абтэлефаноўваньні, рассылку нейкіх дакумэнтаў, праверкі ў рэгіёнах. Цяпер гэтага не было, відаць, з прычыны выбараў у мясцовыя Саветы. Рабілі выгляд, што няма такой праблемы, што Партыя БХД ня можа зарэгістравацца, а пасьля выбараў адразу адрэагавалі. Тое, што ўзялі яшчэ месяц, дык зразумела дзеля чаго: каб папрацаваць са сьпісамі, знайсьці нешта, за што можна зачапіцца, як мінулыя разы. Відавочна зацягваюць рэгістрацыю, каб потым адмовіць. Іншай прычыны ня бачу», — сказаў Свабодзе Дзяніс Садоўскі.

Усяго больш за 20 разоў актывісты БХД марна спрабавалі зарэгістраваць грамадзкія, абласныя, моладзевыя хрысьціянска-дэмакратычныя аб’яднаньні.

Беларусь застаецца адзінай краінай Эўропы, дзе хрысьціянскія дэмакраты ня маюць рэгістрацыі.

Больш за 50 актывістаў БХД у прыватным парадку спрабавалі атрымаць рэгістрацыю ў якасьці кандыдата ў дэпутаты на мінулых выбарах у мясцовыя Саветы. 35 актывістам БХД гэта ўдалося, але ў дэпутаты абраўся толькі адзін — гэта Валер Білібуха зь Бярозаўскага раёну Берасьцейскай вобласьці, які стаў дэпутатам Першамайскага сельскага савету.

Партыя БХД падавала дакумэнты на рэгістрацыю ўжо ў 7-мы раз.

XS
SM
MD
LG