Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Не ўчыняў крыміналу і ня шкодзіў дзяржаўным інтарэсам». Былы магілёўскі чыноўнік і паплечнік Бабарыкі кажа ў судзе пра «непаразуменьне»


Уладзімер Дудараў, архіўнае фота

Былы намесьнік старшыні Магілёўскага гарвыканкаму Ўладзімер Дудараў, якога судзяць за злоўжываньне службовымі паўнамоцтвамі (ч.3 арт 426 КК) і махлярства (ч.4 арт.209 КК), назваў крымінальную справу супраць сябе «непаразуменьнем». і паабяцаў пазьней выказацца пра тое, у сувязі з чым трапіў пад перасьлед. Справу разглядае Чавускі раённы суд.

Праваабаронцы прызналі Дударава палітвязьнем

Дудараў падчас выбарчай кампаніі 2020 году быў каардынатарам ініцыятыўнай групы вылучэнца на прэзыдэнцтва Віктара Бабарыкі па Магілёўшчыне. Ад 11 чэрвеня 2020 году яго трымаюць у сьледчым ізалятары, што ў Магілёўскай турме № 4. 19 чэрвеня 2020 году праваабаронцы прызналі яго палітвязьнем. Сябе вінаватым падсудны ня лічыць.

Дудараву пагражае да 10 гадоў зьняволеньня. Паводле сьледзтва, ён нанёс шкоду грамадзкім і дзяржаўным інтарэсам на 43 669 рублёў. Злачынная дзейнасьць Дударава, гаварылася на судзе, ахоплівае 2006–2015 гады.

Крымінальную справу разглядае старшыня Чавускага раённага суду Алена Каралько. Дзяржаўнае абвінавачаньне прадстаўляе супрацоўнік Чавускай пракуратуры Сяргей Снытчанка. Працэс пачаўся 19 красавіка. Цяпер абвінавачаны дае паказаньні суду.

У чым вінавацяць Дударава

Як вынікае з матэрыялаў справы, Дудараў, займаючы пасаду старшыні жыльлёва-будаўнічага каапэратыву «Цэнтар Дом», карыстаючыся пераважным правам у выбары кватэры ў адным з новых шматпавярховых дамоў, выбраў сабе жытло на апошнім паверсе. Бяз згоды чальцоў каапэратыву і ў парушэньне ягонага статуту зьвярнуўся ў праектную арганізацыю, каб тая павялічыла вышыню тэхнічнага паверху. У далейшым ён незаконна набыў памяшканьне тэхнічнага паверху, злучыў зь ім сваю кватэру ды пераабсталяваў яго пад жыльлё.

Акрамя таго, Дударава вінавацяць у тым, што ён, кіруючы аддзелам будаўніцтва гарвыканкаму, незаконна ўзьвёў для свайго бацькі дом у прыродаахоўнай зоне ракі Дубравенкі. Калі ж парушэньне выявілася, то, быўшы ўжо намесьнікам старшыні гарвыканкаму, «выкарыстоўваючы паўнамоцтвы службовай асобы», перашкодзіў распачаць супраць бацькі адміністрацыйны працэс за самавольнае будаўніцтва.

Пазыцыя абвінавачанага

5 траўня Ўладзімер Дудараў даваў паказаньні суду па эпізодах, зьвязаных зь пераплянаваньнем сваёй кватэры. Суду ён даводзіў, што ўсе ягоныя дзеяньні рабіліся са згоды большасьці чальцоў каапэратыву, а сам праект пераплянаваньня атрымаў станоўчае заключэньне. Скаргаў ад іншых уласьнікаў кватэр, па ягоных словах, не было.

Паводле Дударава, да затрыманьня летась пракуратура праводзіла «мноства праверак», ці законна ён завалодаў памяшканьнем тэхнічнага паверху, і выносіліся пастановы аб адмове ва ўзбуджэньні крымінальных спраў — у сувязі з адсутнасьцю ў ягоных дзеяньнях учынкаў, якія падлягаюць крымінальнай кары.

Ён спаслаўся на адказ з Галоўнага ўпраўленьня барацьбы з арганізаванай злачыннасьцю, у якім адзначалася, што «працэдура перадачы памяшканьня тэхнічнага паверху ва ўласнасьць была выкананая належным чынам».

Уладзімер Дудараў устрымаўся «рабіць высновы, у сувязі з чым распачатая гэтая справа», але паабяцаў нешта сказаць пра гэта пазьней. Ён выказаў спадзеў, што суд разьбярэцца зь «непаразуменьнем», як ён гэта назваў. Дудараў лічыць, што ў абвінавачваньні не адзначана, якім чынам «нанесеная істотная шкода дзяржаўным інтарэсам».

Пра Ўладзімера Дударава

Старшынём жыльлёва-будаўнічага каапэратыву, створанага для паляпшэньня жыльлёвых умоваў чальцоў, Уладзімера Дударава абралі ў 2006 годзе. Тады ён працаваў вядучым спэцыялістам агульнага аддзелу Магілёўскага аблвыканкаму. Кіраваў таварыствам да канца 2008-га і сышоў у сувязі з загружанасьцю асноўнай сваёй працаю. Дом, у якім Дудараў атрымаў кватэру, здалі ў 2010 годзе.

У 2008–2010 гадах працаваў галоўным спэцыялістам у апараце Магілёўскага гарсавету. Затым кіраўніком аддзелу будаўніцтва Магілёўскага гарвыканкаму. Зь верасьня 2018 да жніўня 2019 году быў намесьнікам старшыні гарвыканкаму, займаўся пытаньнямі будаўніцтва і ЖКГ.

На момант затрыманьня працаваў намесьнікам дырэктара акцыянэрнага таварыства «Домабудаваньне» і быў абласным каардынатарам ініцыятыўнай групы Віктара Бабарыкі.

Суд не задаволіў хадайніцтва адваката Яўгена Багуслаўскага аб зьмяненьні меры стрыманьня для Дударава на хатні арышт ці паруку. Неабходнасьць такой меры была патлумачаная наяўнасьцю ў абвінавачанага хранічных хваробаў, якія ў зьняволеньні абвастрыліся, і ў турэмных умовах ім няма як даць рады.

Пад крымінальным перасьледам 43-гадовы Ўладзімер Дудараў ня першы з магілёўскіх сяброў ініцыятыўнай групы Бабарыкі. У чэрвені 2020 году затрымалі кіраўніка Магілёўскай абласной дырэкцыі Белгазпрамбанку Сяргея Кармызава. 26 лютага 2021 году Кастрычніцкі суд Магілёва прысудзіў яму тры гады калёніі агульнага рэжыму за перавышэньне службовых паўнамоцтваў з нанясеньнем шкоды ў буйным памеры. Кармызаў, паводле сьледзтва, незаконна выдаў крэдыт на 75 тысяч рублёў. Журналістаў незалежных мэдыя на працэс супраць Кармызава не пускалі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG