У Жлобіне зьявіўся свой АМАП. Летась тут былі актыўныя пратэсты

Адзін зь лёзунгаў леташніх пратэстаў у Беларусі. Архіўнае фота.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ў Жлобіне пачало дзейнічаць падразьдзяленьне атраду міліцыі асаблівага прызначэньня (АМАП). На Гомельшчыне гэта першы такі атрад пасьля абласнога цэнтру.

На цырымонію прыехаў начальнік УУС Гомельскай вобласьці Аляксандар Васільеў, які ад імя міністра ўнутраных спраў падарыў міліцыянтам службовы аўтамабіль.

Як нагадвае гомельскі сайт «Моцныя навіны», у жніўні мінулага году Жлобін стаў адным з самых пратэставых райцэнтраў краіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Амапаўцы хадзілі па ступнях затрыманых і пыталі: „Хочаш — і табе так будзе?“» На судзе ў Гомлі абвінавачаныя расказалі пра гвалт

Акрамя таго, што тысячы гараджанаў патрабавалі новых выбараў і асуджалі гвалт сілавікоў, страйкавалі на Беларускім мэталюргічным заводзе.

Кіраўніцтва прадпрыемства спачатку паабяцала выслухаць людзей і не караць за страйк, аднак у лістападзе да актыўных удзельнікаў прыйшлі зь ператрусамі. Ігара Поварава, Аляксандра Баброва, Яўгенія Говара, Паўла Магідава асудзілі на тэрміны ад 2,5 да 3 гадоў у крымінальнай справе паводле ч. 1 арт. 342 КК (арганізацыя групавых дзеяньняў, што груба парушаюць грамадзкі парадак). Павал Магідаў пасьпеў зьехаць зь Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Жлобіне асудзілі трох работнікаў БМЗ за спробу страйку

Таксама па крымінальных і адміністрацыйных артыкулах былі асуджаныя дзясяткі іншых гараджанаў.

Як піша гомельскі сайт «Моцныя навіны», некаторыя жыхары Жлобіна кажуць, што ад міліцыянтаў чулі: да такога пратэсту ўлады былі зусім не гатовыя.