Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Жлобіне дваіх удзельнікаў падзей 9-10 жніўня пакаралі турэмным зьняволеньнем


Суд Жлобінскага раёну
Суд Жлобінскага раёну

Два мужчыны атрымалі 2,5 і 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму. Паводле абвінавачаньня, якому паверыў суд, яны кідалі камяні ў міліцыянтаў і іхны транспарт.

Як стала вядома, у судзе Жлобінскага раёну 2 красавіка вынесьлі яшчэ адзін прысуд у справе аб масавых беспарадках, якія адбываліся ў 9-10 жніўня 2020 году. Па артыкуле 364 крымінальнага кодэксу (гвалт альбо пагроза прымяненьня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў) абвінавацілі мясцовых жыхароў Яўгена Зашчытава і Аляксандра Шаўцова, піша «Вясна».

Першапачаткова іх хацелі абвінаваціць у арганізацыі або актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч.1 арт. 342 КК), аднак сьледзтва не змагло сабраць неабходных доказаў. Па іншым артыкуле такія нібыта знайшлі.

Справу разглядала судзьдзя Натальля Качалава, абвінавачаньне прадстаўляла пракурор Марына Панчык.

Праваабаронцы раней паведамлялі пра затрыманьне ГУБАЗіКам яшчэ дваіх удзельнікаў масавых беспарадкаў у Жлобіне, у веку ад 21 да 23 гадоў, датычных да жнівеньскіх масавых беспарадкаў. Нібыта яны кідалі камяні ў міліцыянтаў і службовы транспарт. Верагодна, меліся на ўвазе Зашчытаў і Шаўцоў.

Яўгена Зашчытава затрымалі 20 лістапада і зьмясьцілі пад варту, Шаўцова затрымалі крыху пазьней. Да суда яны знаходзіліся спачатку ў ІЧУ Жлобіна, а са студзеня — у СІЗА Гомлю.

Судзьдзя Качалава прысудзіла Зашчытаву 3 гады пазбаўленьня волі ў калёніі агульнага рэжыму, Шаўцову — 2,5 года такой самай калёніі.

Раней у Жлобіне за падзеі 10 жніўня прысуды пачулі Яўген Каханоўскі, Дзьмітры Гопта, Віталь Прохараў, Аляксандар Кісялёў, Сяргей Бекарэвіч, Андрэй Расулаў, Віктар Шмігельскі, Ільля Патрушаў, Андрэй Шаўчук і яшчэ некалькі чалавек. Праўстаўнікі Гомельскага УУС паведамлялі пра 17 крымінальных спраў, заведзеных у Жлобіне па факце падзеяў 9-10 жніўня.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG