Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выракі 2 красавіка: чатыром менчукам далі па 4 і 5 гадоў калёніі за ратаваньне чалавека ад затрыманьня

абноўлена

Адзін з асуджаных — Уладзімер Кацкель

У Менску 2 красавіка асудзілі чатырох мужчын за бойку з АМАПам. Пакараньне ня зьменшылі нават адзінаму з падсудных, які часткова прызнаў віну.

Прысуды за бойку з амапаўцамі ля станцыі мэтро «Пушкінская»

Суд Фрунзэнскага раёну Менску 2 красавіка абвясьціў прысуд у крымінальнай справе чатырох жыхароў сталіцы — Яўгена Бароўскага, Івана Зянько, Аляксея Драбы і Ўладзімера Кацкеля, піша Праваабарончы цэнтар «Вясна».

Іх абвінавацілі адразу паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу: гвалт альбо пагроза ўжываньня гвалту ў дачыненьні супрацоўніка органаў унутраных спраў (арт. 364 КК), арганізацыя і падрыхтоўка дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх (арт. 342 КК), наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне маёмасьці (арт. 218).

Справу разглядала судзьдзя Юлія Блізьнюк. Дзяржабвінаваўца — пракурор Вікторыя Таратыка. Пацярпелымі ў справе праходзілі сямёра супрацоўнікаў АМАПу.

Падзеі адбываліся пасьля 17 гадзін 11 кастрычніка 2020 году. У час разгону «Маршу гонару» каля станцыі мэтро «Пушкінская» мужчыны, як вынікае з матэрыялаў сьледзтва, перашкодзілі амапаўцам затрымаць чалавека, уступілі зь імі ў бойку, нанесьлі некалькі ўдараў па галовах і разьбілі шыбу ў службовым аўтамабілі.

Віну часткова прызнаў толькі Аляксей Драба, які папрасіў у суду спагады. Ні Бароўскі, ні Зянько, ні Кацкель віны не прызналі, заявіўшы, што нічога не ўчынялі, а пракурор ня даў ніякіх доказаў. Зянько назваў аргумэнты сьледзтва «невядома чым», бо на судзе паказалі толькі «нейкія размытыя скрыншоты».

Судзьдзя Блізьнюк па суме абвінавачаньняў асудзіла Яўгена Бароўскага да пазбаўленьня волі на 4 гады ў калёніі агульнага рэжыму. Івану Зянько, Аляксей Драбу і Ўладзімеру Кацкелю прызначылі па 5 гадоў калёніі агульнага рэжыму;

Таксама Блізьнюк пастанавіла залічыць у тэрмін адбыцьця пакараньня адзін дзень пад вартай як адзін дзень пазбаўленьня волі.

Наперадзе яшчэ грамадзянскія працэсы. Бароўскаму прад’явілі пазоў ад «Менсктрансу» на кампэнсацыю ў памеры 4699 рублёў. Зянько павінен аплаціць ГУУС 7073 рублі 75 капеек. Акрамя таго, кожны мусіць сплаціць сямі пацярпелым маральную шкоду ў памеры ад 2 да 3 тысяч рублёў.

4 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму за пад’ём на барыкады

У Заводзкім судзе Менску 26-гадовага палітвязьня Ігара Рудчыка прызналі вінаватым паводле ч.2 арт. 293 Крымінальнага кодэксу і асудзілі да 4 гадоў пазбаўленьня волі ў калёніі ўзмоцненага рэжыму.

Вырак вынесла судзьдзя Алена Капцэвіч, дзяржабвінавачаньне падтрымала памочніца пракурора Качанава. Абаранялі палітвязьня адвакат Алена Майсеня.

Рудчыка абвінававацілі у тым, што 10 жніўня з 22.30 да 1.00 ён удзельнічаў у масавых беспарадках на перакрыжаваньні сталічных вуліц Сурганава-Куйбышава-Бяды. Майстраваў барыкады, разьбіраў ходнікавую плітку, узыходзіў на верх барыкадаў, біў палкай па сьметніку, залазіў на апору дарожнага знака. А таксама нецэнзурна выказваўся і здымаў кашулю, цішотку, махаючы ёй на барыкадах.

Ігар Рудчык прызнаў удзел у пратэстах, аднак заявіў, што не чыніў перашкод супрацоўнікам міліцыі і ня ставіў барыкады. Адпрэчыў Рудчык і абвінавачаньне ва ўдзеле ва ўзброеным нападзе. У апошнім слове палітвязень папрасіў прабачэньня за свае дзеяньні.

Акрамя таго, да Рудчыка прад’явіў пазоў «Менсктранс», які хоча 3000 рублёў кампэнсацыі шкоды, а «Спэцкамуналтранс» патрабуе зь яго 21 тысячу. Пазоў будзе разглядацца ў грамадзянскім парадку.

Прысуд хлопцу з разумовай адсталасьцю пакінулі ў сіле

5 лютага суд у Жлобіне пакараў калёніяй на 2 гады 21-гадовага Дзьмітрыя Гопту. Нягледзячы на разумовую адсталасьць, яго прызналі вінаватым у масавых беспарадках і гвалце над міліцыяй, хоць ніхто не пацярпеў.
Нягледзячы на спробы маці даказаць, што з-за хваробы яго ня могуць зьмяшчаць у калёніі агульнага рэжыму, 2 красавіка прысуд пакінулі ў сіле. Маці спадзявалася, што сыну хаця б заменяць рэжым утрыманьня. Экспэртыза падчас сьледзтва пацьвердзіла дыягназ хлопца, але судзьдзя палічыла, што ён у стане адказваць за свае ўчынкі.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG