Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Дапамагаў бяздомным, зьвяртаўся да Лукашэнкі, сядзеў з Бабарыкам». Што вядома пра асуджанага на 7 гадоў за арганізацыю беспарадкаў


Дзьмітрый Кубараў, архіўнае фота
Дзьмітрый Кубараў, архіўнае фота

24 сакавіка ў Фрунзэнскім раённым судзе абвясьцілі прысуд менчуку Дзьмітрыю Кубараву, якога вінавацілі ў арганізацыі масавых беспарадкаў, у тым ліку ў падрыхтоўцы да прыгатаваньня «кактэйляў Молатава», каб закідваць імі міліцыянтаў.

На судзе Дзьмітрый Кубараў віны не прызнаў, а ў апошнім слове заявіў, што для яго гонар «стаяць у адным шэрагу з такімі людзьмі, як Сяргей Ціханоўскі, Святлана Ціханоўская, Юрый Уласаў, Антон Бяленскі, Цапкала...» Прысуд — 7 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму — Дзьмітры выслухаў спакойна і заявіў, што будзе яго абскарджваць. Што ўдалося даведацца пра Дзьмітрыя Кубарава, якога пакаралі адным з самых вялікіх тэрмінаў?

«Апошняе мог аддаць бяздомнаму, а сам застацца бяз хлеба»

Маці Дзьмітрыя Кубарава Ірына жыве ў Крычаве, адкуль у Менск прыехаў і Дзьмітры. У тэлефоннай размове з журналістам яна спачатку ня стрымлівала сьлёз, але потым сабралася і расказала пра сына тое, што палічыла асноўным.

«Ён вельмі разумны, у яго высокі IQ, добрыя адзнакі былі ў школе, яму падабалася вучыцца, а галоўнае — ён здольны самастойна прабіваць сабе дарогу. Паехаў у Менск, вывучыўся на дызайнэра сайтаў. А душой ён вельмі спагадлівы, рэчы вазіў у дзіцячы дом, бяздомным дапамагаў. Мог аддаць апошняе, а сам потым сядзець амаль бяз хлеба», — расказала Ірына.

Дзьмітрый Кубараў у клетцы ў судзе
Дзьмітрый Кубараў у клетцы ў судзе

Паводле абвінавачаньня, Дзьмітрый Кубараў быў адным з арганізатараў першых жнівеньскіх акцый пратэсту, а таксама рыхтаваў гвалтоўныя дзеяньні і браў у іх удзел. Маці Дзьмітрыя ў гэта ня верыць і згадвае, што сын заўсёды спрабаваў дамовіцца з тымі, з кім ня быў згодны.

«Так, ён вельмі актыўны, але і фантазёр. Вось да Лукашэнкі зварот зрабіў на 3 ліпеня, уявіў сабе, што можа яго ўгаварыць сысьці ў адстаўку. Выклаў у інтэрнэт, а мы адгаворвалі. На судзе пра зварот гаварылі, цытавалі», — кажа маці Дзьмітрыя Кубарава.

«Сам Бабарыка за яго скаргі пісаў»

Паводле прысуду, Дзьмітрыя Кубарава зьмясьцілі пад варту 14 жніўня, але затрымалі яшчэ ўвечары 11 жніўня. Дзьмітрый не адмаўляў, што браў удзел у пратэстах 9 жніўня на стэле ў Менску і 10 жніўня каля станцыі мэтро «Пушкінская». Нават бачыў непадалёк ад станцыі на дарозе цела мужчыны — мяркуе, што гэта быў забіты Аляксандар Тарайкоўскі.

11 жніўня Дзьмітрый зноў выйшаў на вуліцу, каб пратэставаць супраць выбараў, якія лічыў сфальшаванымі. У тым ліку выходзіў на дарогу, каб перакрыць рух. Але казаў, што тыя машыны, якія прасілі праезду, яны прапускалі. У канцы дня 11 жніўня проста на акцыі пратэсту Дзьмітрыя Кубарава затрымалі. І як жа хлопец апынуўся ў СІЗА КДБ?

Сяброўка Кацярына расказала, што некалькі дзён пра Дзьмітрыя нічога не было вядома, пакуль беларуская тэлевізія не паказала сюжэт пра затрыманьне арганізатара пратэстаў, «які напісаў яўку з павіннай». Гэтак сябры і сваякі Кубарава даведаліся, што ён арыштаваны, а потым, што па затрыманьні яго моцна зьбілі.

«Дзіму трымалі ў „амэрыканцы“ больш за месяц. Усяго пра зьбіцьцё сказаць ня можам дагэтуль, каб не палохаць маці, але вось такі факт: ён сядзеў у адной камэры з Бабарыкам, і той пісаў для яго скаргі, бо ў Дзімы гэтак былі зьбітыя пальцы, што не трымаў асадку. І сядзець нармальна ня мог. Таму ўявіце самі, што зь ім было і што за яўку ён падпісаў у КДБ, ад якой у судзе адмовіўся», — кажа Кацярына. Дзяўчына ведае, што яе сябар яшчэ да падзей 2020 году цікавіўся палітычным жыцьцём.

25-годзьдзе адзначыў у карцары «Валадаркі»

«Ён добра ведае гісторыю Беларусі, што адбываецца ў палітыцы. Ва ўсякім разе, пра Ніну Багінскую ведаў задоўга да ўсіх нас», — пагаджаецца калега Дзьмітрыя па дызайнэрскай працы Аляксандра і расказвае, як яе знаёмы змог авалодаць сакрэтамі складанай прафэсіі. Што вучыўся ў дзьвюх ВНУ, але ня быў задаволены і сам сыходзіў, а потым скончыў прыватныя ІТ-курсы і цяпер выдатны спэцыяліст.

«Ён вельмі крэатыўны, і гэта ва ўсім — і ў працы, і ў жыцьці. І вельмі аптымістычны», — адзначыла Аляксандра і згадала, як на судовым працэсе над Кубаравым прагучала, што 25-годзьдзе ён адзначыў на «Валадарцы» ў карцары. «Але ня стаў скардзіцца, ныць, а проста пажартаваў, што вось такі яму падарунак у турме зрабілі», — згадала Аляксандра.

«Кактэйль Молатава»

У кватэры Дзьмітрыя Кубарава сьледчыя КДБ знайшлі ёмістасьць з распушчальнікам, які, паводле вэрсіі абвінавачаньня, падсудны зьбіраўся выкарыстаць для прыгатаваньня «кактэйляў Молатава». На судзе Дзьмітрый гэта абверг. Ён настойваў, што быў супраць гвалтоўных дзеяньняў і заклікаў іншых пратэстоўцаў ад гэтага ўстрымлівацца.

Паводле паказаньняў Кубарава, ён дапамагаў пратэстоўцам, якія пацярпелі ад сьлезацечнага газу, праціраць вочы. Што такое да яго падобна, згодны сябар Кубарава Міхаіл. Але што Дзьмітрый быў арганізатарам беспарадкаў, як вырашыў суд, у гэта ён ня верыць.

«У яго пачуцьцё справядлівасьці абвостранае, гэта так. Але які арганізатар беспарадкаў? Усім дапаможа, сабе на шкоду, але ўсё зробіць. Такі чалавек», — сказаў пра сябра Міхаіл.

У судзе прагучалі зьвесткі, што ў 2015 годзе Дзьмітрый Кубараў быў асуджаны, але ў калёніі не сядзеў, судзімасьць з яго была зьнятая. Што дакладна здарылася?

«Ён працаваў у краме, а яму не заплацілі заробку. Пакрыўдзіўся, узяў ад іх гадзіньнік у якасьці аплаты і сышоў. Далі год папраўчых работ, вылічалі 20% ад заробку, штраф сплаціў, судзімасьць пагашаная», — расказалі сябры пра непрыемны эпізод зь біяграфіі Дзьмітрыя Кубарава. Паводле сяброў, на іх добрае стаўленьне да Дзьмітрыя гэты факт не паўплываў.

На абвяшчэньне прысуду Дзьмітрыю Кубараву ў суд прыйшлі жанчыны пэнсійнага ўзросту. Перажывалі, абураліся жорсткім прысудам маладзёну. Таксама знаёмыя?

«Не, мы з шэсьцяў пэнсіянэраў, Дзіму асабіста ня ведаем, але лічым, што хлопца трэба падтрымаць», — сказалі пэнсіянэркі журналісту.

Беларускія праваабаронцы прызналі Дзьмітрыя Кубарава палітычным вязьнем.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG