Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Узорная гаспадыня», магістарка сацыялёгіі, «сапраўдная каталічка». Хто такая шматдзетная маці Вольга Залатар, якую арыштаваў ГУБАЗіК


Вольга Залатар. Архіўнае фота.
Вольга Залатар. Архіўнае фота.

Дома без бацькоў засталіся пяцёра дзяцей. Іх даглядаюць родныя.

Жыхарку Ждановічаў Вольгу Залатар арыштавалі 18 сакавіка. Сілавікі спынілі яе аўтамабіль, дзе, акрамя Вольгі, знаходзілася яе непаўналетняя дачка. Пасьля гэтага, па словах суседзяў, дадому да Вольгі прыехала група сілавікоў з ГУБАЗіК.

Яны правялі ператрус і забралі Вольгу з сабой, цяпер яна ў СІЗА на вуліцы Валадарскага.

Абвінавачаньні афіцыйна яшчэ не прад’яўленыя, адвакат пакуль ня змог трапіць да Вольгі і дакладна даведацца, у чым яе абвінавачваюць. Меркавана, гэта артыкул 361 КК РБ — «Заклікі да дзеяньняў, накіраваных на прычыненьне шкоды нацыянальнай бясьпецы Рэспублікі Беларусь».

«Пакуль нічога ня ведаем»

Позьнім вечарам таго ж дня затрымалі мужа Вольгі Сяргея. Яго абвінавацілі ў пікетаваньні (мужчына нібыта вывесіў бел-чырвона-белы сьцяг на вакне свайго дому. — РС) і асудзілі на 10 сутак арышту. У Вольгі і Сяргея пяцёра непаўналетніх дзяцей — старэйшай дачцэ 17 гадоў, малодшаму сыну 4. Цяпер імі апякуецца маці Вольгі Яніна.

«Мы самі пакуль нічога ня ведаем, таму нічога ня можам расказаць, — паведаміла Яніна Залатар у размове са Свабодай. — Мы ня хочам нашкодзіць Вользе. Галоўнае зараз — быць побач зь дзецьмі. Сёньня да Вольгі павінен быў трапіць адвакат, але ніякай новай інфармацыі ад яе пакуль няма, я не размаўляла зь ім. Я больш нічога не магу вам сказаць, прабачце».

Вольга Залатар.
Вольга Залатар.

Жыхары Ждановічаў расказваюць, што Вольга Залатар займала актыўную пазыцыю ад самага пачатку пратэстаў. Вольгу тройчы затрымлівалі. Яшчэ да 9 жніўня Вольга працавала назіральніцай на выбарчым участку ў пасёлку.

«Мы з Вольгай пазнаёміліся на пачатку жніўня, калі аказалася, што будзем назіраць за выбарамі на трэцім Ждановіцкім участку, — напісаў пра жанчыну дырэктар выданьня „Трыбуна“ Максім Беразінскі. — Мы былі двума з трох незалежных назіральнікаў. І калі ў першы дзень датэрміновага галасаваньня Олю пусьцілі ў памяшканьне, то потым нас адганялі ўсё далей і далей. Але мы адказна зьмянялі адзін аднаго, пісалі скаргі, тэлефанавалі ў Менскую абласную камісію. Гэта ўсё моцна злавала кіраўніка камісіі Тацяну Ганісеўскую. Да 9 жніўня яе нэрвы здалі: яна ледзь не адкрытым тэкстам пасылала ўсіх вакол. На падлік галасоў яна не пусьціла нават журналістаў, хоць гэта супярэчыла ўсім нормам і правілам».

Па словах Беразінскага, паводле афіцыйных вынікаў, на іхным з Вольгай участку перамог Аляксандар Лукашэнка з вынікам 55%, Сьвятлана Ціханоўская набрала 43%. Пасьля выбараў Вольга Залатар была адной з тых, хто зьвярнуўся ў Сьледчы камітэт з заявай аб абскарджваньні афіцыйных вынікаў выбараў. Яна таксама валянтэрыла ля Акрэсьціна і хадзіла на судовыя працэсы над удзельнікамі пратэстаў у якасьці назіральніцы ад «Вясны».

Арыштавалі за дзень да ад’езду ў Турэччыну на адпачынак

«Мы з Вольгай сяброўкі яшчэ са школы, — расказвае Вользіна прыяцелька Анастасія. — Былі суседкамі, разам вучылі ангельскую мову. Пасябравалі вельмі-вельмі блізка. Пасьля школы вучыліся ў ліцэі БДУ. Я была ў філялягічнай клясе, а Вольга — у гістарычнай. Яна на год маладзейшая за мяне. Мы там пачалі размаўляць па-беларуску. Мала хто з нас гэтага прытрымліваецца цяпер, але Вольга — так».

Вольга Залатар. Архіўнае фота.
Вольга Залатар. Архіўнае фота.

Анастасія кажа, што празь сям’ю Вольгі прыйшла ў касьцёл. Яна называе сваю сяброўку «сапраўднай каталічкай», «патрыёткай». Па словах сяброўкі, Вольга не хацела зьяжджаць зь Беларусі, вельмі цікавіцца гісторыяй сваіх продкаў. Самастойна езьдзіла па паўночна-заходняй Беларусі, шукала інфармацыю пра свае карані.

«Пасьля ліцэю мы разам вучыліся ў БДУ. Вольга — магістар сацыялёгіі, — расказвае Анастасія. — У мяне таксама пяцёра дзяцей, але Вольга такая ўзорная гаспадыня. Яна вельмі шмат займаецца домам, пячэ сама хлеб. Усе сьвяты мы разам сьвяткавалі, да Вольгі прыходзяць і суседзі. Каталіцкія сьвяты сьвяткуюць разам, дні нараджэньня».

Па словах сяброўкі, Вольга ў ранейшыя выбарчыя кампаніі не была назіральніцай на ўчастку, але заўсёды сачыла за падзеямі ў краіне, чытала недзяржаўныя СМІ. Яе цікавіць перадусім культура. Калі на пасаду міністра культуры прызначылі Паўла Латушку, гэта выклікала ў Вольгі Залатар шмат станоўчых эмоцый.

«Вольга вельмі натхнёная была тады, — узгадвае Анастасія. — Гаварыла, як клясна, што ў нас будзе новы міністар культуры, беларускамоўны. У Ждановічах яна нават хадзіла бараніць мурал зь яго выявай, там Вольгу і затрымалі адзін з разоў. Вельмі шануе Латушку, ён таксама ў Ждановічах жыве».

Анастасія кажа, што, нягледзячы на падзеі ў Беларусі, Вольга з мужам нават не разглядалі варыянт з эміграцыяй. Але роўна празь дзень пасьля арышту сям’я плянавала паездку ў Турэччыну на адпачынак. Квіткі на самалёт былі набытыя на 19 сакавіка.

«Вольга гаварыла мне, што зьяжджаць ня хоча нікуды, — расказвае Анастасія. — Яна казала, што гэта яе зямля, што яна адчувае адказнасьць за яе і будзе тут жыць. І што дзеці яе таксама будуць тут жыць. І што яна ня можа проста стаяць убаку і бачыць, як разбураецца культура. Ня трэба з Вольгі рабіць рэвалюцыянэрку, але вось культура для яе вельмі важная. Культурніцкі кантэкст найперш. Раніцай 19 сакавіка яны павінны былі ляцець у Турэччыну. А 18-га Вольгу зь Сяргеем затрымалі. У іх не было ніякіх плянаў удзельнічаць у нечым, яны зьбіраліся ў адпачынак».

Анастасія расказвае, што Вольгу са жніўня затрымлівалі тройчы. Першы раз аштрафавалі, другі раз таксама быў штраф, вялікі. А трэці раз Вольгу затрымалі выпадкова, калі яна ішла ў кіно ў Менску. Тады яна правяла на Акрэсьціна пяць сутак.

«Муж вельмі любіць Вольгу, — гаворыць Анастасія. — Ён прадпрымальнік, вельмі асьцярожны чалавек. Закрываў сабой увесь тыл. Калі Вольга валянтэрыла ля Акрэсьціна асабліва. Для яго цяпер вельмі цяжка гэта перажыць. Калі Вольгу затрымалі трэці раз, яна правяла на Акрэсьціна пяць дзён. Тады хварэў іх малодшы сын, спатрэбілася нават апэрацыя. Дзеці вельмі засмучаныя былі тады, калі Вольга была за кратамі».

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG