Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Брутальная рэальнасьць рэжыму, які падтрымліваецца Крамлём». CNN апублікавала расьсьледаваньне аб гвалце і беззаконьні ў Беларусі


Затрыманьне ўдзельнікаў пратэсту ў Менску, 29 лістапада 2020

«Яны хацелі дэмакратыі. Замест гэтага міліцыя іх біла і гвалтавала».

На сайце амэрыканскага тэлеканалу CNN зьявілася журналісцкае расьсьледаваньне пра шырокамаштабныя рэпрэсіі, якія адбываюцца ў Беларусі як рэакцыя ўладаў на пратэсты грамадзян супраць рэжыму Лукашэнкі.

Журналісты CNN правялі двухмесячнае расьсьледаваньне, у рамках якога размаўлялі ў Кіеве зь беларусамі, якія ўцяклі ад рэпрэсіяў, нелегальна перабраліся празь мяжу ва Ўкраіну. У дзясятках інтэрвію пратэстоўцы і апазыцыйныя актывісты расказвалі пра катаваньні — ад сыстэматычнага зьбіваньня да гвалтаваньня міліцэйскай дубінкай.

Былыя супрацоўнікі міліцыі, якія звольніліся са службы, перадалі CNN відэаматэрыялы з архіваў МУС, зьнятыя нагруднымі камэрамі, аўтамабільнымі відэарэгістратарамі і камэрамі сачэньня. У тых матэрыялах ёсьць сьведчаньні надзвычайнай жорсткасьці сілавікоў супраць мірных і бяззбройных пратэстоўцаў, у тым ліку падлеткаў.

Як гаворыцца ў рэпартажы CNN са спасылкай на актывістаў, рэжым Лукашэнкі крыху зьмякчыў сваю тактыку апошнімі тыднямі, калі апазыцыю ахапіў страх. Аднак шмат хто выказвае трывогу, што гвалтоўныя дзеяньні адновяцца напярэдадні 25 сакавіка.

Азнаёміўшыся з матэрыяламі расьсьледаваньня CNN, прадстаўнік Дзяржаўнага дэпартамэнту ЗША заявіў, што Злучаныя Штаты «рашуча асуджаюць жорсткасьць, якую на працягу месяцаў пасьля выбараў рэжым Лукашэнкі дэманструе супраць мірных пратэстоўцаў». У заяве было сказана, што ўсяго было зафіксавана больш за 500 выпадкаў жорсткага гвалту, у краіне налічваецца 290 палітычных вязьняў, ёсьць таксама людзі, якія зьніклі бязь вестак.

«Гэтыя гвалтоўныя дзеяньні пазбавілі ўлады Беларусі легітымнасьці як у вачах свайго народу, так і міжнароднай супольнасьці», — сказана ў заяве, якая запатрабавала таксама «неадкладна вызваліць палітычных вязьняў і ўсіх несправядліва зьняволеных і прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у жорсткім гвалце».

Жаданьні маладых беларусаў, зь якімі размаўлялі журналісты, раздражняюць ня толькі Лукашэнку, але і Крэмль. Некаторыя аналітыкі мяркуюць, што Пуцін асьцерагаецца занадта выразна падтрымліваць рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі, бо гэта магло б назаўсёды адвярнуць маладых беларусаў ад Масквы.

Але, магчыма, ужо позна. «Лукашэнка ня быў бы такі самаўпэўнены і бязьлітасны, калі б не абяцаньне Расеі, што яна заўсёды яго падтрымае», — кажуць суразмоўцы CNN.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG