Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Разрэзалі шорты ззаду нажом». Мянчук расказаў аб згвалтаваньні АМАПам падчас затрыманьня. ВІДЭА


Супрацоўнікі беларускага АМАПу ў часе пратэстаў ноччу 10 жніўня ў Менску.
Супрацоўнікі беларускага АМАПу ў часе пратэстаў ноччу 10 жніўня ў Менску.

Жыхар Менску расказаў пра згвалтаваньне супрацоўнікам АМАПу. Адбылося гэта 11 жніўня. Тады сілавікі масава затрымлівалі жыхароў Менску па абвінавачаньнях ва ўдзеле ў несанкцыянаваных акцыях.

Мужчына сьцьвярджае, што ў той вечар ён ня быў удзельнікам акцый, а толькі праходзіў побач. Яго і яшчэ пяцярых чалавек зьмясьцілі ў аўтазак. Ўнутры супрацоўнікі АМАПу патрабавалі ад мужчыны разблякаваць яго тэлефон, зьбівалі, а потым, як мяркуе пацярпелы, верагодна, старшы па званьні супрацоўнік АМАПу згвалціў яго дубінкай.

Цяпер мужчына выехаў зь Беларусі і пагадзіўся расказаць «Настоящему времени», як гэта адбывалася. Ён не паказвае твар і не называе імя, баючыся за ўласную бясьпеку і бясьпеку сваіх блізкіх. Ён перадаў рэдакцыі заключэньне мэдыкаў у пацьверджаньне таго, што адбылося.

— Увесь час зьбівалі дубінкамі. Перш па рэбрах, па галаве, пакуль ты стаіш. Калі ты падаеш, цябе б’юць па сьпіне, па нагах, па руках. Прымушалі сьпяваць гімн Рэспублікі Беларусь, лежачы на падлозе тварам уніз, і чамусьці песьню Цоя «Перамен». Усё гэта працягвалася нейкі час. Ну, а потым патрабавалі разблякаваць тэлефон. Разрэзалі шорты ззаду нажом. Нож знайшлі ў аднаго з затрыманых супрацоўнікі АМАПу.

Потым я ўбачыў, ну так, крыху павярнуўся, што ён праводзіць нейкія маніпуляцыі з палкай. Ён папрасіў у кагосьці з прысутных прэзэрватыў. Яму перадалі. Ён надзеў яго на дубінку і рэзка ўставіў мне ў задні праход. Было вельмі балюча. Я перавярнуўся. Напэўна, я крычаў, адразу і ня ўспомню, што адбывалася. Атрымаў нагой у твар, ну і потым, уласна, мяне вярнулі ў зыходнае становішча.

Пасьля ўсяго гэтага я адʼяжджаў ужо з Акрэсьціна, сумна вядомага, на хуткай дапамозе. Мяне адвезьлі ў бальніцу хуткай дапамогі ў Менску. Там я правёў некаторы час. Там мяне агледзелі лекары, зрабілі некаторыя працэдуры. У мяне ў заключэньні напісана пра разрыў прамой кішкі траўматычнага характару, там можна ўсё дэталёва прачытаць. Далей з гэтымі паперамі я празь некалькі дзён пайшоў у Сьледчы камітэт з адвакатам. Там даў падрабязныя паказаньні. Потым мяне выклікалі яшчэ раз на дадатковае апытаньне. Ну, і празь некаторы час я прыняў рашэньне зьехаць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG