Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Суды і выракі 19 сакавіка: 2 гады калёніі мужчыну, якога зьбіў аўтазак

абноўлена

Момант, калі аўтазак зьбіў Ягора Сугойдзя
Момант, калі аўтазак зьбіў Ягора Сугойдзя

Працягваюцца суды над палітвязьнямі і ўдзельнікамі пратэстаў супраць фальсыфікацыі выбараў.

Два гады пазбаўленьня волі для мужчыны, якога зьбіў аўтазак

Суд Цэнтральнага раёну сталіцы асудзіў палітвязьня Ягора Сугойдзя на два гады калёніі агульнага рэжыму, паведаміў Tut.by.

9 жніўня, паводле абвінавачаньня, Сугойдзь выйшаў на праезную частку вуліцы і заскочыў на МАЗ. Яго дзеяньні пацягнулі за сабой «парушэньне грамадзкага парадку, а таксама перашкодзілі руху грамадзкага транспарту».

Дзеяньні абвінавачанага кваліфікавалі паводле ч. 1 арт. 342 КК Беларусі. Максымальная санкцыя артыкулу прадугледжвае пазбаўленьне волі на тэрмін да 3 гадоў. Справу разглядала судзьдзя Вікторыя Шабуня. Дзяржабвінавачваньне падтрымліваў памочнік пракурора Арцём Цьвяткоў. Ён таксама прасіў асудзіць Сугойдзя на два гады калёніі агульнага рэжыму.

Абвінавачаньне настойвае, што Сугойдзь мог атрымаць траўмы ад падзеньня на аўтазак, дакладна вызначыць гэта немагчыма. Цьвяткоў хадайнічаў, каб да справы далучылі заключэньне судмэдэкспэрта. Пракурор кажа, што для апазнаньня сьведкам далі некалькі кофтаў — яны паказалі на кофту падсуднага.

Адвакат адзначыў, што за вінаватасьць Сугойдзя няма ніякіх аргумэнтаў: незразумела, хто знаходзіўся з абвінавачаным у групе і ў чым выяўлялася непадпарадкаваньне, удзельнікаў групы не ўстанавілі. Довады абвінавачаньня аб наяўнасьці сыгналаў з аўтазака абвергла відэа, якое паказалі ў судзе. Сьведка прызнаўся, што ў іх не было гукавой апаратуры, таму яны не маглі апавясьціць людзей.

Толькі сьведка Шанько пазнаў падсуднага ў твар, прычым нібыта «па разрэзе вачэй», што адвакат лічыць немагчымым. Таксама адвакат настойваў, што прызнаньне сілавікі атрымалі пад ціскам, а падабаронны адмовіўся ад дачы паказаньняў.

Сугойдзь прызнаў віну часткова: на мітынгу быў, але на аўтазак не заскокваў.

Як паведамілі сваякі, яму залічылі праведзеныя пад вартай дні адзін за адзін. Такім чынам, за кратамі яму застаецца сядзець паўтара году.

Музыку Ігару Банцэру прысудзілі паўтара года «хіміі». Ён галадае 17-ы дзень

У судзе Ленінскага раёну Горадні агучылі вырак горадзенскаму музыку і актывісту Ігару Банцэру — паўтара года «​хіміі». Падсуднага, які сьцьвярджае, што не прымае ежу і ваду з 3 сакавіка, вызвалілі ў залі суду.

Яму засталося адбываць 8 месяцаў, бо 5 месяцаў пад вартай у СІЗА залічваецца як 10 месяцаў адбываньня «хіміі».

Менчука асудзілі на тры гады «хіміі» за абразу Лукашэнкі і міліцыі

14 сьнежня 37-гадовы Алег Асаул двойчы пазваніў у міліцыю. Спачатку адным словам абразіў Лукашэнку. Потым пазваніў яшчэ раз і абразіў міліцыянтаў, паведаміла «Вясна».

На судзе ён сказаў, што быў нападпітку і «наглядзеўся відэаролікаў» пра тое, як міліцыя зьбівае пратэстоўцаў.

Пацярпелай прызналі супрацоўніцу аддзяленьня ўнутраных спраў Натальлю Дзёміну, якая адказвала на званкі.

Мянчанку асудзілі на два гады «хіміі»​ за ўдзел у трох мірных маршах

Суд Кастрычніцкага раёна Менску 19 сакавіка прысудзіў Сьвятлану Брацянкову да двух гадоў абмежаваньня волі з накіраваньнем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу за ўдзел у трох мірных пратэставых маршах. Яе прызналі вінаватай у актыўным удзеле ў групавых дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак (ч. 1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Сьвятлана Брацянкова
Сьвятлана Брацянкова

Працэс вяла судзьдзя Вольга Няборская, дзяржабвінавачаньне прадстаўляў пракурор Віктар Завадзіч.

Згодна з абвінавачаньнем, Брацянкова прыняла актыўны ўдзел у несанкцыянаваных масавых мерапрыемствах 16 і 23 жніўня і 6 верасьня, дзе быццам бы гучна пляскала ў ладкі, выходзіла на праезную частку і перашкаджала руху грамадзкага транспарту на вуліцах Няміга, Валадарскага, Леніна, праспэкце Незалежнасьці, чым груба парушыла грамадзкі парадак і спакой грамадзян.

Сьведкі-міліцыянты на судовае пасяджэньне не зьявіліся. Падчас спрэчак пракурор заявіў, што віна Брацянковай даказаная яе паказаньнямі і пісьмовымі матэрыяламі справы, аднак прапанаваў выключыць з абвінавачаньня ўказаньні на тое, што яна гучна пляскала рукамі і выкрыквала лёзунгі, бо яны не знайшлі пацьвярджэньня ў судзе.

Абвінавачваная не затрымлівалі да суда, аб распачынаньні крымінальнай справы даведалася з дасланага па пошце ліста. Сваю віну Брацянкова не прызнала.

6 верасьня яе затрымлівалі за ўдзел у маршы і адбыла восем сутак адміністрацыйнага арышту.

Менчука асудзілі на 4 гады калёніі. Суд вырашыў, што ён траўмаваў начальніка Савецкага РУУС

У судзе Заводзкага раёна Менску 19 сакавіка абвясьцілі прысуд 23-гадоваму інжынэру Мікіту Кочуру, абвінавачанаму па ч. 2 арт. 363 Крымінальнага кодэкса (супраціў супрацоўніку міліцыі пры выкананьні, спалучанае з прымяненьнем гвалту). Судзьдзя Анжэла Касьцюкевіч прызнала Кочура вінаватым і прысудзіла яму 4 гады пазбаўленьня волі з адбываньнем пакараньня ў калёніі агульнага рэжыму, паведамляе «Вясна»

Напярэдадні пракурор Вольга Дзіндзілевіч запрасіла для яго менавіта такое пакараньне.

Увечары 11 жніўня, калі ў Менску праходзілі акцыі пратэсту супраць вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, Мікіта Кочур сустрэўся з братам і ягонай жонкай на вуліцы Някрасава, каб паказаць нядаўна набыты матацыкл. Брат Кочура з жонкай і дзецьмі прыехалі на машыне, прыпаркавалі яе побач. Двое дзяцей засталіся сядзець у машыне, а дарослыя размаўлялі побач каля матацыкла. Затым да іх пад’ехала міліцыя, супрацоўнікі ДАІ падышлі да Кочура і сталі патрабаваць у яго дакумэнты. Кочур, у сваю чаргу, папрасіў супрацоўнікаў прадставіцца і паказаць службовыя пасьведчаньні. У выніку Мікіту сьцягнулі з матацыкла, павалілі на зямлю, зьбілі дубінкамі і затым павезьлі ў РУУС.

20 лістапада яго ўзялі пад варту. Пацярпелымі па крымінальнай справе былі прызнаныя начальнік УУС Савецкага раёна Сяргей Каліньнік, старшы інспэктар ДАІ Савецкага раёна Яўген Крыварот, супрацоўнікі міліцыі Невяровіч і Надзёжны.

Згодна з прадʼяўленым абвінавачаньнем, па патрабаваньні супрацоўнікаў міліцыі Кочур адмовіўся прадʼявіць дакумэнты і падаць да агляду транспартны сродак (матацыкл «Хонда»), таксама адмовіўся прайсьці ў Савецкае РУУС для высьвятленьня асобы. Замест гэтага ён аказаў супраціў супрацоўнікам міліцыі — штурхаў і наносіў удары, парваў аднаму з іх кашулю. А палкоўнік Сяргей Каліннік упаў ад штуршка Качура і атрымаў траўму локця.

Мікіта Кочур сваёй віны ў злачынстве не прызнаў.

Жыхарку Новай Баравой асудзілі за крыкі «Жыве Беларусь!» з вакна

Паводле пратаколу, Тацяна Загорац выкрыквала 7 сакавіка лёзунг «Жыве Беларусь!» з вакна сваёй кватэры на 8-м паверсе. Сама Тацяна сьцьвярджала, што яе ў гэты час не было ў кватэры. Тым ня менш, судзьдзя аштрафавала яе за несанкцыянаванае пікетаваньне на 870 рублёў, паведаміла «Вясна».

Што такое «хімія» і «хатняя хімія»

«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».

Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.

«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.

«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.

Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.

10 відаў няволі: гід па беларускіх турмах

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG