Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Амапаўцы хадзілі па ступнях затрыманых і пыталі: „Хочаш — і табе так будзе?“» На судзе ў Гомлі абвінавачаныя расказалі пра гвалт


Давераныя асобы Сьвятланы Ціханоўскай у Гомлі: першы зьлева Юры Ўласаў, трэці зьлева Аляксандр Шабалін, далей Дзьмітрый Івашкоў, Тацяна Канеўская

У Чыгуначным судзе Гомля працягваецца суд над Юрыем Уласавым, Тацянай Канеўскай, Дзьмітрыем Івашковым і Аляксандрам Шабаліным. Іх вінавацяць у «масавых беспарадках» і плянаваньні «захопу адміністрацыйных будынкаў».

Паседжаньні праходзяць у практычна закрытым рэжыме. На іх дапускаюць толькі блізкіх абвінавачаных, прычым у іх забіраюць мабільныя тэлефоны.

20 красавіка на паседжаньні абвінавачаныя расказалі пра гвалт да іх з боку міліцыі і сьледзтва.

Абвінавачаньне грунтуецца на відэа, запісаным тайна на сустрэчы Ціханоўскай з даверанымі асобамі. З 2-гадзіннага відэа былі ўзятыя нарэзкі, якія прадэманстравалі па тэлевізіі. Там давераныя асобы гавораць пра «захоп будынкаў». На судзе абвінавачаныя патлумачылі, што не зьбіраліся ані рабіць масавых беспарадкаў, ані захопліваць будынкі. Гаворка ішла пра той варыянт падзей, калі на выбарах пераможа Сьвятлана Ціханоўская, і што рабіць далей.

Абвінавачаныя адмаўляюць, што зьбіраліся рэалізаваць нейкі сілавы варыянт. Што тычыцца просьбаў фінансаваньня ў Ціханоўскай, то грошы ім былі патрэбны на калёнкі, мэгафоны і гэтак далей, бо 7 жніўня давераныя асобы плянавалі правесьці ў Гомлі вялікі агітацыйны пікет.

У справе ёсьць «прызнаньні» Аляксандра Шабаліна на відэа. Ён там кажа, што Юры Ўласаў плянаваў «захоп будынкаў». Сёньня ў судзе Шабалін даў тлумачэньні, што агаварыў Уласава пад фізычным і псыхалягічным ціскам. Ён сьцьвярджае, што яго білі, у тым ліку па галаве, душылі і прымусілі завучыць тэкст з паперкі, які потым ён і зачытаў на відэа.

Пра фізычны і псыхалягічны гвалт сказаў на судзе і Дзьмітры Івашкоў. Юры Ўласаў гаварыў пра псыхалягічны гвалт і пагрозы ў яго бок «пасадзіць па 328» (за наркотыкі).

Тацьцяна Канеўская расказала, што была затрыманая ў адміністрацыйнай справе 8 жніўня. 10 жніўня ў яе быў суд, і судзьдзя адправіла матэрыялы на дапрацоўку. Але яе не выпусьцілі з канвойнага аўтамабіля, зноў завезьлі ў ІЧУ. Там, па словах абвінавачанай, яе завялі ў нейкае памяшканьне, дзе маладыя людзі ў кайданках стаялі на каленях, а супрацоўнікі АМАП хадзілі па ступаках гэтых маладых людзей. Тацьцяне сказалі: «Хочаш — і з табой так будзе?».

Суд працягнецца 27 красавіка.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG