Справу палітвязьня Паўла Севярынца перадалі ў суд у Магілёве

Палітвязьні Яўген Афнагель і Павал Севярынец

Сваякоў некаторых палітвязьняў праінфармавалі, што крымінальныя справы іх родных аб’яднаныя і перададзеныя ў Магілёўскі абласны суд.

Чакаецца, што разам будуць судзіць палітычных зьняволеных Паўла Севярынца, Яўгена Афнагеля, Андрэя Войніча, Паўла Юхневіча, Максіма Вінярскага, Ірыну Шчасную, Дзьмітрыя Казлова. Дата пачатку працэсу невядомая.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Абуджаныя беларусы робяць вялікую ўнутраную працу». Палітвязень Севярынец атрымаў 1500 лістоў з волі

«Так, справу Паўла перадалі ў Магілёўскі абласны суд, — паведаміла Свабодзе ягоная жонка Вольга Севярынец. Адвакатка 6 красавіка бачыла Паўла на спатканьні ў менскім СІЗА. — Па яго словах, ён атрымаў дакумэнты аб тым, што пракуратура адаслала справу менавіта туды. Яго самога могуць перавесьці ў Магілёў ужо на днях, але дакладна невядома, суд павінен быць прызначаны на працягу месяца».

«Павал трымаецца нармальна. Кажа, што паколькі ў гэтай справе поўнае беззаконьне і ад яго нічога асабліва не залежыць, то ён стараецца не марнаваць часу: адказвае на лісты, чытае, працуе над сваімі кнігамі», — расказала Свабодзе Вольга Севярынец.

Чаму справу фігурантаў, бальшыня якіх жыве ў Менску, будуць разглядаць у Магілёве? Сваякі затрыманых лічаць, што гэта робіцца, каб розгалас быў меншы і каб іншагароднім цяжэй было трапіць на рэзанансны працэс.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пракурор запрасіў 3 гады калёніі блогерам Кабанаву і Пятрухіну

Дакладна так адбываецца ў выпадку са зьняволенымі блогерамі Сяргеем Пятрухіным і Аляксандрам Кабанавым: іх, жыхароў Берасьцейшчыны, судзяць у Магілёве.