Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пракурор запрасіў 3 гады калёніі блогерам Кабанаву і Пятрухіну


Блогеры Аляксандар Кабанаў і Сяргей Пятрухін на судзе, архіўнае фота

Пракурор Амосава лічыць, што віна падсудных даказаная. Паводле яе, блогеры спрычыніліся, разам зь Мікалаем Статкевічам і Сяргеем Ціханоўскім, да арганізацыі пратэставага руху і стварэньня грамадзкага напружаньня ў пэрыяд электаральнай кампаніі 2020 году.

Дзяржаўнае абвінавачваньне просіць адправіць берасьцейскіх блогераў Кабанава і Пятрухіна на 3 гады ў калёнію агульнага рэжыму. Таксама пракурорка прапануе прысудзіць кампэнсацыю маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАПу Аўтушэнку ў салідарным парадку па 1500 рублёў.

Пракурор: ажыцьцяўлялі ўзгодненую і мэтанакіраваную дзейнасьць у стварэньні грамадзка-палітычнай напружанасьці

1 красавіка на працэсе пачаліся спрэчкі бакоў. З выступу пракурора Тацяны Амосавай вынікала, што падсудныя на youtube-каналах «Страны для жизни» и «Народный репортер» публікавалі матэрыялы з заклікамі да грамадзян груба парушаць парадак. Адміністравалі сыстэму распаўсюджваньня інфармацыі з «ілжывай ацэнкай нелегітымнасьці прадстаўнікоў улады, у тым ліку вышэйшых службовых асобаў краіны». Для гэта яны ўступілі ў змову зь Сяргеем Ціханоўскім і атрымлівалі ад яго грошы«.

Разам з ім яны ажыцьцяўлялі «узгодненую і мэтанакіраваную дзейнасьць у стварэньні напярэдадні выбараў 2020 году грамадзка-палітычнай напружанасьці», рэалізоўвалі пляны арганізацыі пратэстнага руху пад выглядам пікетаў, а таксама зьбіраньня подпісаў за вылучэньне кандыдатаў у прэзыдэнты. Па словах Тацяны Амосавай наступствы такой дзейнасьці былі бачныя і пасьля таго, як абвінавачаныя былі затрыманыя.

Кабанава і Пятрухіна за грубае парушэньне грамадзкага парадку і зьнявагу судзьдзі Тацяна Амосава прасіла суд пакараць 3 гадамі калёніяў агульнага рэжыму. Акрамя таго яны павінны сплаціць па 1500 рублёў кампэнсацыю маральнай шкоды супрацоўніку магілёўскага АМАП Віталю Аўтушэнку. Па вэрсіі сьледзтва, блогеры апублікавалі фота міліцыянта ў інтэрнэце з тэкстам, які «утрымлівае публічную зьнявагу ў непрыстойнай форме».

Адвакатка: Пятрухін карыстаўся дадзеным канстытуцыяй права на свабоду меркаваньняў

Сяргей Пятрухін на папярэднім сьледзтве адмовіўся даваць паказаньні, адзначыўшы, што агучыць сваю пазыцыю на судзе. Такой магчымасьці ў яго не зьявілася. Паводле адвакаткі Ірыны Тачкар, у пісьмовых тлумачэньнях яе падабаронны катэгарычна адмаўляе сваю віну ўва ўсіх інкрымінаваных яму злачынствах.

Абвінавачваньне ў грубым парушэньні грамадзкага парадку, са слоў адвакаткі, Пятрухін лічыць «абсурдным і не пацьверджаным доказамі». Па яе словах змова падабароннага з блогерам Ціханоўскім трымаецца на меркаваньнях, а не на фактах. Абставінаў іхнага супрацоўніцтва сьледзтва не высьвятляла, але імкнулася паказаць, што яно было. Хадайніцтва аб допыце Ціханоўскага на працэсе не было задаволенае.

Паводле адвакаткі, наяўнасьць у матэрыялах справы дакумэнтаў аб праслухоўваньні гутарак Статкевіча з журналістамі, ягоных перамоваў зь Ціханоўскім не ўтрымлівае ніякай інфармацыі аб злачыннай дзейнасьці Пятрухіна і Кабанава.

Па яе словах абвінавачваньне не прадставіла доказаў, як падсудныя далучыліся да злачыннай дзейнасьці самаго Ціханоўскага, як ён разьмяркоўваў ролі і перадаваў ім грошы.

Ірына Тачкар адзначыла, што яе падабаронны зьяўляўся актыўным, мэтанакіраваным на барацьбу зь несправядлівасьцю грамадзянінам. Паводле яе, у Пятрухіна быў адзіны заклік, каб суграмадзяне зрабілі свой выбар і паклапаціліся пра будучыню краіны. Ён карыстаўся дадзеным канстытуцыяй правам на свабоду меркаваньняў.

Што да абвінавачваньня ў абразе судзьдзі Берасьцейскага абласнога суду Андрэя Лешчанкі, то адвакатка адзначыла: крымінальная справа была распачатая па ананімным паведамленьні. Сам пацярпелы заявы на супрацьпраўныя дзеяньні Пятрухіна не падаваў. Паводле Ірыны Тачкар падзея зь нібыта абразай судзьдзі адбывалася ў 2018 годзе. Тады на старонцы Пятрухіна «Укантакце» былі выкладзеныя два відэаролікі. Яны самі і камэнтары да іх ананімная асоба палічылі зьняважлівымі для судзьдзі.

Напрыканцы выступу Ірына Тачкар адзначыла, што адсутнічаюць доказы віны, на падставе якіх можа быць вынесены абвінаваўчы прысуд Пятрухіну. Яна заклікала суд «прыняць апраўдана сьмелае і законнае рашэньне з вынясеньнем апраўдальнага прысуд свайму падабароннаму».

9 красавіка выступіць адвакатка Аляксандра Кабанава — Галіна Азоліна.

Крымінальную справу супраць Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якіх праваабаронцы прызналі палітвязьнямі, разглядаюць у Кастрычніцкім судзе Магілёва. Абодвум інкрымінуюць арганізацыю групавых дзеяньняў, якія груба парушаюць грамадзкі парадак, а таксама зьнявагу прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананьнем службовых абавязкаў. Акрамя таго, Пятрухіна судзяць за абразу судзьдзі. Сваёй віны падсудныя не прызнаюць.

11 лютага на першым судовым пасяджэньні за парушэньне парадку яго правядзеньня судзьдзя Вольга Краўчанка выдаліла абвінавачаных. У далейшым іх на працэс не дастаўлялі, а хадайніцтвы аб выступе з тлумачэньнем сваёй пазыцыі судом не задавальняліся.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG