Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паспрабуем правесьці рэфэрэндум». Што стала з «акумулятарным» пратэстам у Берасьці


Пратэст супраць акумулятарнага завода ў Берасьці, 26 красавіка 2020 году.

«Кармленьне галубоў» на цэнтральнай плошчы спынілася яшчэ ў чэрвені 2020-га. Блогеры Пятрухін і Кабанаў за кратамі.

Акумулятарны завод ля Берасьця павінны былі запусьціць яшчэ некалькі гадоў таму. Спачатку гэтаму перашкаджалі пратэсты мясцовых жыхароў, потым крымінальная справа супраць уласьніка.

Перад выбарамі ў справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, паабяцаўшы берасьцейцам мясцовы рэфэрэндум. Увосень мэтазгоднасьць рэфэрэндуму паставілі пад сумнеў берасьцейскія ўлады. Завод, які цяпер належыць кіраўніку Фэдэрацыі хакею Беларусі Мікалаю Баскаву, нібыта мусілі запусьціць у прамысловую эксплюатацыю да канца лютага.

Пратэст супраць акумулятарнага завода ў Берасьці, красавік 2020 году.
Пратэст супраць акумулятарнага завода ў Берасьці, красавік 2020 году.

Жыхары вёскі Тэльмы, якая знаходзіцца найбліжэй да прадпрыемства, зноў пачалі зьбіраць подпісы за правядзеньне рэфрэндуму.

«Пыхкае»

«Мінулы раз мы сабралі шмат подпісаў, цяпер пакуль толькі падалі заяўку ў Тэльменскі сельвыканкам, — расказвае Свабодзе жыхарка Тэльмаў Людміла. — Калі дадуць дабро, то пачнём зьбіраць подпісы зноў. Заяўка на рэгістрацыю ініцыятыўнай групы. Пакуль толькі гэта. У ініцыятыўную групу ўвайшлі 14 чалавек».

Пытаньне, якое жыхары сельсавету зьбіраюцца выносіць на рэфэрэндум, гучыць так:

«Ці згодныя вы на разьмяшчэньне і эксплюатацыю на тэрыторыі Тэльменскага сельскага савету заводу сьвінцова-кіслотных акумулятарных батарэй ТАА „Акумулятарны альянс“ (былое ТАА „АйПаўэр“)?».

На тэрыторыі сельсавету жывуць каля 3000 чалавек. Калі мясцовыя ўлады дазволяць зьбіраць подпісы, то трэба будзе знайсьці больш за 300 праціўнікаў заводу. Ці атрымаецца гэта зрабіць, таксама пытаньне. Па словах Людмілы, раней людзі і ў Тэльмах, і ў Берасьці былі вельмі актыўнымі, але цяпер шмат хто баіцца адкрыта зьбірацца на пляцоўцы ля заводу і ў горадзе.

«Па дзьве фуры на дзень выяжджаюць з брамы заводу, так людзі гавораць, якія жывуць бліжэй да яго, — расказвае Людміла пра актыўнасьць на тэрыторыі скандальнага прадпрыемства. — Нам кажуць, што гэта пусканаладка. Але фуры езьдзілі нават тады, калі яшчэ не было размоваў і пра пусканаладку. Людзі гавораць, што завод ужо працуе. Толькі ня ў поўную сілу, але штампуюць (акумулятары. — РС) і вывозяць. Тое, што фуры выяжджаюць адтуль, гэта дакладна».

Раман Кісьляк і Дзьмітрый Андрасюк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 года.
Раман Кісьляк і Дзьмітрый Андрасюк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 года.

Па словах мясцовай жыхаркі, відаць і дзейнасьць на самім заводзе, «пыхкае» комін. Адказ ініцыятарам рэфэрэндуму мясцовыя ўлады павінны даць да сярэдзіны сакавіка. Подпісы супраць акумулятарнага заводу ў Тэльмах ужо зьбіралі ў 2018 годзе. Тады за спыненьне будаўніцтва заводу падпісалася большасьць жыхароў. Яны выказаліся за правядзеньне рэфэрэндуму ў гэтым пытаньні, аднак мясцовыя ўлады адмовіліся яго зацьвердзіць. Справа даходзіла да суду, які прыняў бок уладаў.

«Гульня ў адкрытасьць спынілася»

Ініцыятыўную групу для правядзеньні рэфэрэндуму аб заводзе зьбіраюцца сфармаваць і ў Берасьці, расказаў Свабодзе праваабаронца Раман Кісьляк.

«Групы будуць фармавацца да таго моманту, калі іх колькасьць дазволіць нам рэальна сабраць неабходныя подпісы. Гэта прыкладна адзін чалавек на сто подпісаў, альбо адзін удзельнік ініцыятыўнай групы на тысячу галасуючых», — тлумачыць Кісьляк.

Праваабаронца пацьвярджае інфармацыю пра тое, што завод ужо працуе. Дадае толькі, што пакуль ніхто ня ведае, гэта пусканаладка ці нармальная праца. Берасьцейскія ўлады больш не інфармуюць людзей, што адбываецца на прадпрыемстве.

Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 года.
Раман Кісьляк на пікеце каля акумулятарнага заводу ў Берасьці, 26 верасьня 2019 года.

«На жаль, гульня ў адкрытасьць спынілася, — кажа Раман Кісьляк. — Прэс-канфэрэнцыі, прысьвечаныя сытуацыі з заводам, не праводзяцца. Відавочна, што гэта была гульня. Далі каманду паказваць адкрытасьць, а калі яна больш не была патрэбна, усё спынілася. Наверсе вырашылі, што ўсё, хопіць: мы завод адкрываем, і ўсё адно, што там думаюць мясцовыя жыхары. Але мы дашлем запыты зноў. Хай адказваюць нам на пытаньні».

Апошняя акцыя з кармленьнем галубоў на цэнтральнай плошчы прайшла ў Берасьці 22 чэрвеня. Прыкладна ў той жа час арыштавалі блогераў Сяргея Пятрухіна і Аляксандра Кабанава, якія актыўна ўдзельнічалі ў «акумулятарных» пратэстах ад самага пачатку. Па словах Рамана Кісьляка, «кармленьні галубоў» на плошчы ў Берасьці цяпер наўрад ці адновяцца.

«У горадзе стварылі такую атмасфэру, што акцыі больш немагчыма праводзіць. Вядома, людзі запалоханыя. Усіх, хто зьяўляўся на плошчы, затрымлівалі. Ці адновяцца нашыя акцыі зноў, цяжка сказаць. Пакуль перадумоваў для гэтага няма. Міліцыя будзе затрымліваць усіх, прыцягваць да адказнасьці, нават да крымінальнай. Любыя масавыя мерапрыемствы цяпер — гэта „арганізацыя масавых беспарадкаў“».

Па словах Кісьляка, праціўнікі акумулятарнага зводу цяпер спадзяюцца на законныя пікеты для збору подпісаў супраць запуску прадпрыемства.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG