У красавіку Камітэт супраць катаваньняў ААН разгледзіць сытуацыю ў Беларусі. Што гэта можа даць

Архіўнае фота. Менск, 1 лістапада 2020

Валянцін Стэфановіч з Праваабарончага цэнтру «Вясна» сказаў Свабодзе, што ў гэтым месяцы Камітэт ААН супраць катаваньняў мусіць разгледзець афіцыйны даклад Беларусі пра выкананьне ёю Канвэнцыі супраць катаваньняў і што «Вясна» падрыхтуе на гэты разгляд свой альтэрнатыўны даклад.

Раней «Вясна» разам зь Беларускім Хэльсынскім камітэтам даслалі ў Камітэт супраць катаваньняў свае пытаньні да беларускага ўраду ў сувязі з гэтым пэрыядычным, ужо шостым дакладам Менску пра выкананьне Канвэнцыі супраць катаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Праваабаронцы падрыхтавалі 80 пытантьняў ураду Беларусі ад імя Камітэту супраць катаваньняў ААН

«Беларусь дагэтуль не ратыфікавала факультатыўны пратакол да Канвэнцыі супраць катаваньняў — гэта азначае, што беларускія грамадзяне ня могуць зьвяртацца з індывідуальнымі зваротамі ў Камітэт супраць катаваньняў у выпадку парушэньня нейкіх правоў. Але ў прынцыпе Канвэнцыя супраць катаваньняў ратыфікаваная, то бок Беларусь узяла на сябе добраахвотныя абавязаньні выконваць Канвэнцыю, што таксама датычыць абавязку расьсьледаваць усе факты катаваньняў, якія адбываюцца ў краіне, і прыцягваць вінаватых да адказнасьці», — сказаў праваабаронца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У дакладзе Дзярждэпартамэнту ЗША гаворыцца пра забойствы і катаваньні ў Беларусі і беспакаранасьць за іх

Стэфановіч паведаміў, што калі Камітэт супраць катаваньняў перадасьць пытаньні праваабаронцаў у Менск, беларускі ўрад абавязаны даць на іх адказ на сэсіі Камітэту, якая будзе разглядаць сытуацыю з катаваньнямі ў Беларусі.

«У справаздачы беларускага ўраду адна рэч вельмі каштоўная: Беларусь там прадстаўляе статыстыку, якую цяжка знайсьці ў свабодным доступе. Напрыклад: колькі было заведзена справаў супраць міліцыянтаў на працягу нейкага пэрыяду? Скаргаў пішацца шмат, але аказваецца, што большасьць зь іх заканчваюцца на этапе праверак. Крымінальныя справы так і не заводзяцца, усяго толькі адзінкі», — адзначае Стэфановіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: ААН: Органы папярэдняга расьсьледаваньня Беларусі атрымалі 4644 скаргі пра ўжываньне сілы і спэцсродкаў сілавікамі

Пасьля разгляду дакладаў як беларускага ўраду, так і праваабаронцаў, Камітэт выпрацуе рэкамэндацыі для беларускіх уладаў. Стэфановіч прызнае, што ўсе такія рэкамэндацыі да гэтага часу наагул ігнараваліся афіцыйным Менскам і заставаліся на паперы, нават калі ў справу ўмешвалася Рада правоў чалавека ААН і прымала адмысловую рэзалюцыю. Аднак апошняя рэзалюцыя, дадаў праваабаронца, унесла новы элемэнт.

«Апошняя рэзалюцыя Рады правоў чалавека ААН аб Беларусі адметная тым, што быў створаны міжнародны мэханізм расьсьледаваньня і прыцягненьня да адказнасьці вінаватых у катаваньнях, — сказаў Стэфановіч. — То бок офіс Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека надзелены паўнамоцтвамі зьбіраць і апрацоўваць інфармацыю, узбуджаць расьсьледаваньне і прыцягваць вінаватых да адказнасьці. Уся інфармацыя, сабраная пра катаваньні беларускімі праваабаронцамі, будзе перадавацца туды, у гэты офіс, надзелены цяпер такім інструмэнтам. Мы будзем зь ім шчыльна працаваць і такім чынам дамагацца справядлівасьці».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Ці магчымы міжнародны трыбунал для рэжыму Лукашэнкі? Адказвае дырэктарка Маскоўскай Хэльсынскай групы

На сайце Рады правоў чалавека ААН паведамляецца, што сэсія Камітэту супраць катаваньняў, прысьвечаная Беларусі, прызначаная на 28 красавіка.

Акрамя «Вясны» і Беларускага Хэльсынскага камітэту, свае заўвагі і пытаньні да Беларусі праз Камітэт супраць катаваньняў накіравалі і іншыя праваабарончыя арганізацыі: Беларускі дакумэнтацыйны цэнтар, Міжнародны камітэт дзеля расьсьледаваньняў катаваньняў у Беларусі-2020, Прыхільнікі правоў чалавека і Цэнтар прасоўваньня правоў жанчын «Яе правы».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой — не». Выпускнік Ейльскага ўнівэрсытэту і былы выкладчык БДУ пра свае 15 сутак