Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой — не». Выпускнік Ейльскага ўнівэрсытэту і былы выкладчык БДУ пра свае 15 сутак


Яраслаў Кот
Яраслаў Кот

Былы выкладчык юрыдычнай этыкі БДУ Яраслаў Кот адседзеў 15 сутак за нецэнзурную лаянку. Калі ў яго арыштавалі рахункі і ён зразумеў, што пагражае некалькі крымінальных спраў, зьехаў з краіны.

На момант, калі да яго ўварваліся людзі ў чорным, Яраслаў працаваў над дапаможнікам па судова-пракурорска-сьледчай этыцы.

Вучыўся ў ЗША і Лёндане, кандыдацкую абараніў у Маскве

Яраслаў Кот скончыў Ейльскі ўнівэрсытэт у ЗША, вучыўся там на драматурга. Але ў Штатах не застаўся, вярнуўся на радзіму. Скончыў юрфак БДУ і Акадэмію кіраваньня, вучыўся ў бізнэс-школе ў Вялікай Брытаніі. Летась у Маскоўскім тэхнічным унівэрсытэце імя Баўмана абараніў кандыдацкую дысэртацыю па філязофіі, бо ў Беларусі тэму пра свабоду, як ён кажа, «зарубілі». Заснавальнік супольнасьці распрацоўшчыкаў гульняў Belgamedev і кіраўнік беларускага аддзяленьня Міжнароднай асацыяцыі распрацоўшчыкаў гульняў, прафэсар у бізнэс-школе ІПМ.

Да сьнежня 2020 году Яраслаў заставаўся выкладчыкам на юрыдычным факультэце БДУ. Сваёй палітычнай пазыцыі ня ўтойваў — яшчэ ў жніўні пісаў пэтыцыі, звароты. Быў адміністратарам чату «БДУ 97». На факультэце пачалі ціснуць.

«Новая дэкан (не прафэсар, а кандыдат навук, і нават на юрфаку не вучылася) пачала выклікаць мяне «на дыван» пастаянна. Несла ўсялякую лухту: «Вы палітыкай займаецеся, уцягваеце туды студэнтаў. Танкі будуць іх душыць, і гэта будзе на вашым сумленьні». Я адказваў: «А навошта іх душыць? І чаму на маім сумленьні? Гэта будзе на сумленьні тых, хто танкі павядзе на народ», — кажа Яраслаў.

На пачатку лютага да Яраслава прыйшлі зь ператрусам.

«Было рэальнае адчуваньне, што прыйшлі рабаваць»

Яраслаў 9 лютага працаваў дома — нядаўна сур’ёзна перахварэў на каранавірус, Новы год сустракаў у РНПЦ пульманалёгіі і фтызіятрыі. Раніцай пачуў падазроны шум за дзьвярыма, потым раздаўся рэзкі званок: вочка закрыта далоньню. Прачыніў дзьверы — 8 чалавек у цывільным уварваліся ў кватэру.

«Было рэальнае адчуваньне, што прыйшлі рабаваць. Пачаў крычаць: „Суседзі, выклікайце міліцыю!“ А яны кажуць, што міліцыя ўжо тут.

У іх быў таран — калі б я не прачыніў дзьверы, яны б выбілі. Пада мной жыве бацька палітвязьня, студэнта Ільлі Трахтэнбэрга, які ўжо чатыры месяцы ў зьняволеньні. Дык ягоны бацька быў панятым пры ператрусе разам зь іншым суседам.

Чацьвёра амапаўцаў моцна прэсанулі мяне, пабілі, надзелі кайданкі, яшчэ чацьвёра былі сьледчымі. Сказалі, што ператрус і затрыманьне — у межах нейкай крымінальнай справы.

Дарэчы, калі да мяне ўварваліся, я, па іроніі лёсу, працаваў над рэдагаваньнем разьдзелаў „Сумленьне, справядлівасьць, гонар і годнасьць“ для дапаможніка ў судова-пракурорска-сьледчай этыцы», — успамінае тую раніцу Яраслаў.

«Біць, катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой — не»

Сьледчыя запатрабавалі тэлефон, забралі ўсе лічбавыя прылады — кампутар, флэшкі, пераносныя цьвёрдыя дыскі, ноўтбук.

«Канфіскавалі ўсю маю інтэлектуальную ўласнасьць. Я ж навуковец, юрыст, кансультант — былі розныя прэзэнтацыі, навуковыя працы, даклады.

Потым раптам знайшлі ў мяне самаробны паляўнічы патрон — я нават ня ведаў, што ў мяне такое было. Забралі нажы і ржавы штык. Я спрабаваў жартаваць: «Нарэшце і да мяне прыйшлі, а то няёмка: паўгода як у чорных сьпісах, а мяне абмінаюць», — кажа Яраслаў.

Пасьля ператрусу павезьлі ў ГУБАЗіК. Пыталіся пароль ад тэлефона, пра Telegram, пра сувязі, пра бандфармаваньні, пра атрады грамадзянскай самаабароны.

«Ім было вядома, што я быў адміністратарам каналу „БДУ 97“. Прычым я выдаліўся з адмінаў, калі хварэў, але яны забралі мой тэлефон, кудысьці панесьлі, вярнуліся — а я ўжо зноў адмін. У мяне шмат каналаў па працы, яны ў іх заблыталіся, штосьці праверылі, штосьці не.

Доўга гутарылі са мной аб розных справах. Я зразумеў, што да мяне едзе „вялікі паравоз“ — прышыюць адразу некалькі спраў.

Пагражалі, але неяк няўмела, непрафэсійна. Я як юрыст, які 15 гадоў працаваў на катэдры крыміналістыкі, быў расчараваны: ня ведаю, чаму яны вучыліся і хто іх вучыў. Біць, катаваць сілавікі ўмеюць, але думаць галавой, прымяніць нармальныя мэтодыкі — не», — робіць выснову выкладчык крыміналістыкі.

Калі выкладаў прафэсійную этыку на юрфаку, кажа, што змагаўся, каб быў адбор у сьледчыя і судовыя органы.

Глыбокай ноччу Яраслава прывезьлі на Акрэсьціна. Яму было цікава назіраць за паводзінамі і псыхалёгіяй праваахоўнікаў. Калі яго разам з журналісткай Любоўю Лунёвай і апэратарам Дзьмітрыем Буянавым прывезьлі ў ЦІП, у аднаго супрацоўніка ўжо скончылася зьмена, ён сыходзіў.

«А калі ён пабачыў, што Любоў усьміхаецца — яна ж жыцьцярадасная, — як пачаў лаяцца: мат-перамат, не спыніць! Чалавек нават не пайшоў дадому, застаўся звышурочна, каб лішні раз пасварыцца і пакрыўдзіць чалавека. Ён ужо нібыта не пры выкананьні, аднак у яго такая жыцьцёвая пазыцыя — кайф ад гэтага. Ён проста дарваўся!» — дзеліцца ўражаньнямі юрыст.

Падчас суду на Акрэсьціна сьведкі пабілі абвінавачанага

А раніцай быў суд: у камэры яго пасадзілі ў клетку, паставілі ноўтбук і праз скайп судзілі за хуліганства: нібыта ў пад’езьдзе Кот нецэнзурна лаяўся.

«Судзілі з надзвычайным парушэньнем працэсуальнага заканадаўства. Уяўляеце, са мной у камэры знаходзіліся два сьведкі абвінавачаньня — Громаў і Бельскі. Да таго ж яны лжэсьведчылі.

Адзін сказаў, што „круцілі“ мяне калі ліфта, а ў маім пад’езьдзе няма ліфта. У другога я запытаўся, у чым я быў апрануты. Ён адказаў, што ў кашулі, а я быў з голым торсам і басанож. Вельмі хацелася ўзьняць пытаньне пра іх прафпрыдатнасьць, бо літаральна ўчора мяне круцілі, а сёньня яны ўжо нічога ня памятаюць. Чуць „ня памятаю“, „ня ведаю“ ад чалавека, прафэсія якога „памятаць і ведаць“, было дзіўна.

А калі судзьдзя пайшла прымаць рашэньне, гэтыя сьведкі мяне яшчэ і пабілі — за тое, што я ім задаваў пытаньні», — падзяліўся ўражаньнямі ад суду былы выкладчык юрфаку Яраслаў Кот.

У выніку судзьдзя Савецкага райсуду Марына Фёдарава прызначыла 15 сутак.

«Мы называлі шконкі мангаламі»

У ЦІПе было жорстка і брутальна, успамінае Яраслаў. У камэры, разьлічанай на чатырох, пастаянна знаходзілася ад 12 да 17 чалавек. Вельмі горача — вэнтыляцыю не ўключалі, па сьценах цёк кандэнсат.

«Шконкі там з мэталічнымі кратамі, матрацаў палітычным не давалі. Мы называлі шконкі мангаламі, бо пасьля сну на сьпіне адбіваліся гэтыя краты — як на смажаным мясе. Спалі на падлозе, седзячы за сталом.

Ежу немагчыма было есьці, выкідалі ва ўнітаз, казалі, што кормім „чарапашак-ніндзя“. Я пасьля хваробы на 15 кг схуднеў, і яшчэ на 6 — за 15 сутак.

Калі быў „народны сход“, два дні вадзілі ў большую камэру яго слухаць — гэта было невыносна. Але ўспрымалі гэта як прагулку — там хоць паветра было», — расказвае пра адседку Яраслаў Кот.

«Нават людзі, якія выпадкова трапілі на Акрэсьціна, разумелі, што больш трываць нельга»

Зь цеплынёй Яраслаў успамінае суседзяў па камэры — побач «суткі» адбывалі архітэктары, лекары, айцішнікі. Сябе яны называлі «змрэкамі» — прыдумалі нэалягізм, спалучыўшы «змагароў» з «зэкамі». Калі Яраслава прывезьлі на Акрэсьціна, яго ў камэры агледзеў турэмны фэльчар. Кажа, што ў дакумэнты яна запісала толькі "вывіх пляча". А вось кардыёхірург, які разам зь Яраславам адбываў «суткі», дыягнаставаў у яго садно левага пляча, вывіх правага пляча, страсеньне мозгу, шматлікія сінякі, драпіны патыліцы, твару, гематому на нырцы.

«Нават людзі, якія выпадкова трапілі на Акрэсьціна, разумелі, што больш трываць нельга. Мне тэлефанаваў былы сукамэрнік, 57-гадовы электрык з аўтапарку, які пасьля Новаг году вяртаўся ад сваякоў. Яго схапілі, выкарысталі электрашокер з такім шалёным разрадам, што мужык трапіў з інфарктам у шпіталь — яго забралі з Акрэсьціна. Дык вось, калі яго выпісалі, патэлефанавалі: „Ты не даседзеў, прыходзь на Акрэсьціна даседжваць“. Апёк быў жудасны на целе, чорная скура. Падзяліўся, што цяпер ён баіцца людзей у чорным і міліцыі.

Я не хачу, каб мае дзеці жылі ў страху. Мой 7-гадовы сын пайшоў з бабуляй у піцэрыю на Нямізе. А там адкрытае акно-вітраж, а пад ім ГУБАЗіК малоціць чалавека. Бабуля закрывае дзіцяці вочы далоньню», — расказвае юрыст.

З Акрэсьціна зрабіў прапанову каханай дзяўчыне

З Акрэсьціна на сурвэтцы, якую прыхаваў, Яраслаў напісаў ліст каханай дзяўчыне з прапановай рукі і сэрца.

Калі выйшаў на волю, даведаўся, што ў яго арыштавалі рахункі. Пасьля вызваленьня ён за пару дзён аформіў генэральныя даверанасьці на маёмасьць і зьехаў зь дзяўчынай у Варшаву.

«Я вельмі ўдзячны сваім сябрам за дапамогу. Вы не ўяўляеце, які гэта кайф — ісьці па вуліцы і не баяцца бусікаў і сілавікоў», — кажа Яраслаў Кот.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG