Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Нам крычалі: «Фашысты! Зьвяры!» Былы афіцэр унутраных войскаў расказаў пра жнівеньскія пратэсты


Унутраныя войскі ў Менску, 9 жніўня 2020

Афіцэр унутраных войскаў МУС расказаў, што бачыў па той бок барыкадаў пасьля прэзыдэнцкай кампаніі і пра настроі ў ягонай частцы.

«Нам паставілі задачу: ахова грамадзкага парадку ў Менску 9 жніўня. Раніцай мы прыбылі ў горад. Была поўная цішыня: ні машын, ні людзей, ні міліцыі. Дзень правялі, седзячы ў машынах. Вечарам далі каманду накіравацца ў бок Нямігі. Эпіцэнтар падзеяў быў бліжэй да стэлы. Чуў, як гранаты выбухалі і вадамёты ехалі», — расказаў Аляксандар сайту «Салідарнасьць».

Да чатырох раніцы ягонае падразьдзяленьне ўдзельнічала «ў спэцапэрацыі па спыненьні масавых беспарадкаў». Людзі крычалі сілавікам: «Фашысты! Зьвяры! Што вы робіце?» — успамінае ён.

Загадвалі біць усіх, каб больш не выходзілі на мітынгі

На працягу двух тыдняў пасьля выбараў афіцэраў з часткі дадому не адпускалі. Па графіку вайскоўцы выяжджалі ў горад і сядзелі ў машынах.

«Ідэолягі спрабавалі стварыць у частцы „сьвяточную атмасфэру“ — уключалі музыку па радыё. Да 9 жніўня ніхто ня ставіў задачы ўжываць сілу, а пасьля выбараў нам сказалі пры затрыманьні дзейнічаць жорстка. Прасьцей кажучы, біць усіх, каб больш не выходзілі на мітынгі».

Менавіта тады Аляксандар упершыню задумаўся пра звальненьне. Усьвядоміў, што падтрымлівае гвалт, застаючыся на службе.

«У кожнага ёсьць выбар. Ніякім загадам нельга прымусіць даганяць і біць. Я праінструктаваў падначаленых пра ўжываньне сілы: толькі ў выпадку пагрозы сабе і рэальнага злачынства. Калі людзі проста ідуць, ня біць. Але ня ўсе афіцэры прытрымліваліся такой пазыцыі. Я бачыў, як намесьнік камандуючага ўнутраных войскаў нагамі біў чалавека на зямлі. Адзін з начальнікаў паставіў задачу кідаць камяні ў машыны, якія сігналяць на знак салідарнасьці», — кажа ён.

Кажучы пра настроі сярод вайскоўцаў, суразмоўца «Cалідарнасьці» адзначае, што ў ягоным калектыве каля 10% афіцэраў-кантрактнікаў трымаюцца адэкватнай пазыцыі і разумеюць, што выбары прайшлі несумленна. Яшчэ 30% разумеюць, што адбываецца, дапускаюць, што выбары фальсыфікавалі, але пазыцыі ніяк не праяўляюць.

«Нарэшце, палова такіх, як палкоўнік Крываносаў з Гомельскай вобласьці, які „зарад энэргіі“ атрымаў ад Лукашэнкі. Што тычыцца салдатаў, на іх лягчэй ўзьдзейнічаць, чым на міліцыянтаў, якія кожны дзень ходзяць дадому. У тэрміновай службы інфармацыі нуль, тэлефоны забароненыя, чытаць могуць толькі „СБ“ ці „На страже“. Таму частка верыла, што пратэстоўцаў 20 чалавек, якія выйшлі на вуліцу, бо ім заплацілі».

Па словах Аляксандра, у восеньскім прызыве сустракаліся тыя, хто сядзеў на Акрэсьціна або быў аштрафаваны паводле артыкулу 23.34. На асабістых справах такіх салдат ставілі чырвоную пазнаку.

Цяпер мужчына набывае сабе новую прафэсію. Яго заяўку ўхваліў фонд BYSOL, створаны для дапамогі і падтрымкі тым, хто пазбавіўся працы з палітычных прычынаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG