Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Армія супраць народу. Размова з вайсковым экспэртам


Наколькі законным было выкарыстаньне Ўзброеных сілаў для падаўленьня пратэстаў? Якая была матывацыя такога выкарыстаньня? Які вынік гэта дало? Як доўга войскі былі задзейнічаныя ў гэтых апэрацыях?

На гэтыя пытаньні ў інтэрвію Свабодзе адказвае вайсковы экспэрт Аляксандар Алесін.

  • 17 лютага ў Берасьці аднавіўся судовы працэс у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава, які загінуў ад агнястрэльнага раненьня.
  • Кардзюкоў і загінулы Шутаў на працэсе — абвінавачаныя.
  • Пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спэцыяльнага рэагаваньня (вайсковая частка № 89417 сіл спэцыяльных апэрацый) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.
  • Паводле матэрыялаў справы, менавіта Гаўрылаў застрэліў Генадзя Шутава.

— Судовы працэс у Берасьці, дзе пацярпелымі выступаюць вайскоўцы сілаў спэцыяльных апэрацый Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын, сьведчыць пра тое, што падчас пратэстаў для іх падаўленьня выкарыстоўваліся ня толькі міліцыя і ўнутраныя войскі, але і армія, баявыя часткі. Наколькі законным было выкарыстаньне ўзброеных сілаў для падаўленьня пратэстаў?

— У апошнія гады былі ўнесеныя зьмены ў вайсковую дактрыну. Уведзенае паняцьце «гібрыднай вайны». Зьнешні вораг, выкарыстоўваючы «пятую калёну», спрабуе захапіць уладу.

Супраць такіх дзеяньняў дапускаецца выкарыстаньне спэцыяльных сілаў, падрыхтаваных для контрадывэрсійных, контратэрарыстычных дзеяньняў. Калі камандзір гэтых сілаў разглядае падзеі як мяцеж, як пралёг гібрыднай вайны, ён можа ўжываць узброеныя сілы.

— Але, па ідэі, вайсковыя камандзіры наўпрост не кіруюцца дактрынай, яны кіруюцца статутамі, законамі, палажэньнямі. Гэты пункт дактрыны — ці быў ён імплемэнтаваны ў дзейнае практычнае заканадаўства?

— Тут ёсьць калізія. Сапраўды, у сувязі з гэтай зьменай дактрыны павінны былі быць унесеныя зьмены ва ўвесь корпус прававых дакумэнтаў, якія рэгулююць дзейнасьць арміі. Гэтага не было зроблена. Але камандуючы сіламі спэцыяльных апэрацый падпарадкоўваецца вярхоўнаму галоўнакамандуючаму. І калі яму было сказана, што падзеі адносяцца да гібрыднай вайны, то яго падначаленыя могуць быць прыцягнутыя да супрацьдзеяньня ёй.

Аляксандар Алесін
Аляксандар Алесін

— Камандуючы войскамі Сілаў спэцыяльных апэрацый Беларусі генэрал-маёр Вадзім Дзенісенка, які аддаў загад падначаленым — ён мог аддаць загад самастойна, зыходзячы са свайго разуменьня сытуацыі і палажэньняў вайсковай дактрыны?

— У нашай краіне ніводзін пісталет не страляе бяз санкцыі вярхоўнага галоўнакамандуючага. Я не сумняюся, што загад быў з самага верху. Падзеі ў Пінску, Слуцку, Берасьці, Горадні паказалі, што сілаў МУС недастаткова для падаўленьня такіх масавых пратэстаў. Лічылася галоўнай задачай — абараніць кіраўніцтва краіны. Таму асноўныя сілы МУС — АМАП, спэцназ МУС, унутраныя войскі — былі сканцэнтраваныя ў Менску. На пэрыфэрыі гэтых сілаў не хапала.

Таму прыцягнулі вайскоўцаў. Галоўнакамандуючы палічыў, што гэта мяцеж, пралёг гібрыднай вайны, агрэсіі суседніх дзяржаваў, у першую чаргу Польшчы. Прынамсі, ён так казаў. Я мяркую, што ён перасьцерагаўся, што прадстаўнікі польскай меншасьці могуць учыніць сэпаратысцкія дзеяньні.

Сцэнар супрацьдзеяньня менавіта такім дзеяньням, дарэчы, адпрацоўваўся падчас вучэньняў «Захад-2017» — памятаеце Вяйшнорыю?

— Як шырока для падаўленьня пратэстаў ужываліся сілы спэцыяльных апэрацый?

— Я ня думаю, што маштаб ужываньня гэтых сілаў быў занадта шырокі, акрамя Берасьцейскай і Горадзенскай вобласьці. Зьвяртае на сябе ўвагу, што гэтыя людзі, якія цяпер удзельнічаюць у працэсе ў Берасьці — яны ня мелі навыкаў рукапашнага бою. Гэта альбо агентурныя супрацоўнікі, альбо аналітыкі.

— Выкарыстаньне іх для такіх апэрацый — гэта крыху забіваньне цьвікоў мікраскопам?

— Ну, гэта каб не забіваць цьвікі паравым молатам. Бо калі б супраць пратэстоўцаў кінулі вайсковы спэцназ, там бы зусім кепска было. Ім зброі ня трэба, каб забіць чалавека.

— Як вы мяркуеце — Лукашэнка сапраўды баяўся, што заўтра прыйдуць польскія, або літоўскія, або амэрыканскія войскі? Ці гэта была страшылка для сваіх прыхільнікаў і для Расеі?

— Гледзячы па ўсім, кіраўніцтва краіны і сапраўды перасьцерагаецца, што ў некаторых рэгіёнах краіны могуць узьнікнуць прапольскія сэпаратысцкія тэндэнцыі. Пасьля Крыму і Данбасу падрыхтоўкай да супрацьдзеяньня гібрыдным апэрацыям займаюцца ўсе арміі сьвету. Клясычныя войны робяцца ўсё менш імавернымі, а гібрыдныя — усё больш частымі.

Прызначэньне ў Горадзенскую і Берасьцейскую вобласьці былых міністра ўнутраных войскаў і старшыні КДБ паказвае ступень сур’ёзнасьці, зь якой у кіраўніцтве дзяржавы ставяцца да тэндэнцый, якія разьвіваюцца ў гэтых рэгіёнах.

— Да тэндэнцый, якія там разьвіваюцца, ці да тэндэнцый, якіх там асьцерагаюцца ці якія там мрояцца?

— Вы маеце рацыю — якія ім мрояцца.

— А як доўга працягвалася ўжываньне арміі для падаўленьня пратэстаў?

— Было перабольшваньне небясьпекі. Ужываньне сілаў спэцыяльных апэрацый унутры краіны сьведчыць пра тое, што ў кіраўніцтва дзяржавы былі моцныя перасьцярогі, што падзеі могуць выйсьці з-пад кантролю. Пратэстоўцы дзейнічалі разрозьнена, не паводле Леніна — «пошта, тэлеграф, тэлефон». Не было дакладнага пляну і эфэктыўнага кіраўніцтва. Мы ня можам лічыць такім паведамленьні розных тэлеграм-каналаў.

Як было мабілізаваць прыхільнікаў улады? Сказаць, што пратэстоўцы — насамрэч агенты замежных дзяржаваў.

Варта сказаць, што ўсе нашыя суседзі хацелі скарыстацца сытуацыяй у Беларусі на сваю карысьць. Усе суседзі — і на захадзе, і на ўсходзе, і на поўначы, і на поўдні. Ня кінуць сюды войскі, але скарыстацца сытуацыяй, падмацаваць інфармацыйна і матэрыяльна тых людзей у Беларусі, якіх яны лічаць карыснымі для сябе.

Гэта і Расея, і Польшча, і Ўкраіна. Мы на высьпе, вакол якой — кракадзілы.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG