Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Паступаюць пагрозы на мабільны нумар». Вайскоўцы са «справы Шутава» патрабуюць закрыць працэс


Раман Гаўрылаў (зьлева) і Арсень Галіцын у судзе 16 лютага. Фота: Белсат/belsat.eu

Аб гэтым пацярпелыя Гаўрылаў і Галіцын заявілі на другі дзень працэсу. Яны сьцьвярджаюць, што турбуюцца аб уласнай бясьпецы.

Суд у справе Аляксандра Кардзюкова і Генадзя Шутава пачаўся ў Берасьці ў аўторак 16 лютага. На ім у якасьці пацярпелых знаходзяцца вайскоўцы мар’інагорскага спэцназу (вайсковая частка № 89417) Раман Гаўрылаў і Арсеній Галіцын.

У працэсе былі агучаныя некаторыя іх дадзеныя, а таксама імёны і месца службы. Высьветлілася, што менавіта Раман Гаўрылаў стрэліў у Генадзя Шутава і забіў яго.

Закрыць працэс пацярпелыя спрабавалі яшчэ да пачатку слуханьняў. Яны падыходзілі да сакратара і патрабавалі пусьціць у залю толькі «правільных людзей». У выніку іх просьба не была задаволеная, у залю трапілі журналісты і родныя ды сябры абвінавачаных Шутава і Кардзюкова.

«Хачу заявіць хадайніцтва аб вядзеньні закрытага судовага паседжаньня ў сувязі зь неабходнасьцю гарантаваньня бясьпекі пацярпелых, — заявіў судзьдзі Арсеній Галіцын адразу на пачатку паседжаньня. — Нам паступаюць пагрозы на мабільныя тэлефоны зь невядомых нумароў. «Як жывецца тваім бацькам, як ім сьпіцца? Добра? Цябе знойдуць, мы цябе прыкончым», — працытаваў Галіцын паведамленьні са свайго тэлефона.

Ён таксама паведаміў, што пагрозы пачалі прыходзіць яму адразу пасьля завяршэньня першага дня паседжаньня. Другі пацярпелы, Раман Гаўрылаў, таксама расказаў пра пагрозы ў свой адрас і папрасіў закрыць суд.

Аляксандар Кардзюкоў у судзе 16 лютага
Аляксандар Кардзюкоў у судзе 16 лютага

Хадайніцтва пацярпелых падтрымаў пракурор Генадзь Буры, супраць выступіў абвінавачаны Кардзюкоў і дачка абвінавачанага Генадзя Шутава Анастасія. Судзьдзя Сьвятлана Крэмянеўская пасьля кароткай нарады ў хадайніцтве адмовіла, суд працягваецца ў адкрытым рэжыме.

Ахвяры беларускіх пратэстаў. Што важна ведаць

Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)
Аляксандар Тарайкоўскі, Аляксандар Віхор, Генадзь Шутаў і Раман Бандарэнка (зьлева направа)

За ўвесь час пратэстаў пры розных абставінах загінулі сама меней 4 чалавекі. Пры гэтым улады і кіраўніцтва МУС ні разу не прызналі, што людзі загінулі ад рук сілавікоў. Гэтыя людзі на сёньня лічацца ахвярамі пратэстаў:

  • Аляксандар Тарайкоўскі, 34 гады, Менск, застрэлены сілавікамі на вуліцы Прытыцкага;
  • Аляксандар Віхор, 25 гадоў, Гомель, памёр пасьля зьбіцьця ў міліцыі;
  • Генадзь Шутаў, 43 гады, Берасьце, застрэлены сілавіком;
  • Раман Бандарэнка, 31 год, Менск, пабіты да непрытомнасьці, памёр у шпіталі.

Таксама дагэтуль невядомыя абставіны сьмерці яшчэ некалькіх чалавек. Іх сваякі і сябры лічаць, што яны маглі быць забітыя падчас пратэстаў.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG