Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі сапраўды мужык, ня будзь пасьмешышчам». Воіны-аўганцы пытаюцца, за што Азаронку далі мэдаль «За адвагу»


Уладальнік баявога мэдаля Рыгор Азаронак
Уладальнік баявога мэдаля Рыгор Азаронак

У шэрагу краін былога СССР адзначаюць дзень вываду савецкіх войскаў з Аўганістану: 15 лютага 1989-га загарнулася апошняя старонка 10-гадовай вайны.

«Абмежаваны кантынгент» пачалі выводзіць увесну 1988-га на падставе Жэнэўскага пагадненьня аб палітычным урэгуляваньні сытуацыі ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Аўганістан. Апошняя калёна перасекла мяжу 15 лютага наступнага году: гэты дзень лічыцца афіцыйным завяршэньнем «інтэрнацыянальнай місіі».

Да 1982 году ўключна служба ў экстрэмальных умовах ніяк не афішавалася і не адзначалася — першыя ўзнагародныя лісты зьявіліся толькі на фоне шматлікіх забітых і параненых.

Масква доўгі час адмаўляла прысутнасьць у Аўганістане
Масква доўгі час адмаўляла прысутнасьць у Аўганістане

Але і па сёньня многія тагачасныя салдаты незаслужана абдзелены ўвагай, перакананыя ўдзельнікі той вайны. У зьвязку з гэтым паўстаў ліст воінаў-«аўганцаў» супраць «бяздумнай раздачы» баявых узнагарод тым, хто іх не заслужыў.

Які подзьвіг зрабіў малады прапагандыст

Месяц таму Аляксандар Лукашэнка падпісаў указ аб узнагароджаньні работнікаў дзяржаўных СМІ «за прафэсіяналізм і асабісты ўнёсак у разьвіцьцё інфармацыйнай палітыкі». Сярод ляўрэатаў — карэспандэнт тэлеканалу «Сталічная тэлевізія», прадстаўнік прапагандысцкай дынастыі 26-гадовы Рыгор Азаронак (ягоны бацька Юры Азаронак актыўнічаў у 1990-х). Ён атрымаў мэдаль «За адвагу». Ад заснаваньня ў 1995 годзе да яе агулам прадставілі крыху больш за 100 чалавек.

Пачатак вываду савецкіх войскаў
Пачатак вываду савецкіх войскаў

Былыя ўдзельнікі аўганскай кампаніі задаліся пытаньнем: хто рыхтаваў дакумэнты на прадстаўленьне да баявой узнагароды праўладнага журналіста?

У законе «Аб дзяржаўных узнагародах» прама гаворыцца: мэдалём «За адвагу» адзначаюцца вайскоўцы, асобы начальніцкага і шараговага складу органаў унутраных спраў, Сьледчага камітэту, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз, падразьдзяленьняў у надзвычайных сытуацыях ды іншыя грамадзяне за асабістую мужнасьць і адвагу, праяўленыя ў баявой абстаноўцы пры абароне Айчыны і яе дзяржаўных інтарэсаў, а таксама пры выкананьні воінскага, службовага або грамадзянскага абавязку, ахове канстытуцыйных правоў.

Барыс Дубоўскі ў Кандагары, 1981 год
Барыс Дубоўскі ў Кандагары, 1981 год

Адкрыты ліст да ўладаў ініцыяваў намесьнік старшыні Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане, капітан запасу, інвалід II групы Барыс Дубоўскі. Цягам 1981-1982 гадоў служыў у Кандагары на пасадзе старшага сяржанта — намесьніка камандзіра ўзводу. Пад зваротам у прэзыдэнцкую адміністрацыю, Палату прадстаўнікоў, Савет Міністраў, Беларускі саюз вэтэранаў вайны ў Аўганістане і ў газэту «СБ. Беларусь сегодня» падпісаліся некалькі дзясяткаў вэтэранаў.

«Лягічна пацікавіцца: які подзьвіг зьдзейсьніў Азаронак? Чым так вызначыўся прапагандыст, што нават абышоў калегаў па амплюа Андрэя Мукавозчыка зь „Беларусь сегодня“ ці Валерыя Шульгу з прэзыдэнцкай прэс-службы, якія напрацавалі ўсяго на мэдаль „За працоўныя заслугі“? Няўжо баявая па сутнасьці ўзнагарода дэвальваваная настолькі, што цяпер яе ўладальнікам можа стаць хто заўгодна? Пры тым, што тысячы фізычна і маральна зьнявечаных удзельнікаў аўганскай кампаніі так і засталіся ізгоямі — без прызнаньня, годнай дапамогі і разуменьня з боку ўлады», — гаворыцца ў лісьце.

Навошта закон аб дзяржаўных узнагародах

Беларусам мэдаль «За адвагу» перайшла ў спадчыну з савецкай сыстэмы. Найперш ёю ўзнагароджвалі за асабістую адвагу, праяўленую ў баі. Так, у час Другой сусьветнай вайны такім мэдалём у СССР уганаравалі 4,5 мільёна чалавек. Пазьней за выключныя якасьці адзначаліся і ўдзельнікі аўганскай кампаніі, хоць першыя гады вышэйшае кіраўніцтва і рабіла выгляд, што савецкага кантынгенту там няма.

Граматы і падзякі Барысу Дубоўскаму за службу
Граматы і падзякі Барысу Дубоўскаму за службу

Барыс Дубоўскі, як і дзясяткі тысяч ягоных паплечнікаў, такога мэдаля на сваім пінжаку ня мае, хоць цягам усёй ваеннай камандзіроўкі жыцьцём рызыкаваў штодня.

«Ужо не кажу пра вэтэранаў Айчыннай вайны, для якіх сам факт пастаноўкі на адны шалі „адважнага Грышы“ параўнальны з поўным абясцэньваньнем іх подзьвігу, наўпрост б’е па іміджы. Калі самаплёцтва ў „скрыні“ ёсьць „абаронай канстытуцыйных правоў“, варта задумацца аб цане „адвагі“ ў сучаснай Беларусі. Бяда пракацілася, выцягваў людзей з-пад руін? Нібыта не. Паназіраў з-за сьпінаў сілавікоў, як лупцуюць суайчыньнікаў? Таксама на подзьвіг не цягне. Таму ўзнагарода, якая знайшла такога „героя“, ня проста прафанацыя, а апаганьваньне памяці мільёнаў мужных людзей, якія аддалі свае жыцьці дзеля будучыні падобных гора-мэдалістаў».

Чарнавы варыянт ліста ў дзяржаўныя органы
Чарнавы варыянт ліста ў дзяржаўныя органы

Калі Азаронак-малодшы «сапраўды пазыцыянуе сябе мужыком», які зрабіў нешта звышнатуральнае, найлепшае, што ён можа зрабіць, — гэта адмовіцца ад мэдаля «За адвагу» і пэрспэктывы ўвайсьці ў гісторыю «пасьмешышчам», лічыць Барыс Дубоўскі.

Каб пазьбегнуць прыкрых нестыковак у будучыні, вэтэраны аўганскай вайны патрабуюць ад дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў дапрацаваць закон «Аб дзяржаўных узнагародах» і выключыць розначытаньні ў трактоўцы таго, хто і за якія заслугі варты такой высокай адзнакі.

Пра крокі ў гэтым кірунку Барыс Дубоўскі просіць трымаць у курсе кіраўніцтва Беларускага саюзу вэтэранаў вайны ў Аўганістане.

«Засада» за міліцэйскім аўтазакам

«Аўтографа» Алега Ляшэнкі няма сярод падпісантаў ліста да ўладных структураў. Удакладняе, што выключна з тэхнічных прычынаў: бязвылазна жыве ў Альхоўцах пад Ляхавічамі, лёсам інваліда-ардэнаносца даўно ніхто не цікавіцца. Але кажа, што каб была магчымасьць, абавязкова падпісаўся б.

Алег Ляшэнка пасьля «інтэрнацыянальнай місіі»
Алег Ляшэнка пасьля «інтэрнацыянальнай місіі»

З Аўганістану «інтэрнацыяналіста» вярнулі літаральна ў «разабраным стане» — 9 сакавіка 1983 году экіпаж ягонай БМД падарваўся на фугасе. Зь сямі чалавек пяцёх парвала на шматкі. Яго спачатку таксама паклалі да «двухсотых» (забітых), але пасьля мэдык цудам намацаў пульс. Каб ня дасьведчанасьць спэцыяліста, памёр бы ад страты крыві.

Адна рука прастрэленая, на другой целяпаюцца пальцы; нага пераламаная; галава раструшчаная на дзьве паловы; вочны яблык вырваны, у целе асколкі, пералічвае Алег Ляшэнка. Спачатку рэанімацыя кабульскага шпіталя: выбралі чарапныя косьці, каб не пашкодзілі мозг, склалі раздробленую руку, умацавалі нагу. Потым Ташкент, а ўжо адтуль санітарным самалётам праз Арэнбург і Маскву даставілі ў Менск.

«Інтэрнацыяналісты» Алег Ляшэнка і Юры Нікіцін на магіле памерлага «аўганца»
«Інтэрнацыяналісты» Алег Ляшэнка і Юры Нікіцін на магіле памерлага «аўганца»

У шпіталях ён прабыў нашмат даўжэй, чым ваяваў. За тры гады перанёс два дзясяткі апэрацый. Толькі ў канцы лекавага маратону Алега Ляшэнку дагнала навіна аб прысваеньні ордэна баявога Чырвонага Сьцяга (вышэй ужо Зорка Героя).

За аўганскую кампанію ў Беларусі ўсяго два шарагоўцы сталі яго кавалерамі, з жывых застаўся толькі ён. Пры гэтым «За адвагу» не адзначаны. І тое, што баявы мэдаль красуецца на грудзях Рыгора Азаронка, яго абурае.

«Калі гаворка пра цывільных, дык узнагароджваць хіба за ўчынкі, зьвязаныя з уратаваньнем іншых людзей. А як просты прапагандыст — дык дастаткова граматы за рубель, можна нават на ксэраксе. Фізычна не магу паставіць подпіс з асуджэньнем рашэньня, а так, несумненна, падпісаўся б. Ня справа гэта, раздаваць налева-направа баявыя ўзнагароды. Ёсьць іншыя, якімі можна адзначыць за „творчы імпэт“. Камандзіраваных у Аўганістан партыйцаў, камсамольцаў прыстаўлялі да ордэну Працоўнага Сьцяга. Ну дык яны хоць умоўна вайну бачылі, а тут — прафанацыя», — кажа Алег Ляшэнка.

Подпісы салідарных «аўганцаў»
Подпісы салідарных «аўганцаў»

Суразмоўца не выключае, што такім чынам у асобе Азаронка улады адзначылі «калектыўнага прапагандыста», якія шчыравалі на фоне пасьлявыбарных баталіяў.

«Такі мэдаль трэба заслужыць, каб ні ў кога не было і кроплі сумневу. У Аўгане можна было аўтаматам даваць „За адвагу“ тым, хто сядзеў у засадах, хадзіў на леднікі ці пад перакрыжаваным агнём дастаўляў грузы. Экстрэмальная сытуацыя, зь якой ня ведаеш, ці выйдзеш наогул. Але праз дурную квоту на ўзнагароды людзей проста кінулі. Маўляў, застаўся цэлы, і добра. Ці, як варыянт, паслаць сваякам ордэн пасьмяротна. Ну а цяпер? У якой засадзе ён сядзеў? За аўтазакам? Выглядае на гэткі „стаханаўскі пыл“: уся брыгада пацела, а перадавіку запісалі пяць нормаў. Нават у гэтым ня могуць зрабіць так, каб не выглядала па-ідыёцку».

Выкарысталі і кінулі на самавыжываньне

«Аўганцы» не ўпершыню крытыкуюць улады за пасьпешлівыя рашэньні, якія выклікаюць неразуменьне ў грамадзтве. Да 20-й гадавіны вываду савецкіх войскаў той жа Барыс Дубоўскі выступіў з адкрытым лістом у адрас Аляксандра Лукашэнкі, заявіўшы, што адмаўляецца ад юбілейнага мэдаля з нагоды падзеі. Дэмарш падтрымалі блізу двух дзясяткаў чалавек.

«Аўганскі іканастас» Барыса Дубоўскага
«Аўганскі іканастас» Барыса Дубоўскага

Вэтэранаў абурыла, што дзяржава фактычна адправіла на самавыжываньне цэлую ўразьлівую групу. Без аніякіх папярэдніх кансультацый адмовілі ў статусе ўдзельнікаў баявых дзеяньняў у вайне, у якую тагачасных маладых людзей кінулі без шкадаваньня.

«Я не магу прыняць ад дзяржавы мэдаль «20 гадоў вываду савецкіх войскаў з Аўганістану». Мне сорамна за зьнявагу ўдоў і маці загінулых, за абразу баявых таварышаў, многія зь якіх пакутуюць ад наступстваў раненьняў, атрыманых на вайне. Я падтрымліваю сяброў-вэтэранаў з розных рэгіёнаў нашай краіны, якія таксама адмовіліся атрымліваць узнагароду аж да ўнясеньня зьменаў у закон «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах удзельнікам вайны і іншым катэгорыям грамадзян», — напісаў Барыс Дубоўскі больш за 10 гадоў таму, але і па сёньня ў гэтым кірунку нічога ня зроблена.

Аўганская інсталяцыя арт-дызайнэра Сяргея Шылы
Аўганская інсталяцыя арт-дызайнэра Сяргея Шылы

Былыя вайскоўцы настойваюць на неправамернасьці прынятага ў 2007 годзе ўрадавага рашэньня аб скасаваньні дзяржаўных ільготаў, паколькі парушанае ратыфікаванае пагадненьне краін СНД «Аб узаемным прызнаньні гарантый для ўдзельнікаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, удзельнікаў баявых дзеяньняў на тэрыторыі іншых дзяржаў, сем’яў загінулых вайскоўцаў».

У выніку аднабаковага рашэньня беларускага боку былі пазбаўленыя льготаў блізкія сваякі загінулых у Аўганістане, а таксама непасрэдныя ўдзельнікі той кампаніі, многія зь якіх цярпяць ад хранічных захворваньняў і дачасна паміраюць.

Тэма вайны ў творчасьці Сяргея Шылы
Тэма вайны ў творчасьці Сяргея Шылы

«Лукашэнка шмат гадоў прамаўляе, што эканоміка Беларусі пры ім „стабільная“. Я, многія мае калегі па службе, дый большасьць беларускага народу ў корані з гэтым ня згодныя. У краінах, дзе эканоміка сапраўды моцная, іх лідэры не замахваюцца на сацыяльныя льготы і гарантыі ўласных грамадзянаў, асабліва маламаёмасных. Бо гэтымі ж неправамернымі рашэньнямі, акрамя нас, палёгкі пазбаўленыя і іншыя пласты: ліквідатары-чарнобыльцы, вязьні канцлягераў, пэнсіянэры. Таму давер народу да ўлады, якая адмяняе вызначаныя законам гарантыі, безнадзейна падарваны», — падсумоўвае Барыс Дубоўскі.

Зыходзячы з уласнага досьведу, ён адзначае, што ва ўмовах 50-градуснай гарачыні, няякаснай вады і антысанітарыі 80% салдат, сяржантаў і афіцэраў з агульнага кантынгенту савецкіх войскаў у Аўганістане цяжка перахварэлі, а многія неаднаразова. Перадусім на гепатыт, брушны тыф, малярыю ды іншыя хваробы, якія ў выніку ўскладненьняў забралі мноства жыцьцяў неўзабаве пасьля дэмабілізацыі.

Вайсковыя пахаваньні на Чыжоўскіх могілках у Менску
Вайсковыя пахаваньні на Чыжоўскіх могілках у Менску

Гэтыя ахвяры не адзначаныя сьмяротнай статыстыкай. Але і сярод жывых здаровых практычна не засталося — як у фізычным пляне, так і псыхалягічным.

Ахвяры экспансіі савецкага ладу

Грамадзянскае супрацьстаяньне ў Аўганістане пачалося ў 1978 годзе, калі Народна-дэмакратычная партыя скінула аўтарытарную дыктатуру, а ісламская апазыцыя пачала супраціўляцца рэформам. На просьбу прасавецкага кіраўніцтва ў канцы 1979-га бакі таемна дамовіліся пра збройную дапамогу дзеля ўсталяваньня сацыялістычнага ладу.

Напамін пра аўганскую кампанію ў Ляхавічах
Напамін пра аўганскую кампанію ў Ляхавічах

Агулам за ўсю кампанію праз Аўганістан прайшлі больш за паўмільёна салдат і цывільных з усіх былых саюзных рэспублік. Забітыя і памерлі ад хвароб 13 833 чалавекі, паранена блізу 50 тысяч. Інвалідамі сталі каля 7 тысяч, яшчэ тры сотні прапалі бязь вестак.

Зьвесткі пра колькасьць беларускіх ахвяраў разыходзяцца: ад 711 да 789 з больш як 30 тысяч мабілізаваных (хібнасьць даюць тыя, хто памёр неўзабаве пасьля дэмабілізацыі). Блізу 1500 атрымалі раненьні, больш за палову з параненых вярнуліся інвалідамі.​ Яшчэ 12 прозьвішчаў значацца сярод зьніклых і ўзятых у палон — ня толькі вайскоўцы, а і цывільныя.

Надпіс на магіле загінулага салдата
Надпіс на магіле загінулага салдата

Нягледзячы на тое, што «варожыя галасы» адразу паведамілі пра савецкую інтэрвэнцыю, а ў Саюз патокам пайшоў «груз 200», першыя гады Масква старалася ўтойваць вайсковую прысутнасьць у Аўганістане. На афіцыйным узроўні актыўнасьць у рэгіёне падавалася як «прыгранічны канфлікт», камандзіраваным афіцэрам і дэмабілізаваным салдатам забаранялася выдаваць дзяржаўную тайну.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG