Арыштаванага ў Крыме пазаштатнага карэспандэнта Радыё Свабода маглі катаваць токам

Уладзіслаў Есіпенка

Арыштаванага ў анэксаваным Расеяй Крыме пазаштатнага карэспандэнта рэдакцыі «Крым.Реалии» Ўладзіслава Есіпенку супрацоўнікі ФСБ Расеі два дні катавалі электрычнасьцю, каб атрымаць прызнаньне ў злачынстве.

Пра гэта напісаў на сваёй старонцы ў фэйсбуку галоўны рэдактар выданьня «Ґрати» (Краты) Антон Наўмлюк.

«Надзявалі на галаву нешта, падключалі ток і паступова павялічвалі, калі ён прызвычайваўся. Такім чынам у яго атрымалі першыя прызнальныя паказаньні, якія потым яшчэ і запісалі ў інтэрвію на «Крым24», — расказаў журналіст.

Паводле яго, інфармацыя аб катаваньнях Есіпенкі стала вядомая ад крыніцы ў СІЗА, якая размаўляла з арыштаваным журналістам.

Пасьля публікацыі гэтых паказаньняў Есіпенка адмовіўся адказваць на пытаньні сьледзтва, спасылаючыся на 51 артыкул Канстытуцыі Расеі, якая дазваляе ня сьведчыць супраць сябе і блізкіх. Па словах затрыманага, зараз на яго аказваюць толькі псыхалягічны ціск, паведамляюць «Ґрати».

«Крым.Реалии» не валодаюць пацьвярджэньнем гэтай інфармацыі зь іншых крыніцаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Іркуцку праз скаргі на катаваньні звольнілі начальніка СІЗА-1

Уладзіслаў Есіпенка быў затрыманы 10 сакавіка расейскімі спэцслужбамі на трасе Сімфэропаль — Алушта і абвінавачаны ў незаконным вырабе выбуховых прыстасаваньняў. ФСБ сьцьвярджае, што Есіпенка займаўся зборам матэрыялаў у інтарэсах спэцслужбаў Украіны, у прыватнасьці, фота- і відэаздымкай аб’ектаў масавага знаходжаньня людзей на тэрыторыі Крыма. Па прадʼяўленым артыкуле журналісту пагражае да шасьці гадоў пазбаўленьня волі.

Арышт Есіпенкі асудзіў прэзыдэнт Радыё Свабодная Эўропа / Радыё Свабода Джэймі Флай. «Есіпенку варта неадкладна вызваліць, каб ён мог узьяднацца са сваёй сямʼёй», — заявіў Флай.

Украінскія праваабаронцы апублікавалі сумесную заяву, у якой запатрабавалі ад расейскіх уладаў вызваліць Есіпенку, а Ўкраіну і міжнародная супольнасьць заклікалі ўзмацніць ціск на Расею за перасьледу на анэксаваным паўвостраве.

Рашучы пратэст выказала Міністэрства замежных справаў Украіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Чачэніі затрымалі сваякоў былога паліцыянта, які расказаў пра масавыя пакараньні сьмерцю
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Новая газета» апублікавала доказы пазасудовых пакараньняў сьмерцю ў Чачні