Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна распрацавала стратэгію дэакупацыі Крыму


Расейскія бронетранспарцёры на дарозе каля Сымфэропалю. Архіўнае фота

Ва Украіне прынялі «першы фундамэнтальны дакумэнт» — «Стратэгію дэакупацыі і рэінтэграцыі часова акупаванай тэрыторыі Аўтаномнай рэспублікі Крым і гораду Севастопаль».

Пра гэта паведаміў сакратар Рады нацыянальнай бясьпекі і абароны Украіны Аляксей Данілаў.

«Гэта першы фундамэнтальны дакумэнт з часоў акупацыі Крымскага паўвострава Расейскай Фэдэрацыяй, які дае выразны паказальнік, якім чынам мы будзем рухацца ў пытаньнях дэакупацыі Крыму», — заявіў Данілаў.

Тэкст стратэгіі пакуль ня быў абнародаваны.

На думку Данілава, «разбурэньне ўсёй сыстэмы нашай бясьпекі» пачалося не ў 2014 годзе, а значна раней.

«Ланцужок здрад пачаўся не ў 2014-м годзе, а ў 2010-м. Без падтрымкі народных дэпутатаў, якія сваім галасаваньнем ратыфікавалі «Харкаўскія пагадненьні», фактычна адкрыўшы дзьверы вайсковаму ўварваньню, не маглі б адбыцца спроба анэксіі Крыму і часовая акупацыя асобных раёнаў Данецкай і Луганскай абласьцей «, — адзначыў ён.

За «Харкаўскія пагадненьні», падкрэсьліў Данілаў, павінна наступіць ня толькі палітычная, але і крымінальная адказнасьць.

Так званыя «Харкаўскія пагадненьні» паміж Украінай і Расеяй былі падпісаныя ў красавіку 2010 году. На міждзяржаўным узроўні яны забясьпечылі падоўжаньне знаходжаньня Чарнаморскага флёту Расеі ў Крыме з 2017 году на 25 гадоў, а таксама зьніжэньне цаны на расейскі газ для ўкраінскіх спажыўцоў. Пагадненьні былі падпісаныя прэзыдэнтамі Віктарам Януковічам і Дзьмітрыем Мядзьведзевым і ратыфікаваныя парлямэнтамі абедзьвюх краін 27 красавіку 2010 году.

Камэнтаваць тут можна праз Facebook. Нам таксама можна напісаць на адрас radiosvaboda@gmail.com

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Дар'я Чульцова Марына Золатава Ягор Марціновіч
XS
SM
MD
LG