Манахі ў М'янме выступілі супраць хунты

Пасьля сутыкненьняў паміж пратэстоўцамі і паліцыяй.

Самае вялікае аб’яднаньне будыйскіх манахаў Мʼянмы заклікала хунту спыніць гвалт супраць пратэстоўцаў і абвінаваціла «ўзброеную меншасьць» у катаваньнях і забойствах нявінных цывільных людзей пасьля дзяржаўнага перавароту.

Як паведамляе Reuters, у сваёй заяве абʼяднаньне, створанае ўладамі, выказала намер спыніць дзейнасьць у знак пратэсту.

Дзяржаўны камітэт Сангха Маха Наяка плянаваў апублікаваць заключную заяву пасьля кансультацыяў з міністрам рэлігійных спраў у чацьвер, паведамляе партал навінаў Мʼянмы са спасылкай на манаха, які прысутнічаў на пасяджэньні камітэту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя зноў страляла ў пратэстоўцаў у М’янме, ёсьць забітыя

Манахі маюць доўгую гісторыю актыўнасьці ў Мʼянме і былі ў авангардзе «рэвалюцыі шафрану» супраць вайсковага кіраваньня ў 2007 годзе. Гэтае паўстаньне, хаця і было здушана, але паспрыяла пачатку дэмакратычных рэформаў.

Пазыцыя камітэту, як паведамляецца, будзе сыгналам да значнага разрыву паміж уладамі і групай, якая звычайна цесна супрацоўнічае з урадам.

Папа Рымскі Францішак таксама заклікаў спыніць кровапраліцьце, сказаўшы: «Нават я стаю на каленях на вуліцах Мʼянмы і кажу: «Спыніце гвалт!».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Паліцыя зноў страляла ў пратэстоўцаў у М’янме, ёсьць забітыя

У Мʼянме адбыліся масавыя выступы з таго часу, як 1 лютага вайскоўцы адхілілі ад улады Аун Сан Су Чы, затрымаўшы яе і членаў яе партыі.

Больш за 180 пратэстоўцаў загінулі, калі сілы бясьпекі спрабавалі здушыць хвалю дэманстрацый, заяўляе актывістка Асацыяцыі дапамогі палітвязьням.

СМІ паведамляюць, што ўлады прымусілі некаторых жыхароў Янгону разабраць барыкады і пагражалі адкрыць агонь у мікрараёнах, дзе барыкады не разабраныя.

Два пратэстоўцы былі забітыя ў цэнтральным горадзе Кале, паведамляе ВВС. Жыхары другога па велічыні ў краіне гораду Мандалай і цэнтральнага гораду Моніва таксама паведамілі пра пратэсты.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хунта ў М’янме ўвяла ваеннае становішча ў двух раёнах найбуйнейшага гораду краіны

Поўнае адключэньне мабільнага Інтэрнэту ўскладніла пратэстуючым сувязь і праверку інфармацыі. Вельмі мала людзей у Мʼянме маюць доступ да Wi-Fi.

«Мы выкарыстоўваем партызанскую сыстэму пратэсту. Мы просім людзей разысьціся, калі прыйдуць сілы бясьпекі», — сказала Reuters сябра жаночай групы пратэсту Чыт Чыт Уін.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У турме памёр ужо другі паплечнік арыштаванага лідэра М'янмы

Група сьледчых ААН зьвярнулася да людзей з просьбай сабраць дакумэнтальныя доказы злачынстваў, учыненых вайскоўцамі, для абвінавачваньня супраць вайсковых кіраўнікоў.

У частцы Янгону дзейнічае ваеннае становішча, і тысячы жыхароў зьбеглі з прамысловага прымесьця Хлайнгхаю, дзе ў нядзелю сілы бясьпекі забілі 40 чалавек, а фабрыкі, якія фінансуюцца Кітаем, былі падпаленыя.

Рабочыя заявілі, што спрэчка вакол аплаты працы на кітайскім заводзе ў прамысловай зоне перарасла ў гвалт пасьля таго, як уладальнік патэлефанаваў сілавікам, якія застрэлілі кіраўніцу прафсаюзу, а потым яшчэ як мінімум чатырох чалавек. Myanmar Now паведаміла, што загінулі шэсьць чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Прафсаюзы М’янмы заклікалі да ўсеагульнага страйку

Дзяржаўныя СМІ Кітая папярэджваюць пра дзеяньні ў выпадку далейшых нападаў на кітайскі бізнэс.

Шмат хто ў Мʼянме лічыць, што Пэкін падтрымлівае вайскоўцаў. У адрозьненьне ад заходніх дзяржаў, Кітай не асудзіў дзяржаўны пераварот і разам з Расеяй перашкодзіў Радзе бясьпекі ААН асудзіць дзеяньні вайскоўцаў.

Армія заявіла, што ўзяла ўладу пасьля абвінавачваньня ў махлярстве на выбарах 8 лістапада, на якіх перамагла партыя Аун Сан Су Чы. Вайскоўцы паабяцалі новыя выбары, але не прызначылі дату.

75-гадовая Аун Сан Су Чы была затрыманая з моманту перавароту і ёй прадʼяўлены розныя абвінавачваньні, у тым ліку незаконны ўвоз рацыяў і парушэньне правілаў падчас эпідэміі каранавірусу.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Facebook заблякаваў акаўнты вайскоўцаў у М’янме праз пераварот